wd wp Пошук:

Уладзіслаў Казлоўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Казлоўскі. Уладзіслаў Казлоўскі (29 чэрвеня 1896, в. Залессе Саколкаўскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Польшча — 13 лістапада 1943, Мінск; Псеўданімы: Казлоўшчык) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, паэт, публіцыст.

Біяграфічныя звесткі

Вучыўся ў Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі. У час вучобы (1916-19) далучыўся да беларускага нацыянальнага руху. Скончыў Віленскія беларускія настаўніцкія курсы (1919), пасля заканчэння курсаў спрабаваў арганізаваць беларускія школы на Сакольшчыне. Вярнуўшыся ў Вільню, уваходзіў у ЦК Беларускай сялянскай партыі, быў інструктарам мінскага Беларускага нацыянальнага камітэта па арганізацыі нацыянальнага і кааператыўнага жыцця ў Ігуменскім павеце. У маі 1920 Беларускай вайсковай камісіяй накіраваны ў школу падхарунжых у Варшаве, пасля заканчэння якой прызначаны інструктарам у 1-ы батальён беларускіх стральцоў, эвакуіраваны з Мінска ў Лодзь. 3 1921 служыў у польскім войску, адначасова браў удзел у беларускім нацыянальным руху. Адзін з лідараў яго правага радыкальнага крыла.

У 1930 звольніўся ў запас у званні паручніка, пераехаў у Вільню і распачаў грамадска-палітычную і літаратурную дзейнасць. У 1930-х актыўна працаваў у Вільні ў беларускіх нацыянальных арганізацыях і ўстановах. Быў сакратаром Беларускага нацыянальнага камітэта, Цэнтральнага ўрада Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Адзін з арганізатараў і сакратар Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі (БНСП), у 1933—1937 гадах рэдактар партыйнай газеты «Новы шлях». У 1939-40 сакратар Беларускай групы дапамогі пацярпелым ад вайны пры Літоўскім Чырвоным Крыжы, у ліпені 1941 скарбнік Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. Летам 1941 спрабаваў аднавіць дзейнасць БНСП, але не атрымаў на гэта дазволу нямецкіх акупацыйных уладаў.

Рэдакцыя «Беларускай газеты» і «Голасу вёскі». Сядзяць (злева направа): Уладзіслаў Казлоўскі, Наталля Арсеннева, Аляксей Сянкевіч. Стаяць (злева направа): Уладзімір Кушаль, Антон Адамовіч, Караленка. Мінск, снежань 1942 г.

У 1941—1943 у Мінску быў рэдактарам «Беларускай газэты». У сваіх публіцыстычных артыкулах распрацоўваў ідэалогію беларускага нацыянал-сацыялізму, выступаў з антысеміцкімі матэрыяламі. На кватэры У. Казлоўскага 5 сакавіка 1943 года быў забіты Фабіян Акінчыц, праз некалькі месяцаў (13 лістапада 1943) савецкія партызаны Іван Шнігір і Канстанцін Немчык у рэдакцыі «Беларускай газэты» забілі і У. Казлоўскага[1]. У. Казлоўскі пахаваны на Кальварыйскіх могілках.

Аўтар шэрагу кніг па фізічным выхаванні, паэтычных зборнікаў.

Бібліяграфія

  • Фізічнае выхаванне грамадзянства. Вільня, 1927;
  • Аб фізічным выхаванні ў беларусаў. Вільня, 1928;
  • Беларускія народныя песні з Сакольскага павету. Вільня, 1930;
  • Плач Беларускай Старонкі Маткі па дзетках сваіх рэнегатах. Вільня, 1930;
  • Путы кахання. Вільня, 1932;
  • Шляхам змагання. Вільня, 1935;
  • Казюк на кірмашы: Вершаванае апавяданне з Казюковага кірмашу ў Вільні. Вільня, 1940.

Зноскі

  1. Немчык быў арыштаваны і загінуў, Шнігіру ўдалося ўцячы.

Літаратура

  • Аўтабіяграфія / / Новы шлях. 1937. 15 чэрв. № 2 (23).
  • Малецкі Я. Пад знакам Пагоні: Успаміны. Таронта, 1976. С. 31-92.
  • Чыгрын С. «Прыйдзе той час — да сваіх я вярнуся…» // Ніва. 1995. 22 студз.
  • Казак П. Казлоўскі Уладзіслаў // Беларускі нацыяналізм: Даведнік. — Мн., 2001.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Публіцысты Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be