Архілох
Архілох (стар.-грэч.: Ἀρχίλοχος) — старажытнагрэчаскі паэт (VII ст. да н.э.). Першы еўрапейскі лірык[2].
Біяграфічныя звесткі
Нарадзіўся на востраве Парас ад свабоднага бацькі і рабыні-маці, балюча перажываў сваё двухсэнсоўнае становішча, і гэта наклала адбітак на яго характар, на жыццёвы лёс і, урэшце, на паэзію. Закахаўся ў Неабулу, бацька якой спачатку абяцаў дачку Архілоху, а затым адмовіў. У далейшым паэт жорстка адпомсціў сваёй былой каханай, высмеяўшы яе ў сваіх вершах. А вершы сведчаць пра яго як чалавека бурнага тэмпераменту, што не ведаў межаў ні ў каханні, ні ў нянавісці. Пасля расчаравання ў любімай дзяўчыне Архілох пакідае родны востраў і адпраўляецца насустрач прыгодам — шукаць золата, служыць у войску. Усё жыццё ён праводзіць у войнах і блуканнях. Загінуў прыкладна каля 640 г. да н.э.
Творчасць
Архілох — першая індывідуальнасць у грэчаскай літаратуры, што ярка выявіла сябе. Браў за ўзор паэзію Гамера, але супрацьпастаўляў эпічнаму ідэалу вобраз індывідуалізаванага чалавека. Творчасць Архілоха адметная разнастайнасцю жанраў і рытмаў. У яго сатырычных ямбах, элегіях, эпіграмах, гімнах (захаваліся ва ўрыўках) — роздум пра зменлівасць лёсу, гонар, доблесць, пасмяротную славу.
Яго творчасць сведчыла, што эпоха гамераўскіх герояў закончылася. У новых абставінах — міжусобіц, войнаў, распаду родавых, сямейных сувязей — асоба імкнулася знайсці сваё месца ў свеце, выявіць свой дух. 3 нябачнай да таго сілай Архілох перадаў у вершах парывы няспраўджанай палкасці, прыступы саркастычнай помслівасці, гатоўнасць пераносіць удары лёсу. Ён адмовіўся ад старых вершаваных памераў — гекзаметра, пентаметра — і звярнуўся да форм народнай паэзіі, увёўшы ў прыгожае пісьменства нязвыклы для яго памер — ямб. 3 таго часу ямб — адна з самых распаўсюджаных форм еўрапейскага вершаскладання.
Ушанаванне памяці
На радзіме ў гонар Архілоха было пабудавана свяцілішча (уцалелі рэшткі з надпісамі — біяграфічныя звесткі і ўрыўкі з яго вершаў).
Зноскі
- ↑ Perseus Project — 1987. Праверана 10 лютага 2020.
- ↑ Т. Шамякіна (2008)
Беларускія пераклады
- Вершы і фрагменты. Пераклад Л. Баршчэўскага. Мінск: Зміцер Колас, 2019. («Паэты планеты»).
Літаратура
- Шамякіна Т. Антычная літаратура // Міфалогія і беларуская літаратура: нарысы і эсэ / Таццяна Шамякіна. — Мінск: Маст. літ., 2008. — С. 213—242. ISBN 978-985-02-0925-2.