wd wp Пошук:

Алесь Лагвінец

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Лагвінец. Але́сь (Аляксандр Іванавіч) Лагвіне́ц (нар. 14 студзеня 1972 года, в. Дворышча, Хойніцкі раён) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, палітолаг, перакладчык, выкладчык.

Біяграфія

Паходжанне і сям’я

У 1930-я гады прадзеда, які дагэтуль узначальваў калгас, раскулачылі і выслалі са старэйшымі дзецьмі ў Котлас (Архангельская вобласць, РСФСР). Пры ўцёках адтуль прадзед захварэў і памёр. Дзед памёр у 1943, бабуля — у 1944. Бацька, які нарадзіўся ў 1939 годзе ў сям’і з васьмі дзяцей, працаваў трактарыстам, быў адным з перадавых работнікаў, звенявым па вырошчванні бульбы. Маці працавала ў школьнай сталоўцы.

Траюрадны брат Віктар Лагвінец быў бізнесменам, уваходзіў у каманду прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, сябраваў вельмі блізка з кіраўніком спраў прэзідэнта Іванам Ціцянковым. У 1999 годзе яго пасадзілі і канфіскавалі маёмасць. Праседзеўшы 6 месяцаў у турме, ён збег у Маскву.

Адукацыя і праца

У 1995 годзе з адзнакай скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Атрымаў дыплом спецыяліста ў галіне міжнародных адносін з веданнем дзвюх замежных моў (французскай і англійскай).

У 1999 атрымаў дыплом магістра паліталогіі ў Інстытуце палітычных навук Універсітэта Рабера Шумана ў Страсбуры, Францыя. З 1999 па 2004 гг. — старэйшы выкладчык паліталогіі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (ЕГУ) на франка-беларускім факультэце палітычных навукаў і еўрапейскіх даследаванняў. У 2005 скончыў Польскую дыпламатычную акадэмію. З жніўня па снежань 2005 года выкладчык-візіцёр у каледжы Саўт-Уэстэрн (Канзас, ЗША). Член Назіральнай рады Цэнтра беларускіх даследаванняў, створаным у 2008 г. пры ім жа. З 2006 па 2011 гг. — старшы выкладчык ЕГУ ў Вільні. З 2006 выкладае ў рамках Беларускага Калегіума курс «Інтэграцыйныя працэсы і інстытуцыі Еўрапейскага саюза».

Рэдактар кнігі «Беларусь і беларусы сярод суседзяў: гістарычныя стэрэатыпы і палітычныя канструкты»[1] (разам з Т. Чуліцкай), перакладчык кнігі «Бунт у імя свабоды: забыты беларускі ген?»[2] (сумесна з Веранікай Мазуркевіч).

Працаваў перакладчыкам у Еўрапарламенце.

Палітычная дзейнасць

Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Сухараўскай акрузе № 102 у 2004, 2008 і 2016 гг.

Кандыдат у дэпутаты Мінскага гарадскога савета дэпутатаў па Сухараўскай акрузе № 27 у 2007 годзе і па Сухараўскай акрузе № 30 у 2010 годзе. Пасля выбараў 2010 года звярнуўся ў пракуратуру і Мінскую гарадскую выбарчую камісію[3] з патрабаваннем пераліку галасоў і прызнання выбараў несапраўднымі.

З лютага 2007 па кастрычнік 2012 — дарадца старшыні Руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча. З 2012 па 16 кастрычніка 2016 — намеснік старшыні Руху.

Вылучаўся на пасаду старшыні Руху «За Свабоду» на справаздачна-выбарчай канферэнцыі 16 кастрычніка 2016 г. Пасля пройгрышу на выбарах адмовіўся ад прапановы заняць пасаду першага намесніка старшыні Руху.

Іншае

Лаўрэат «Прэміі Еўропы» 2007 года нямецкага фонда імя Гайнца Шварцкопфа «Маладая Еўропа»[4]. Лаўрэат прэміі імя Льва Сапегі 2012 года[5].

Валодае беларускай (родная), рускай, англійскай, польскай і французскай мовамі.

Хобі: футбол, вандроўкі на веласіпеды.

Сям’я

Жанаты другім шлюбам, мае сыноў Антося і Уладзіміра.

Зноскі

  1. Беларусь і беларусы сярод суседзяў: гістарычныя стэрэатыпы і палітычныя канструкты
  2. Бунт у імя свабоды: забыты беларускі ген?
  3. «Белорусский партизан», 29.04.2010
  4. Алесь Лагвінец стаў «Еўрапейцам года» // Generation.by, 27/11/2007
  5. У Варшаве Алесь Лагвінец атрымаў прэмію імя Льва Сапегі // Еўрарадыё, 04.04.2012

Публікацыі

  • Łahviniec, Alaksandr; Papko, Alaksandr. Unfinished Business: challenges for Belarus on its way to democracy // European View. — 2010. — В. 9. — № 2. — С. 253-262.
  • Europeanization mechanism of socialization as a means of exporting democratic values into Belarus. In: Kasekamp Andreas and Pääbo Heiko (eds) // Promoting Democratic Values in the Enlarging Europe: The Changing Role of the Baltic States from Importers to Exporters. — University of Tartu, 2006.
  • 2004 Французскія акуляры, расійскія вуткі і беларускае дзіва. — № 2.
  • Еўрапейскі вектар развіцця — падмурак нацыянальнага інтарэсу Беларусі // Online weekly review of Belarusian politics.
  • Orient ou Occident: les ambiguïtés et les incertitudes de la politique étrangère bélarussienne in Le Bélarus: L’Etat de l’exception // Sous la direction de François Dépelteau et Aurélie Lacassagne. — 2003. — С. 119-132.
  • Между Россией и ЕС либо в России или в ЕС: Будущее Беларуси в контексте расширения ЕС // Материалы международной научной конференции «50-летие Европейских сообществ и Россия: прошлое, настоящее, будущее». — Изд-во Санкт-Петербургского университета, 2002.
  • Еўрапейская інтэграцыя і лёс нацыянальнай дзяржавы // Белорусский журнал международного права и международных отношений. — 1996. — № 1.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be