wd wp Пошук: ⬜

Артур Аляксандравіч Клінаў

Артур Аляксандравіч Клінаў (нар. 5 верасня 1965, Мінск) — беларускі мастак, акцыяніст, дызайнер, фатограф, літаратар, сцэнарыст, галоўны рэдактар часопіса «pARTisan» (2002).

Яркі прадстаўнік неафіцыйнага, нефармальнага мастацтва, авангардыст, канцэптуальны мастак, які ўпершыню заявіў пра сябе ў канцы 1980-х у Беларусі. Аўтар урбаністычна-культурнай канцэпцыі «Горад Сонца» — захавання архітэктурнай унікальнасці цэнтральнай часткі Мінска (Беларусь).

З’яўляецца прыкладам універсальнай творчай асобы, якая, развіваючы цікавую мастацкую ідэю, здольна рэалізаваць навацыю ў любой мастацкай форме (традыцыйны жывапіс, фатаграфія, саламяная скульптура, перформанс, інсталяцыя, відэа, літаратура) з выкарыстаннем розных матэрыялаў і прадметаў рэальнасці[4]. Беларускі культуролаг Максім Жбанкоў ахарактарызваў Артура Клінава як беларускага прадаўжальніка наватарства Эндзі Уорхала і Эміра Кустурыцы[5].

Сям’я

Нарадзіўся 5 верасня 1965 г. у Мінску.

Маці была інжынерам-праграмістам і членам камуністычнай партыі[6]. Пра сваю маці Артур у інтэрв’ю сказаў: «Працаголік. Усё жыццё аддала працы і мне»[6]. Бацька Артура быў спартсменам і мастаком: у маладосці займаўся боксам, стаў майстрам спорту, а пасля займаўся мастацтвам прыкладнога характару — рабіў замовы для калгасаў, саўгасаў, розных інстытутаў[6]. У бацькі Артура былі антысавецкія настроі[7].

Выхаванне і адукацыя

Артур Клінаў вырас у тым квартале Мінска, дзе было шмат яўрэйскіх сямей, хоць яго сям’я не яўрэйская[8]. У сярэдняй школе ў класе разам з Артурам таксама вучылася шмат яўрэяў[8]. У школе ў адным класе вучыўся разам са сваім сябрам Зміцерам Саўкам, а класным кіраўніком была яўрэйка Марыя Ізраілеўна Грайфер[9].

У 1976—1980 гг. вучыўся ў дзіцячай мастацкай школе № 1, а ў 1978—1982 гг. — і ў мастацкіх студыях і майстэрнях Уладзіміра Ткачэнкі, Рышарда Мая і Віталія Чарнабрысава[4]. Артур хацеў паступаць у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяперашнюю Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў), але не прайшоў іспыты: «Я збіраўся ў тэатральна-мастацкі, бо хацеў быць мастаком. Да таго ж гэта быў самы моцны асяродак нацыянальнага супраціву. Не паступіў і, каб год не губляць, пайшоў на архітэктурны факультэт БПІ»[6].

У 1982—1987 гг. вучыўся на архітэктурным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута (у педагогаў Галіны Палянскай, Вячаслава Ангелава, Аляксандра Калантая і інш.) і атрымаў спецыяльнасць «горадабудаўніцтва»[4].

У 1982—1984 гг. удзельнічаў у маладзёжным грамадскім аб’яднанні «Беларуская Майстроўня» (1979—1984), да якога далучыўся і школьні сябр Артура Зміцер Саўка[10]. У 1982 г. удзельнічаў у акцыі «Гуканне вясны», арганізаванай «Беларускай Майстроўняй» у Заслаўі[7]. У чэрвені 1984 г. Артур Клінаў і Зміцер Саўка сталі ўдзельнікамі першага пікету, які «майстроўцы» ладзілі ў знак пратэсту супраць руйнавання будынку старога мінскага тэатра, і былі арыштаваны міліцыяй[11].

Творчасць у галіне жывапісу, дызайну, перформансу і фотамастацтва

Пасля заканчэння інстытута ўцягнуўся ў сваю спецыяльнасць «горадабудаўніцтва». Яшчэ ў студэнцкія гады Артур Клінаў займаўся навуковым даследаваннем беларускай архітэктуры савецкага перыяду (асабліва т.зв. мінскага «сталінскага ампіру» — 1930—1950-я гады), што пазней рэалізуецца ў значныя праекты: студэнцкае даследаванне стала канцэптуальным падмуркам для стварэння фотаальбома «Горад Сонца» (2005), аўтабіяграфічнага рамана «Мінск. Горад Сонца» (2006) і ўрбаністычна-культурнай канцэпцыі «Горад Сонца-2».

Праз пэўны час у Клінава скончваецца цікавасць да горадабудаўніцтва і ён шукае для сябе чагосьці іншага: «Але потым у мяне настала паўза, пайшлі захапленні авангардызмам, пацыфізмам, хіпі… Я на некалькі гадоў пайшоў у экзістэнцыйны пошук»[6]. Клінаў стаў займацца жывапісам, фотамастацтвам і дызайнам, а пазней і літаратурай[4].

Першапачаткова выступаў як мастак і акцыяніст. З 1986 г. пачынае ладзіць шматлікія ўласныя і супольныя мастацкія выстаўкі ў Беларусі і па-за межамі. У 1980-я гады ў Мінску быў актыўным удзельнікам нонканфармісцкага руху ў беларускім мастацтве: у 1987 г. заснаваў адну з першых у БССР нефармальных арт-груп «Супольнасць БЛО» (1987—1990) і быў удзельнікам выставак групы «Форма» (1987—1990).

У 1990-х гг. стаў працаваць з аб’ектамі (імкнуўся стварыць нестандартныя выразныя вобразы) і інсталяцыямі (выкарыстоўваў прынцыпы філасофіі абсурду і экзістэнцыялізму): стаў аўтарам праектаў «Смерць піянера» (1995—2000), «Тексты» і «50 вёдзер — шэдэўраў сусветнага мастацтва» (1997—1999), а таксама інтэрактыўнага шоу «Калумбарый сусветнай літаратуры» (1998)[4].

У 1998 г. стаў заснавальнікам і старшынёй Беларускай асацыяцыі сучаснага мастацтва і аўтарам ідэі Міжнароднага фестывалю перформансу «Навінкі» («NAVINKI») у Беларусі[12]. Праект «Навінак» быў першым праектам у межах праграмы «Міжнародныя арт-фэсты ў Беларусі», якая была распрацавана Беларускай асацыяцыяй сучаснага мастацтва. Першы фестываль «NAVINKI» адбыўся ў верасні 1999 г. у Мінску ў Палацы мастацтваў, а галоўным куратарам фестывалю стаў Віктар Пятроў — сябра Артура Клінава[12].

З 2000-х гг. пачаў займацца таксама фатаграфіяй, публіцыстыкай і перформансам; стаў заснавальнікам перфарматыўнага тэатра «Partisan’s Boutique Transportable». Супольна з Таццянай Новікавай быў аўтарам і арганізатарам у Мінску фестывалю відэарту (2002—2004). У 2000-х гг. стаў аўтарам праектаў «Палацы для птушак», «Sweet Straw Life», «Горад Сонца», «Горад Сонца-2» (па матывам Тамаза Кампанелы).

У 2002 г. стаў заснавальнікам і галоўным рэдактарам мастацкага часопіса (альманаха сучаснай беларускай культуры) «pARTisan», дзе і сам друкуе свае артыкулы і фотапрацы. З’яўляецца галоўным рэдактарам інтэрнэт-партала partisanmag.by.

У 2006 г. дэбютаваў у літаратуры беларускамоўным раманам «Мінск. Горад Сонца» (2006) (у 2007 г. раман перавыдадзены пад назвай «Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца»), а пазней апублікаваў беларускамоўныя раманы «Шалом» (2010) і «Шклатара» (2013).

4 лютага 2008 г. адбылася прэзентацыя праекта «Калекцыя пАРТызана», які складаецца з серыі альбомаў беларускага актуальнага мастацтва. Першым у гэтай серыі выйшаў альбом Артура Клінава «Дванаццаць». Ён уяўляе сабой рэтраспектыву дванаццаці найбольш важных для мастака праектаў за апошнія 12 гадоў.

З 2009 г. стаў працаваць і ў кінамастацтве ў якасці сцэнарыста і мастака. З’яўляецца мастаком-пастаноўшчыкам фільмаў «Масакра» (2010) і «Hard Reboot» (2014), рэжысёрам якіх з’яўляецца сябра Клінава — Андрэй Кудзіненка[13].

У 2011 г. прадстаўляў Беларусь на 54-й міжнароднай Венецыянскай біенале (Італія), дзе прадставіў сваю інсталяцыю з саломы «Вячэра»[14].

Творы Артура Клінава знаходзяцца ў калекцыях Музея сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Цэнтры сучаснага мастацтва «Уяздоўскі палац» (Варшава), Галерэі Эдуарда Нахамкіна (Нью-Ёрк), калекцыі Аляксандра Глезера (Музей сучаснага рускага мастацтва, Нью-Джэрсі, ЗША), прыватных калекцыях Беларусі, Велікабрытаніі, Германіі, Галандыі, Ізраіля, Італіі, Расіі, ЗША, Францыі, Швецыі[4].

Выстаўкі

Індывідуальныя выстаўкі[4]:

  • 1986: персанальная кватэрная выстаўка (г. Мінск, кватэра Артура Клінава)
  • 1987: «Вясновыя песні звышчалавека» (г. Мінск, кватэрная выстаўка)
  • 1994: галерея «Vita Nova» (г. Мінск, Беларусь)
  • 1995: праект «Смерць Піянера» — галерэя незалежнага мастацтва «Шостая лінія» (г. Мінск, Беларусь)
  • 1996: праект «Смерць Піянера-2» — галерэя незалежнага мастацтва «Шостая лінія» (г. Мінск, Беларусь)
  • 1998: праект «Калумбарый сусветнай літаратуры» — Цэнтр сучаснага мастацтва «Уяздоўскі палац» (г. Варшава, Польшча)
  • 1999: галерэя «Officyna» (г. Шчэцін, Польшча)
  • 2000:
  • 2001: праект «Палацы для птушак» — Цэнтр сучаснага мастацтва «Уяздоўскі палац» (г. Варшава, Польшча)
  • 2003:
  • 2005: праект «Салодкае саламянае жыццё» — галерэя «AT» (г. Познань, Польшча)
  • 2006: праект «Перасоўны партызанскі магазін» (г. Прага, Чэхія)
  • 2007: праекты «Аліса ў краіне вар’яцкага чаяпіцця» і «Горад СОНца» — галерэя «Giedre Bartelt Galerie» (г. Берлін, Германія)
  • 2008: галерэя «Zoja Gallery» (г. Варшава, Польшча)

Калектыўныя выстаўкі[4]:

  • 1987:
    • выстаўка «Майстэрня мастака» — Рэспубліканскі дом работнікаў мастацтваў Беларускага тэатральнага аб’яднання (г. Мінск, БССР)
    • выстаўка «Перспектыва» — выстаўная зала Беларускага навукова-даследчага інстытута тэхнічнай інфармацыі (г. Мінск, пр. Машэрава, д.7, БССР)
    • выстаўка «На Калектарнай» групы «Форма» — Інстытут Мінскграмадзянпраект (г. Мінск, вул. Калектарная, д. 20а, БССР)
    • выстаўка асацыяцыі «БЛО» — Дом кіно (г. Мінск, БССР)
  • 1988: Усесаюзны семінар па неафіцыйнаму мастацтву «Свята мастацтваў „Нарва-88“» — замак Германа (г. Нарва, Эстонія)
  • 1989:
    • выстаўка «Сталін учора, сёння, заўтра» (Ленінград — Мінск — Вільнюс)
    • першая рэспубліканская выстаўка нетрадыцыйнага мастацтва «Панарама» (Мінск, закінуты дом на вул. Гандлёвай, д. 27)
    • выстаўка ўсходнееўрапейскага мастацтва — фотагалерэя «Oosterkerk» (г. Амстэрдам, Галандыя)
    • выстаўка «Чырвонае і белае» — Музей пад адкрытым небам (г. Амстэрдам, Галандыя)
    • выстаўка «Дэманстрацыя скарбаў беларускага авангарда» — выстаўная зала Беларускага навукова-даследчага інстытута тэхнічнай інфармацыі (г. Мінск, вул. Машэрава, д.7, БССР)
  • 1990:
    • выстаўка «Памяці Бруно Шульца 1» нефармальнай арт-групы «Супольнасць БЛО» — Музей гісторыі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта (г. Ленінград, СССР)
    • выстаўка «Памяці Бруно Шульца 1» нефармальнай арт-групы «Супольнасць БЛО» — Культурны цэнтр на Пятроўскіх лініях (г. Масква, СССР)
    • выстаўка, прысвечаная Вінцэнту ван Гогу, — галерэя «Ариадна» (г. Санкт-Пецярбург, СССР)
    • выстаўка «Беларускі авангард» (г. Дармштат, Германія)
    • выстаўка «Белае і чырвонае» — галерэя «Cottenham» (г. Лондан, Велікабрытанія)
    • выстаўка «21 мастак з Усходняй Еўропы» — галерэя «Nobel Gallery» (г. Утрэхт, Галандыя)
  • 1991:
    • выстаўка «Biel Art. Панарама беларускага мастацтва» — ліцейны цэх фабрыкі Норбліна (г. Варшава, Польшча)
    • галерея «Zachenta» (г. Варшава, Польшча)
  • 1992:
    • выстаўка «Сучаснае беларускае мастацтва» — форум «Kultur forum Moenchengladbach» (г. Мёнхенгладбах, Германія)
    • музей «Польскі музей Амерыкі» (г. Чыкага, ЗША)
  • 1994: выстаўка «Мастакі з Мінску» — дні культуры Мінска ў Боне — форум мастакоў «Кюнстлерфорум» (г. Бон, Германія)[15]
  • 1996:
    • выстаўка Артура Клінава, Міхаіла Баразны, О. Сазыкінай і інш. (зямля Паўночны Рэйн-Вестфалія, Германія)[15]
    • фестываль канцэптуальнага мастацтва — выстаўная зала «Манеж» (г. Санкт-Пецярбург, Расія)
  • 1997: Музей Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (г. Мінск, Беларусь)
  • 1998:
    • галерэя «Борей» (г. Санкт-Пецярбург, Расія)
    • фестываль «Information-98» (г. Віцебск, Беларусь)
  • 1999:
    • галерэя «Galerie d’Ecole des Beaux-Arts» (г. Марсель, Францыя)
    • цэнтр «Villa Valcampana» (г. Мачэрата, Італія)
    • галерэя «BWA» (г. Кельцэ, Польшча)
    • Цэнтр польскай скульптуры (вёска Ароньска, Мазавецкае ваяводства, Польшча)
    • галерэя «Manhattan» (г. Лодзь, Польшча)
    • музей «Moderna Museet» (г. Стакгольм, Швецыя)
  • 2000:
  • 2001:
  • 2002: Цэнтр сучаснага мастацтва (г. Вільнюс, Літва)
  • 2003:
    • галерэя «Garde a vue» (г. Клермон-Феран, Францыя)
    • Маскоўскі музей сучаснага мастацтва (г. Масква, Расія)
  • 2005: выстаўка «Балота Empire» — Цэнтр сучаснага мастацтва (г. Кіеў, Украіна)
  • 2007:
    • галерэя «Kunsthoone» (г. Талін, Эстонія)
    • галерэя «Laznia» (г. Гданьск, Польшча)
  • 2008: выстаўка «Беларускія перспектывы» (куратар і ўдзельнік выстаўкі — Артур Клінаў) — галерэя «Arsenal» (г. Беласток, Польшча)
  • 2009:
  • 2010:
    • выстаўка «Дах—11» — Палац Мастацтваў (г. Мінск, Беларусь)
    • выстаўка «Open the door? Belarusian Art Today» — Цэнтр сучаснага мастацтва (г. Вільнюс, Літва) +
  • 2011:
  • 2012: выстаўка «Радыус нуля» — завод «Горизонт» (Мінск, Беларусь)

Урбаністычна-культурная канцэпцыя «Горад Сонца»

Праспект Незалежнасці ў Мінску. Фота 2005 г.
Выказванне Артура Клінава аб прычынах неабходнасці захавання «Горада СОНца» ў Мінску, 8 верасня 2014 г.

У 2000 г. звяртаецца да тэмы архітэктурных ансамблей Мінска ў стылі сталінскага ампіру (1930—1950-х гадоў), якія даследаваў яшчэ ў студэнцкія гады, і пачынае на працягу чатырох год (2000—2004) займацца мастацкім фатаграфаваннем розных куткоў цэнтральнай часкі горада. Было зроблена некалькі тысяч чорна-белых здымкаў (у тым ліку з даху дамоў), але толькі сотні з іх былі ўключаны ў фотаальбом «Горад СОНца» (2005), які стварае ірэальны свет («горад-сон») сталінскай архітэктуры ў Мінску, што ў сваю чаргу стварае сам Мінск[16]. Фатаграфічны праект «Горад СОНца» хутка быў трансфарміраваны Клінавым з серыі здымкаў у мастацкую аўтабіяграфічную кнігу, прысвечаную Мінску і вобразу горада, — раман «Мінск. Горад Сонца» (2006).

У тэкставай частцы фотаальбома «Горад СОНца» (2005) Артур Клінаў адзначыў архітэктурную каштоўнасць, мастацкую вартасць і еўрапейскую ўнікальнасць цэнтральнай часткі Мінска («сталінскі ампір» 1930—1950-х гадоў), якая забудоўвалася ў савецкія часы паводле рэгулярнага плану і ідэй камунізму як ідэальны камуністычны горад для ідэальнага (камуністычнага) грамадства. Клінаў назваў яе «Горад Сонца» — унікальны ўрбаністычны аб’ект і помнік культуры сусветнага ўзроўню, аналага якому няма нідзе ў свеце. «Горад Сонца» у Мінску — гэта не ўвесь Мінск, а цэнтральная яго частка — вялікі архітэктурны ансамбль, які мае працяжнасць 7-8 км і шырыню 2-4 км (ці нават значна шырэй) уздоўж сучаснага праспекта Незалежнасці і навокал (Прывакзальная плошча, плошча Незалежнасці, плошча Перамогі, вуліца Карла Маркса, вуліца Кірава, вуліца Леніна, вуліца Максіма Багдановіча, вуліца Камуністычная, вуліца Захарава, вуліца Чырвонаармейская, вуліца Казлова і інш.). На думку Клінава, мінскі «Горад Сонца» — гэта адзінае на тэрыторыі СССР цэласнае ўвасабленне ідэальнага камуністычнага горада. У савецкім праекце Вялікай Камуністычнай Утопіі краевугольным камнем была пабудова новага ідэальнага горада для ідэальнага грамадства. Такі ідэальны горад будаваўся паўсюль у СССР — у кожным, нават маленькім горадзе. Аднак нідзе, акрамя Мінска, забудова горада паводле гэтых сацыяльных стандартаў і эстэтычных уяўленняў не была рэалізавана ў поўнай ступені як завершаны ўрбаністычны комплекс, нават у Маскве. У сваёй кнізе Клінаў сцвярджаў, што Камуністычны праект не быў толькі праектам Савецкага Саюза, а быў еўрапейскім праектам, які нарадзіўся яшчэ 400 год таму — адлюстраваны ў кнізе Тамаза Кампанелы «Горад Солнца» (1602). Таму мінскі «Горад Солнца» — гэта еўрапейскі помнік, які маецца толькі ў Беларусі і каштоўны менавіта сваёй цэласцю[17]. З таго часу Клінаў пачынае распаўсюджваць праз мас-медыя сваю ўрбаністычна-культурную канцэпцыю «Горад Сонца».

У лістападзе 2007 г. у межах месяца беларускай культуры ў Парыжы ў цэнтры «Maison d’Europe et d’Orient» адкрылася фотавыстаўка Клінава, а таксама прайшла прэзентацыя ўрыўкаў яго раману «Мінск. Горад Сонца» у перакладзе на французскую мову.

У 2009 г. выступіў ініцыятарам грамадскай гарадской праграмы «Горад Сонца-2» — ператварэння Мінска ў буйны турыстычны і культурны цэнтр Еўропы на падставе захавання аўтэнтыкі і падтрымкі ў годным выглядзе архітэктурных ансамбляў у стылі сталінскага ампіру (1930—1950-х гадоў) цэнтральнай часткі Мінска (г.зв. «Горада Сонца») — праз афіцыйнае прызнанне іх гісторыка-архітэктурным запаведнікам і прыняцце законаў аб ахоўных зонах, што дазволіла б прывабіць мільён замежных турыстаў штогадова і адпаведныя прыбыткі[18]. У Мінск была запрошана група экспертаў ЮНЕСКА, для далучэння цэнтральнай часткі Мінска (г.зв. «Горада Сонца») у Спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў Беларусі, аднак група знайшла шмат адхіленняў ад аўтэнтыкі, якія былі зроблены пазнейшым часам. Клінаў лічыць яшчэ цалкам магчымым вярнуць аўтэнтычнасць страчаным фрагментам ансамбляў комплекса і далейшае ўключэнне ў Спіс сусветнай спадчыны[19]. Між тым, у цэнтральнай частцы Мінска вядзецца «кропкавая забудова» будынкамі розных архітэктурных стыляў (напрыклад, атэль «Кемпінскі» на праспекце Незалежнасці), што парушае гарманічнасць і ансамблевасць цэнтра Мінска і стварае цяжкасці для рэалізацыі праграмы «Горад Сонца-2»[19].

  • Артур Клінаў і Томас Бон у Мінску (Беларусь) у час публічнай лекцыі Томаса Бона «Зубры ці партызаны? Адкрыты ліст аўтару “Малой падарожнай кніжкі па Горадзе Сонца”». Фота 8 верасня 2014 г.
  • Галоўны ўваход у Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага. Фота 2 ліпеня 2005 г.
  • Галоўны ўваход у Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага. На заднім плане — атэль «Кемпінскі». Фота 23 чэрвеня 2014 г.
  • Вароты архітэктурнага ансамбля плошчы Перамогі ў Мінску. Фота 2005 г.
  • Вароты архітэктурнага ансамбля плошчы Перамогі ў Мінску. На заднім плане — жылы будынак у стылі хайтэк, з парушэннем ансамблевасці і абмежавання па высотнасці. Фота 2013 г.
  • «Дом з назіральнымі вышкамі» (на вуліцы Кісялёва) у двары «Дома пад шпілем» — парушэнне ансамблевасці архітэктурнага комплекса вуліцы Камуністычнай і абмежавання па высотнасці. Фота 2014 г.
  • Атэль «Кемпінскі» за манументам Перамогі — парушэнне ансамблевасці архітэктурнага комплекса праспекта Незалежнасці і абмежавання па высотнасці. Плошча Перамогі ў Мінску, 23 чэрвеня 2014 г.
  • Атэль «Кемпінскі» за манументам Перамогі — парушэнне ансамблевасці архітэктурнага комплекса праспекта Незалежнасці і абмежавання па высотнасці. Плошча Перамогі ў Мінску, 23 чэрвеня 2014 г.
  • Забудова зялёнай зоны ў самай вузкай частцы водна-зялёнага дыяметру Мінска — будаўніцтва атэля «Кемпінскі» (справа), фота 2014 г.

У лютым 2012 г. Артур Клінаў далучыўся да грамадскай ініцыятывы беларускіх мастакоў, фатографаў і мастацтвазнаўцаў, якія звярнуліся да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і гарадскіх улад Мінска (Мікалая Ладуцькі) з просьбай скасаваць рашэнне аб будаўніцтве ў Мінску атэля «Пекін» у парку 40-годдзя Кастрычніка і пакінуць парк у першапачатковым выглядзе для захавання савецкай архітэктурнай атмасферы і гістарычнасці месца, дзе 16 ліпеня 1944 г. адбыўся Парад Партызанскіх войск пад камандаваннем генерала Івана Чарняхоўскага, у якім прынялі ўдзел 30 000 партызан Беларусі і 20 000 мірных грамадзян Мінска[20]. Выказаўся супраць забудовы савецкай гістарычнай прасторы горада «шкляным кічам» і ператварэння Мінска ў шэра-бятонны бязтварны мегаполіс[20].

гл. таксама Водна-зялёны дыяметр Мінска Літаратурная і сцэнарысцкая творчасць ————————————-

Артур Клінаў на прэзентацыі свайго раману «Шклатара» у галерэі «Ў», г. Мінск, 10 студзеня 2014 г.

З’яўляецца аўтарам літаратурных мастацкіх твораў:

Раман «Мінск. Горад Сонца» (2006) / «Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца» (2007) (У 2006 у Германіі на нямецкай мове (пасля перакладу з беларускай) быў выдадзены першы (аўтабіяграфічны) раман Артура Клінава «Мінск. Горад Сонца», які ў 2007 быў выдадзены на беларускай мове ў Мінску пад новай назвай «Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца»)[21]: Раман, напісаны як падарожная кніга па Мінску, змяшчае філасофскія разважанні і стылістычна вытанчаны тэкст, дзе асабістая гісторыя героя арганічна ўплецена ў мінулае і сучаснасць горада. Маршрут героя, апісаны аўтарам у кнізе, можа быць дапаможнікам па савецкаму Мінску для турыстаў. Кніга была пераведзена на нямецкую, рускую, польскую, венгерскую і шведскую мовы.

Раман «Шалом» (2010): Авантурны, прыгодніцкі раман, раман-падарожжа, які сам аўтар акрэслівае як батлейку, ярмарачны балаган, дзе ў гратэскнай форме дзеянне адбываецца з гумарам і сарказмам, але за чым стаяць больш глыбокія сэнсы, звычайна звязаныя з біблейскімі ідэямі. Герой рамана — мастак — купляе ў нямецкім Боне шалом (кайзераўскую каску) і едзе дадому ў Магілёў праз Гановер, Берлін, Варшаву, Брэст і Мінск. Узнімаюцца праблемы нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, пошукаў Беларуссю свайго месца ў Еўропе, успрымання беларусаў іншымі еўрапейскімі народамі. (Раман быў уключаны ў 2012 у шорт-ліст Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца).

Раман «Шклатара» (2013)[22]: Шчыры і праўдзівы аповяд пра бурапеннае жыццё ў 2010 годзе багемнага месца творчага Мінску — нонканфармісцкай галерэі «Ў», будынак якой раней служыў пунктам прыёму шклатары. Героямі рамана з’яўляюцца людзі беларускага андэрграўнду.

Падзеі рамана «Локісаў» (2020) адбываюцца на поўначы Беларусі. У сюжэце скарыстаныя мясцовыя легенды, вельмі старыя, яшчэ з язычніцкіх часоў. Раман ствараўся амаль тры гады.

У жніўні 2010 г. пачаў працу над сцэнарыем да экранізацыі кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня»[13]. Фільм павінен быў выйсці на экраны ў 2012 годзе, але не выйшаў.

Прэміі і ўзнагароды

10 красавіка 2021 стала вядома, што Артур Клінаў стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» за кнігу «Локісаў»[23].

Палітычныя погляды

Клінаў выказваецца за перамовы і кампраміс з аўтарытарным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі[24].

Хобі

Артур Клінаў збірае калекцыі беларускага авангарда і мае вялікую калекцыю кіча[25].

Зноскі

  1. ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #13225302X // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 17 кастрычніка 2015.
  2. ↑ Artur Alâksandravìč Klìnaŭ // MAK
  3. ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #13225302X // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 17 снежня 2014.
  4. 1 2 3 4 5 6 7 8 Артур Клинов Архівавана 14 снежня 2013. // belavangard.by
  5. ↑ Жбанков, М. NO STYLE. Белкульт между Вудстоком и «Дажынкамі»… С. 132.
  6. 1 2 3 4 5 Дубавец, С. Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду… С. 390.
  7. 1 2 Дубавец, С. Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду… С. 386.
  8. 1 2 Дубавец, С. Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду… С. 384.
  9. ↑ Дубавец, С. Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду… С. 384, 385.
  10. ↑ Дубавец, С. Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду… С. 383.
  11. ↑ Дубавец, С. Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду… С. 391.
  12. 1 2 Харэўскі, С. В. Гісторыя мастацтва і дойлідства Беларусі… С. 226.
  13. 1 2 Артур Клинов: «Моя жизнь в соломе!» //artaktivist.org
  14. ↑ Артур Клинов Архівавана 14 снежня 2013. // belavangard.by; Артур Клинов: «Моя жизнь в соломе!» //artaktivist.org
  15. 1 2 http://evolutio.info/index.php?option=com_content&task=view&id=308&Itemid=50
  16. ↑ Артур Клинов: Возрождение Города Солнца позволит государству привлечь миллионы туристов Архівавана 12 верасня 2010. // tut.by; Харэўскі, С. В. Гісторыя мастацтва і дойлідства Беларусі… С. 222.
  17. ↑ Артур Клинов: Возрождение Города Солнца позволит государству привлечь миллионы туристов Архівавана 12 верасня 2010. // tut.by; Артур Клінаў: праект ідэальнага горада // partisanmag.by; Артур Клинов: Власти не имеют внятной стратегии развития Минска Архівавана 7 ліпеня 2014. // rest.ej.by; Артур КЛИНОВ: «Отстоять парк 40-летия Октября означает отстоять городскую культуру Минска» Архівавана 6 сакавіка 2016. // wildlife.by
  18. ↑ Артур Клинов: Возрождение Города Солнца позволит государству привлечь миллионы туристов Архівавана 12 верасня 2010. // tut.by; Артур Клінаў: праект ідэальнага горада // partisanmag.by; Артур Клинов: Власти не имеют внятной стратегии развития Минска Архівавана 7 ліпеня 2014. // rest.ej.by
  19. 1 2 Артур Клинов: Власти не имеют внятной стратегии развития Минска Архівавана 7 ліпеня 2014.
  20. 1 2 Артур КЛИНОВ: «Отстоять парк 40-летия Октября означает отстоять городскую культуру Минска» Архівавана 6 сакавіка 2016. // wildlife.by
  21. ↑ Менск — дзіўнае места //nashaniva.by/
  22. ↑ Артур Клінаў напісаў раман, «які многіх пакрыўдзіць»(недаступная спасылка) // budzma.org
  23. ↑ racyja.com
  24. ↑ Артур Клінаў: «Новая сацыяльная дамова — гэта той кампраміс, які на дадзеным этапе непазьбежны»
  25. ↑ Артур Клинов Архівавана 10 чэрвеня 2015. // admarginem.ru

Літаратура

  • Клінаў, А. Чалавек над горадам // Культура. — 1995. — 28 июня.
  • Клинов, А. Открытия года // Имя. — 1996. — 27 декабря. — С. 3.
  • Клинов, А. Наш город — будто солнце // Минский курьер. — 2005. — 24 ноября.
  • Клінаў, А. Горад СОНца: фотаальбом / А. Клінаў. — Менск : Логвінаў, 2005. — 128 с.
  • Клінаў, А. Горад СОНца: фотаальбом / А. Клінаў. — Менск : Логвінаў, 2006. — 2-е выд. — 128 с.
  • Клінаў, А. Горад СОНца: фотаальбом / А. Клінаў. — Менск : Логвінаў, 2013. — 3-е выд. — 128 с.
  • Klinaŭ, A. Minsk. Sonnenstadt der Träume / A. Klinaŭ, aus dem Russischen von Volker Weichsel. — Frankfurt am Main : Suhrkamp Verlag, 2006.
  • Клінаў, А. Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца: Раман / Артур Клінаў. — Мінск : Логвінаў, 2008. — 202 с.
  • Klinau, A. Mińsk. Przewodnik po Mieście Słońca / A. Klinau, tłumaczenie Małgorzata Buchalik. — Wołowiec : Czarne, 2008. — 152 s.
  • Клінаў, А. Дванаццаць. Выбраныя творы 1996—2008: Альбом / Уступны тэкст: М. Жбанкоў; Пер. уступнага тэксту на анг.: V.K. — Мінск : Логвінаў, 2009. — 144 с.
  • Клінаў, А. Шалом: Ваенны раман. — Мінск : Логвінаў, 2010. — 334 с.
  • Клинов, А. Шалом: Роман. — Москва : Ад Маргинем, 2013.
  • Klinaŭ, A. Schalom. Ein Schelmenroman / A. Klinaŭ, aus dem Russischen von Thomas Weiler. — Berlin : edition.fotoTAPETA, 2015.
  • Клінаў, А. Трэба зьмяняць партызанскую парадыгму беларускага аўтара // pARTisan. — 2011. — № 15. — С. 32—37.
  • Клінаў, А. Шклатара / А. Клінаў. — Менск : Логвінаў, 2013. — 336 с.
  • Klinaŭ, A. PARTISANEN. Kultur_Macht_Belarus / A. Klinaŭ. — Berlin : edition.fotoTAPETA, 2014.

  • Беларускі авангард 1980-х: альбом / уступны тэкст: В. Архіпава. — Мінск : Логвінаў, 2011.
  • Чаркасава, В. Смерць піянера-3. Больш катафалкаў добрых і розных / В. Чаркасава // Голас Радзімы. — 1996. — 26 снежня.
  • Смерць піянера-3: выстаўка ў галерэі «Шостая лінія» // ЛіМ. — 1997. — 3 студзеня.
  • Коломенская, И. Погребальный ход… катафалком / И. Коломенская // Белорусская газета. — 1997. — 20 января.
  • Пянкрат, А. Вельмі мінскі мастак / А. Пянкрат // Свабода. — 1997. — 18 ліпеня.
  • Прохоров, И. Колумбарий всемирной литературы / И. Прохоров // Имя. — 1998. — 28 декабря.
  • Коваленко, О. Болота Empire // Беларусь в мире. — 2005. — № 5. — С. 46—54.
  • Белявец, А. Вандроўнік па горадзе Сонца / А. Белявец // Мастацтва. — 2011. — № 8. — С. 23.
  • Дубавец, С. Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду / Сяргей Дубавец; фота А. Канцавога. — [Б. м.] : Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2012, — 457 с.
  • Жбанков, М. NO STYLE. Белкульт между Вудстоком и «Дажынкамі» / М. Жбанков. — Вильнюс : ЕГУ, 2013. — 268 с.
  • Харэўскі, С. В. Гісторыя мастацтва і дойлідства Беларусі / С. В. Харэўскі. — Вільня: ЕГУ, 2007. — 240 с.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be