Фабіян Акінчыц
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Акінчыц. Фабіян Акі́нчыц (20 студзеня 1886, засц. Акінчыцы, Мінскі павет, цяпер у межах горада Стоўбцы — 7 сакавіка 1943, Мінск) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст.
Біяграфія
Паводле адукацыі юрыст, скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт (1913). У 1906—1917 гадах сябра партыі эсэраў. Аб жыцці і дзейнасці Фабіяна Акінчыца ў 1917—1923 гадах шмат супярэчлівых звестак. З 1923 года жыў на Стаўбцоўшчыне: дырэктар пачатковай школы ў вёсцы Засулле, у 1926 годзе адкрыў у Стоўбцах бюро юрыдычных парад. У жніўні 1926 года ўступіў у Беларускую сялянска-работніцкую грамаду (БСРГ), а ў верасні таго ж года пераехаў у Вільню, дзе ўзначаліў юрыдычны аддзел Цэнтральнага сакратарыята БСРГ. Сакратар пасольскага клуба Грамады, сябра Галоўнай управы і Надзорчай рады Таварыства беларускай школы. У студзені 1927 года арыштаваны польскай паліцыяй і ў маі 1928 года асуджаны на 8 гадоў зняволення. Але ў 1929 годзе тэрмін зняволення быў скарочаны на 2 гады. Прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі сваім распараджэннем датэрмінова вызваліў Акінчыца ў ліпені 1930 года. Знайшоўшы паразуменне з польскімі ўладамі, ператварырыўся ў яўнага і заўзятага ворага беларускага радыкальнага руху[1]. Удзельнік Цэнтрасаюза, член Галоўнай рады, старшыня яго выбарчага камітэта. Член рэдакцыйных калегій газет Цэнтрасаюэа «Наперад» (потым галоўны рэдактар), «Народны звон», «Беларускі звон». У маі 1931 года выйшаў з Цэнтрасаюза і стварыў Віленскую беларускую групу «Адраджэнне» прапольскай арыентацыі. Апублікаваў артыкул «Чаму гэта так сталася?», у якім беспадстаўна назваў Б. Тарашкевіча «правакатарам».
Са студзеня 1932 года ў Стоўбцах, удзельнічаў у рабоце Беларускага дабрачыннага таварыства (БДТ, яго старшыня з 1933), прадстаўнік БДТ ў Беларускім нацыянальным камітэце ў Вільні. Перайшоў на погляды нацыянал-сацыялізму і з 1933 года выдаваў разам з Уладзіславам Казлоўскім часопіс адпаведнага кірунку «Новы шлях». Распачаў працу па стварэнні Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі, якую ў кастрычніку 1937 года забаранілі польскія ўлады. У ліпені 1939 года стаў старшынёй Беларускага бюро прапаганды пры Міністэрстве прапаганды ў Берліне. У пачатку 1940 года быў старшынёй Беларускага камітэта ў Варшаве[2]. Арганізатар Вустраўскай школы прапагандыстаў (пад Берлінам), куды траплялі асобы з ліку савецкіх ваеннапалонных. Сярод яго супрацоўнікаў былі Генрык Барановіч, Васіль Камароўскі, Аляксандр Крыт. Пасля заканчэння курсаў многія выпускнікі накіроўваліся на працу ў акупацыйную адміністрацыю на Беларусі. Фабіян Акінчыц прэтэндаваў на палітычнае лідарства ў беларускіх колах, блізкіх да германскіх акупацыйных улад. З’яўляўся палітычным праціўнікам Івана Ермачэнкі, які з мэтай самаабароны арганізаваў яго знішчэнне[3]. Антон Адамовіч выказваў думку, што забойства было звязана з БНП, якая пастанавіла забіць Акінчыца, даручыўшы гэта Матусевічу[4]. 5 сакавіка 1943 супрацоўнік «Беларускай газеты» А. Матусевіч застрэліў яго на кватэры У. Казлоўскага ў Мінску, а затым уцёк да партызанаў. Фабіян Акінчыц быў пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску, месцазнаходжанне магілы невядомае.
Творы
- Чаму гэта так сталася? (Да справы выезду за граніцу былых правадыроў Грамады). Вільня, 1931;
- Правакацыя беларускага народа (Да справы б. старшыні Грамады Б.Тарашкевіча). Вільня, 1933;
- Аграрна-кааператыўная палітыка будучыні. Вільня, 1936;
- Jak Komintern organizował ruch białoruski. Wilno, 1936.
Зноскі
- ↑ Бергман А. Слова пра Браніслава Тарашкевіча. — Мн .: Мастацкая літаратура, 1996. — С. 144. — 192 с.
- ↑ Туронак Ю. Беларускі камітэт // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — С. 445.
- ↑ Ю. Туронак (2003)
- ↑ Юрэвіч Л. Сакрэт Антона Адамовіча // ARCHE, 2000, № 9, с. 16.
Літаратура
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Фабіян Акінчыц
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 1: А — Аршын. — С. 191
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 81
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
Спасылкі
- Туронак, Ю. Фабіян Акінчыц — правадыр беларускіх нацыянал-сацыялістаў / Юры Туронак // Беларускі гістарычны агляд. — 2003. — Т. 10. — Сш. 1—2 (18—19). — С. 145—162.
- Туронак, Ю. Дзейнасць групы Фабіяна Акінчыца (1939—1943)
- Ёрш. С. Забойства Фабіяна Акінчыца