Альбін Мацвеевіч Стаповіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Стаповіч. Альбін Мацвеевіч Стаповіч (Стэповіч) (польск.: Albin Stapowicz; 18 сакавіка 1894, вёска Барані, цяпер Астравецкі раён Гродзенскай вобл. — 18 снежня 1934; псеўд. Уладзімір Загорскі) — беларускі грамадска-палітычны і музычны дзеяч, публіцыст. Крыптанімы: С-іч; Стэп; Al.S.; Ал. С.; S-wіcz; А. С.; St.Al.; Ал. Ст.; С-віч[2].
Біяграфія
Брат К. Сваяка. Вучыўся ў кансерваторыі Монтвіла ў Вільні, Казанскім і Віленскім універсітэтах (1918—24). Перапыніў вучобу па прычыне матэрыяльнага становішча. Надалей выкладаў спевы і музыку ў Віленскай беларускай гімназіі. Адзін з заснавальнікаў Беларускага кааператыўнага земляробча-прамысловага банка ў Вільні, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, яго сакратар, намеснік старшыні (1930—1934), старшыня Віленскага аддзела, кіраўнік хору пры ім. 3 1926 года сакратар, у 1927—1930 гадах віцэ-старшыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД), выдавец яго органа — газеты «Беларуская крыніца». У 1928—1930 гадах пасол (дэпутат) польскага сейма, член Беларускага пасольскага клуба. У 1930 годзе намеснік старшыні Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. У 1931 годзе выйшаў з БХД. Супрацоўнічаў з Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыяй, адзін з ідэолагаў беларускіх нацыянал-сацыялістаў (пад псеўданімам Уладзімір Загорскі).
Супрацоўнічаў у выданнях «Наш шлях», «Крыніца», «Беларуская крыніца», «Родныя гоні», «Нёман», «Новы шлях», «Шлях моладзі», «Самапомач» і інш. Аўтар музыкі да вершаў Я. Купалы, М. Машары, К. Сваяка, Ф. Грышкевіча, У. Казлоўскага, А. Гурло, вершаваных перакладаў з польскай мовы, аўтар гімна Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры «Дзе чутны мовы нашай гукі».
Памяць
У снежні 1994 года ў Вільні на старажытных могілках Роса адбылося адкрыццё надмагільнага помніка Альбіну Стаповічу, прымеркаванае да 60-годдзя з дня ягонай смерці[3].
У 2004 годзе ў яго роднай вёсцы Барані адбыліся чытанні, прысвечаныя Альбіну Стаповічу, і адкрыта мемарыяльная шыльда[4].
Гл. таксама
Зноскі
- 1 2 Albin Stepowicz // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
- ↑ Стаповіч (Стэповіч) Альбін Мацвеевіч на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
- ↑ Стаповіч Альбін Мацвеевіч (1894—1934), кампазітар, беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, літаратуразнаўца і пісьменнік, малодшы брат Казіміра Сваяка Архівавана 9 ліпеня 2020.
- ↑ nashaniva.by
Літаратура
- Глагоўская А. Кар’еру пачынаў у Цеханаўцы // Спадчына. 1994. № 6.
- Глагоўская А. Стаповіч (Стэповіч) Альбін Мацвеевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15: Следавікі — Трыо. — С. 153. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15), ISBN 985-11-0035-8.
Спасылкі
Альбін Мацвеевіч Стаповіч у Вікікрыніцах | |
Альбін Мацвеевіч Стаповіч на Вікісховішчы |