wd wp Пошук:

Арцём Мікалаевіч Кавалеўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кавалеўскі. Арцём Мікалаевіч Кавалеўскі (18 сакавіка 1979, Мінск) — беларускі паэт, перакладчык, журналіст.

Біяграфія

У 2001 г. скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 2004—2005 гадах навучаўся на факультэце паланістыкі Ягелонскага ўніверсітэта (Кракаў, Польшча) у рамках стыпендыяльнай праграмы Урада Польшчы для маладых навукоўцаў. У 2005 годзе скончыў аспірантуру БДУ. У 2009—2011 гадах працаваў рэдактарам аддзела мастацкай літаратуры ў часопісе «Бярозка». Выкладае ў Інстытуце журналістыкі БДУ, супрацоўнік кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі, займаецца даследаваннем праблем інтэрпрэтацыі і аналізу сучаснай паэзіі. Працаваў рэдактарам аддзела крытыкі ў часопісе «Маладосць». Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Мае досвед працы рэдактара і сцэнарыста дакументальнага кіно ў РУП «Беларускі відэацэнтр».

Удзельнік нефармальнага літаратурна-мастацкага руху «Бум-Бам-Літ», перакладчыцкіх майстэрняў і семінараў Міжнароднай гуманітарнай школы ў Варшаве, міжнароднага літаратурнага фестываля «Vilenica» (2004) у Славеніі. Старшыня журы конкурсу літаратурна-гістарычнага эсэ «Вацлаў Ластоўскі і Лаздзіну Пяледа: крыўскія міфы і гістарычныя лёсы», зладжанага ў 2008 г. Саюзам пісьменнікаў Літвы і Інстытутам гістарычных даследаванняў Беларусі (ЕГУ).

Жыве ў Мінску.

Творчасць

З 1996 года публікаваў творы ў беларускіх літаратурных выданнях «Першацвет», «Маладосць», «Беларусь», «Полымя», «Літаратура і мастацтва» і інш.

Аўтар вершаў да зборніка літаратурна-мастацкіх паштовак «Горад. Шпацыр. Словы», 2001, кніг «АдмыСЛОВЫя гульні», 2003 (паэзія), «Аддаленасць і Адданасць», 2008 (паэзія і лірычная проза), «Мой сябра анёлак», 2010 (паэзія для дзяцей), «АКРЫ», 2013 (візуальна-паэтычны праект, супольна з дызайнерам Русланам Найдзеным), манаграфіі «Рэпрэзентацыя беларускай паэзіі ў нацыянальнай медыяпрасторы», 2020. Вершы з кнігі «Мой сябра анёлак» былі пакладзеныя на музыку Змітра Вайцюшкевіча і сталі асновай аднайменнага супольнага музычнага праекта з удзелам салістаў і музыкантаў з гуртоў «Дзецідзяцей», «Босае сонца», «Маўзер», «Дыліжанс», «Серебряная свадьба», «RockFolk» і інш.

Стваральнік і тэарэтык логафармізму, творчага метаду сучаснай візуальнай паэзіі. Займаецца перакладам з польскай і рускай моў. Творы А. Кавалеўскага перакладзены на англійскую, нямецкую, шведскую, славенскую, польскую і літоўскую мовы.

Узнагароды

У 2000 годзе атрымаў прэмію Саюза беларускіх пісьменнікаў «Супервобраз XXI стагоддзя — гук, колер, форма» за цыкл вершаў. Узнагароджаны Ганаровай граматай РВУ «Літаратура і Мастацтва» за лепшую публікацыю ў часопісе «Маладосць» у намінацыі «Паэзія» за 2007 год і за плённую дзейнасць у развіцці беларускай літаратуры і мастацтва, граматай РУП «Выдавецтва «Беларускі Дом друку» за шматгадовае творчае супрацоўніцтва і значны асабісты ўнёсак у выпуску часопіса «На экранах», дыпломам РВУ «Выдавецкі дом «Звязда» і часопіса «Маладосць» за адмысловую паэзію і асабістыя заслугі.

Зноскі

  1. 1 2 3 (unspecified title) Праверана 17 лютага 2022.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be