Ануфрый Петрашкевіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Петрашкевіч.
Ануфрый Петрашкевіч (14 (26) верасня 1794, ф. Бурдыкоўшчына — 7 снежня 1863, Вільня) — польскі і беларускі паэт.
Біяграфія
Прадстаўнік роду Петрашкевічаў, які паходзіў з Меншчыны. У 1784 годзе, прадаўшы палкоўніку Юзафу Валадковічу маёнтак Лысцавічы (сёння гэта вёска Лысавічы), бацька Вінцэнт Петрашкевіч перабіраецца ў Новагародскае ваяводства, дзе атабарыўся каля Гарадзішча. Паводле польскай даследчыцы Малгажаты Цвэнк[d] 14 (26) верасня 1794 года ў фальварку Бурдыкоўшчына жонка Вікторыя з Жукоўскіх нарадзіла Вінцэнту першанца — Юстына-Ануфрыя. У гэтай сям’і было шмат дзяцей, сярод якіх найболей вядомы імёны сыноў Міхала і Юзафа. Прынамсі да 1801 года Петрашкевічы жылі каля Баранавічаў, што пацвярджаюць метрыкі з запісамі пра хрост дзяцей[2].
Пасля 1801 года сям’я Петрашкевічаў перабіраецца ў Шчучын[3]. Ануфрый паступае ў піярскі калегіум. У 1812 годзе Петрашкевіч падпісаў першы ў сваім жыцці працоўны кантракт — стаў гувернёрам Ігната Дамейкі і яго братоў. Працягваў навучанне ў Віленскім універсітэце, якое Петрашкевіч па беднасці спалучаў з працай у Радзівілаўскай камісіі. Быў адным з заснавальнікаў таварыства філаматаў, распрацаваў структуру таварыства прамяністых. Каб атрымаць наступную пасля кандыдата філасофіі ступень магістра, Ануфрый адправіўся ў Варшаву, а потым у Люблін, дзе па размеркаванні стаў працаваць школьным настаўнікам геаграфіі, натуразнаўства і лаціны. У 1822 годзе вярнуўся на радзіму і ўладкаваўся архіварыусам у Радзівілаўскую камісію, у якой у той час ужо працаваў яго паплечнік Ян Чачот[2].
Калі ў 1823 годзе пачаўся працэс філаматаў, Петрашкевіч арганізаваў камітэт фінансавай і юрыдычнай дапамогі сябрам. Але неўзабаве і сам патрапіў пад следства. Прысудам стала высылка ў Пецярбург, а потым у Маскву, дзе Петрашкевіч працаваў ад’юнктам пры ўніверсітэцкай бібліятэцы. Знаходзячыся ўдалечыні ад радзімы, Ануфрый актыўна працягваў збіраць філамацкую спадчыну — лісты, літаратурныя творы. Архіў змяшчаў каля тысячы лістоў Міцкевіча, Чачота, Зана, Петрашкевіча, Дамейкі і многіх іншых, а таксама іх вершы, прамовы, песні[2].
У 1826 годзе па клопаце Петрашкевіча былі надрукаваны знакамітыя «Санеты» Адама Міцкевіча, якія адразу сталі вельмі папулярнымі ў Расіі. Ануфрый рыхтаваў да выдання паэзію Тамаша Зана і Яна Чачота, але завяршыць справу не паспеў[2].
У 1831 годзе па даносе нейкага Мікалая Сунгурава Петрашкевіч «за сімпатыі да паўстання» быў арыштаваны і прыгавораны да смяротнага пакарання. Але неўзабаве прысуд замянілі на бестэрміновае пасяленне ў Сібіры, заадно пазбавіўшы Ануфрыя шляхецтва і ступені магістра. Так пачаўся доўгі «сібірскі перыяд» — Петрашкевіч жыў у Табольску, вучыў французскай мове дзяцей ураднікаў, працаваў губернскім сакратаром, бібліятэкарам, апекаваўся над ссыльнымі землякамі[2]. Спадчына філаматаў у гэты час захоўвалася ў Міхала, брата Ануфрыя, у маёнтку Дзеражна на Шчучыншчыне[2].
У 1856 годзе царскім маніфестам Петрашкевічу дазволілі вярнуцца «ў Літву», але толькі ў ліпені 1860 года, амаль праз трыццаць гадоў, былы філамат убачыў родную зямлю. Прытулак знайшоў у брата Юзафа, доктара медыцыны і колішняга філарэта. Пасля смерці брата Міхала Ануфрый перавёз архіў да сябе, у Вільню[2]. Незадоўга да смерці Петрашкевіч напісаў ліст Ігнату Дамейку, які жыў у Чылі: «Усё тут змянілася, новае пакаленне мне чужое, блізкія сэрцу або спяць у магілах, альбо закінуты за мора…»[2].
Памёр стары і хворы Ануфрый Петрашкевіч 7 снежня 1863 года. Пахавалі яго на віленскіх могілках Росы (магіла захавалася)[2].
Лёс архіва
Пасля смерці Ануфрыя справу захоўвання гістарычнай памяці пераняў спярша брат Юзаф, потым яго сыны Фелікс і Ян[2]. Толькі ў пачатку ХХ стагоддзя Ян Петрашкевіч і яго дачка Станіслава адкрылі свету, што велізарная па аб’ёме спадчына філаматаў не знікла, а ўсе гэтыя гады захоўвалася ў глыбокай таямніцы. У 1913 годзе быў надрукаваны першы з пяці тамоў ліставання філаматаў. Затым выйшлі тры тамы дакументацыі таварыстваў і два тамы паэзіі. Пасля вайны ўбачыла свет яшчэ пяць тамоў філаматавых перапісак. Сёння архіў разбіты на чатыры часткі і захоўваецца ў Польшчы (Варшава, Люблін) і Літве (Вільнюс)[2].
У культуры
Паслужыў прататыпам Яцака, персанажа паэмы Адама Міцкевіча «Дзяды».
Зноскі
- ↑ Беларуская Вікіпедыя — 2007.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 Зміцер Юркевіч. Ануфрый Петрашкевіч — руплівец нашай спадчыны 28 Кас 2022
- ↑ адсюль распаўсюджаная памылка, што Ануфрый нарадзіўся ў Шчучыне
Літаратура
- Мархель У. І. Петрашкевіч Ануфрый // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 12: Палікрат — Праметэй. — С. 334. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12), ISBN 985-11-0035-8.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — С. 486. — 592 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
- Календарыюм // «Czasopis» № 12/2003
Спасылкі
- Лаўрэш Леанід. Філамат Ануфры Петрашкевіч // Лідскі Летапісец. 2018. № 3(83). С. 11-16. // на pawet.net