wd wp Пошук:

Адвечная песня

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Адвечная песня (значэнні).

«Адвечная песня» — першая драматычная паэма Янкі Купалы, завершаная 22 жніўня 1908 года ў Бараўцах і ўпершыню выдадзеная Антонам Грыневічам у 1910 годзе ў Санкт-Пецярбургу.[1]

Апісанне

Паэма напісаная пад уплывам народна-песеннай сімволікі і кніжных крыніц.[2] Паэма складаецца з 12 частак-праяў, кожная з якіх распачынаецца і заканчваецца аўтарскай рэмаркай.[1]

Змест паэмы паглыблена-філасофскі, эпічна-сацыяльны аналіз жыццёвага лёсу Мужыка, які выступае як галоўны герой паэмы, трагізму яго існавання ў тагачасным грамадстве. Прынцып напісання паэмы — рэалістычна-сімвалічны паказ чалавека як сацыяльнае істоты. Гэта твор пра спрадвечнае гора Мужыка, пра яго нялёгкую працу, сацыяльныя крыўды, жыццёвыя пакуты, якія з пакалення ў пакаленне заставаліся яму наканаванымі. Пафас паэмы — у балючай рэакцыі паэта на гістарычную несправядлівасць, у асуджэнні сіл, варожых працоўнаму чалавеку.[1]

На працягу паэмы аўтар раскрывае жыццё Мужыка ад калыскі да труны. Паэма — твор высокага трагедыйнага гучання. Чорныя сілы, што злятаюцца над толькі што народжаным Мужыком, прарочаць яму трагедыю. Гэтае прароцтва спачатку як бы забываецца, але, як толькі жыццёвыя ілюзіі галоўнага героя развейваюцца, фарбы, тон і сімволіка ў паэме змрачнеюць. Кульмінацыя дзеяння ў паэме двойчы трагічная, бо Мужык двойчы сыходзіць у магілу — і рэальна і сваім ценем.[1]

Паэма напісаная песенна-народным складам верша. Кожная карціна-праява мае сваю танальнасць, вызначаецца адметным рытміка—інтанацыйным комплексам і вобразнасцю. Большасць праяваў статычныя, за выключэннем 11-й і 12-й, дзе гаворка ідзе пра гібель Мужыка і ўзнікненне яго ценю на могілках.[1]

Крытыка

Максім Горкі ў 1910 годзе ў лісце да А. Чарэмнага пісаў, што «Адвечную песню» варта было б перакласці на рускую мову. Даследчык творчасці Купалы І. Навуменка лічыў, што купалаўскі гуманізм знайшоў у паэме трагедыйнае ўвасабленне. У 1920-я гады паэму даследавалі Ц. Гартны, І. Замоцін, у пасляваенны час — М. Арочка, Р. Бярозкін, М. Грынчык, М. Лазарук, А. Лойка, М. Ярош і інш.[1]

Польскі крытык С.Руднянскі адзначаў:

Панурай і безнадзейнай можа здавацца канцоўка паэмы, аднак тут укладзена спадзяванне на лепшы дзень, і грамадскае пачуццё выступае ў паэме як сіла, якую не можа перамагчы нават смерць, а пытанне «што зроблена для мужыка, што зроблена для ўздыму людской годнасці, абуджэння жыццёвай энергіі чалавека?» пакідае незабыўны след у свядомасці і накіроўвае думку ў адпаведным кірунку.[3]

Пераклады, сцэнічныя і мастацкія ўвасабленні

На рускую мову паэму пераклаў М. Ісакоўскі, на ўкраінскую — Т. Масэнка, на балгарскую — Х. Папоў. Упершыню паэма інсцэніраваная ў 1921 годзе ў Першым беларускім дзяржаўным тэатры. У 1976 годзе Уладзімір Мулявін стварыў паводле паэмы оперу—прытчу «Песня пра долю», якую потым экспрэсіўна і каларытна выканаў ансамбль «Песняры».[4] Па матывах паэмы рэжысёр С. Кавальчык паставіў у 2002 годзе спектакль у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, а рэжысёр А. Ляляўскі паставіў у 2004 годзе ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек лялечны спектакль. Паэму ілюстравалі В. Александровіч, А. Волкаў, К. Елісееў, А. Кашкурэвіч, В. Мікіта, В. Шаранговіч.[1]

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Адвечная песня». — C. 28—29.
  2. Некаторыя купалазнаўцы лічаць — пад уплывам п’есы расійскага пісьменніка Л. Андрэева «Жыццё чалавека».
  3. S.Rudnianski. Nowe życie, Wilno, 1911, №35.
  4. Архіўная копія (нявызн.) (недаступная спасылка). Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Архівавана з першакрыніцы 11 сакавіка 2016. Праверана 14 снежня 2013.

Літаратура

  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Адвечная песня» / Аўтар — А.Лойка — C. 28—29.
  • Александровіч Алеся. Паэма Янкі Купалы «Адвечная песня» ў ацэнцы дарэвалюцыйнай крытыкі / Часопіс «Беларусь». — Мн., 1947, № 6.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Паэмы Янкі Купалы
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be