wd wp Пошук:

Аркадзь Нічыпаравіч Марціновіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Марціновіч. Аркадзь Нічыпаравіч Марціновіч (10 сакавіка 1920, Барбарова, Глускі раён, Магілёўская вобласць — 2009) — беларускі празаік, паэт. Заслужаны работнік культуры БССР (1980).

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і Нічыпара Нічыпаравіча і Вольгі Якубаўны. У 1939 г. скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча. Працаваў у Турэцкай і Цітвянскай сямігадовых школах на Міншчыне. У 1939—1946 гг. служыў у Савецкай Арміі. Удзельнічаў у савецка-фінляндскай вайне 1939—1940 гг., у Вялікай Айчыннай вайне. Быў тройчы паранены. З 1946 г. — літсупрацоўнік, потым загадчык аддзела рэдакцыі газеты «Савецкі селянін». У 1950 г. скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ, у 1955 г. — завочна філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыях газет «Калгасная праўда» (1950—1957), «Літаратура і мастацтва» (1957—1964), у выдавецтве «Беларусь» (1964—1971). У 1971—1972 гг. — адказны сакратар Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры і мастацтва, у 1972—1974 гг. — літаратурны кансультант СП БССР. У 1974—1981 гг. — галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі.

Творчасць

Першыя вершы ў рэспубліканскім друку былі апублікаваны ў 1938 г. Выйшлі кнігі аповесцей і апавяданняў «Надзея» (1960), «Водгулле» (1963), «Прасека» (1967), «Панарама» (1970), «Няхай ідзе дождж» (1973), «Сцюжа» (1976), раманы «Не шукай слядоў сваіх» (1979), «Груша на Голым Полі» (1986), зборнік вершаў «Чырвоныя парусы» (1965), аповесць для дзяцей «Неадкрыты востраў» (1966). У 1974 г. выйшла «Выбранае», у 1980 г. — Збор твораў у 2 тамах.

Пераклаў на беларускую мову кнігі «Самы чалавечны чалавек» Н. Ходза (1968), «Прыгоды Гугуцэ» С. Вангелі (1971), «Вецер у галаве» Х. Мянд (1971), «Месяц і сонца» С. Баруздзіна (1972), «Белая вясёлка» К. Паўстоўскага (1976).

Сям’я

Жонка — Леаніла Сымонаўна Марціновіч, беларускі лінгвіст. Сын — Павел Аркадзевіч Марціновіч, пісьменнік і перакладчык.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 (unspecified title) Праверана 12 лютага 2022.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Пісьменнікі СССР Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Паэты СССР
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be