Андрэй Зязюля
Аляксандр Сцяпанавіч Астрамовіч (псеўданім Андрэй Зязюля; 26 лістапада (7 снежня) 1878, в. Навасады (цяпер Ашмянскі раён) — 17 студзеня 1921) — беларускі паэт, каталіцкі святар.
Біяграфія
Пасля заканчэння павятовага вучылішча ў Ашмянах служыў у расійскім войску. У 1905—1910 гг. вучыўся ў каталіцкай духоўнай семінарыі ў Пецярбургу, дзе пад уплывам земляка Адама Лісоўскага ўсвядоміўся як беларус, далучыўся да беларускай нацыянальнай ідэі. У час вучобы арганізаваў аб’яднанне клірыкаў-беларусаў.
Служыў ксяндзом у мястэчках Трабы, Ракаў, Свержань, Анопаль, Смілавічы, Сянно. Выступаў за беларусізацыю каталіцкага касцёла ў Беларусі, пачаў гаварыць касцельныя казанні да вернікаў па-беларуску. 26 лістапада 1914 на пахаванні ў Кухцічах князя Мікалая Радзівіла, мужа Магдалены Радзівіл, вёў надмагільную прамову па–беларуску[1]. Пераследаваўся касцельнымі ўладамі за прыхільнасць да роднага слова, што стала прычынай частай перамены месца службы, два гады быў без парафіі.
Адзін з арганізатараў і ўдзельнік з’езда беларускага каталіцкага духавенства ў Мінску (24-25 мая 1917), сябра Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці.
Актыўны папулярызатар беларускай каталіцкай ідэі на старонках перыядычнага друку. Быў адным з ініцыятараў выдання газеты Biełarus (хаця ў склад рэдакцыі не ўваходзіў), якая пачала выходзіць у студзені 1913 у Вільні лацінкай.
Друкаваў вершы з 1909 у газетах «Наша ніва», «Biełarus», «Krynica», «Вольная Беларусь», «Świetač», «Белорусская рада», «Беларускае жыццё». Выдаў зборнік паэзіі «З роднага загону» (Вільня, 1913, 2-ое дапоўненае выданне 1931), паэму «Слова праўды аб мове і долі беларуса» (Прага, 1917). Выйшла яго вершаванае апавяданне «Аленчына вяселле» (Вільня, 1923). Творчасць паэта прасякнута хрысціянскім светапоглядам, у ёй дамінуе патрыятычная тэма, ідэя адраджэння Беларусі, вера ў яе лепшую будучыню.
Аўтар беларускага рэлігійнага гімна «Божа, што калісь народы…».
Збіраў народныя песні, якія разам з запісамі Антона Грыневіча склалі зборнік «Беларускія песні з нотамі» Т. 2. (Пецярбург, 1912).
Зноскі
- ↑ Станкевіч, А. З Богам да Беларусі: збор твораў / Адам Станкевіч. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008. — 1097 с. — С. 418. — ISBN 978-80-866961-13-3.
Літаратура
- Арсень Ліс. ЗЯЗЮЛЯ Андрэй // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 457.
- Віцьбіч Ю. Бог і Бацькаўшчына: 1878—1968. У 90-я ўгодкі ад нараджэньня Андрэя Зязюлі // Божым шляхам. 1968. № 6. С. 12-15.
- Гэрмановіч Я. Мае прыяцелі: Аляксандар Астрамовіч (Андрэй Зязюля) 26.ХІ.1878 — 17.І.1921 // Божым шляхам. 1965. № 2. С. 6-7.
- Саламевіч Я. Паэт-святар Андрэй Зязюля // Беларуская мова і літаратура ў школе. 1991. № 7-8. С. 140—144.
- Х. М-а. Замест вянка на магілу Андрэя Зязюлі // Божым шляхам. 1951. № 3. С. 10-12.
- Шаставец У. Крыж і церні жыцця: Андрэй Зязюля // Полымя. 1999. № 4. С. 285—296.
Спасылкі
- А. Зязюля, “Аленчына вяселле”, Вільня: Крыніца, 1923 Архівавана 12 лютага 2020. // online.skaryna.org.uk