wd wp Пошук:

Багуслаў Адамовіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Адамовіч.

Багуслаў Адамовіч[3] (польск.: Bogusław Adamowicz; 13.01.1870, Мінск, Расійская імперыя — 1944, Варшава, Польшча) — пісьменнік, паэт і мастак. Прадстаўнік «Маладой Польшчы», сімвалізму, імпрэсіянізму, польскай патрыятычнай паэзіі і фантастычнай літаратуры жахаў.

Біяграфія

Яго бацька, Эмерык Адамовіч, выкладаў мастацтва ў мінскай гімназіі, а потым меў сваю фотастудыю ў Мінску.

Каля 1888 скончыў мінскую класічную гімназію. У 1890 быў адным з адказных за падпольную бібліятэку, створаную польскімі навучэнцамі.

1893 — дэбютаваў у варшаўскім «Głosie» (нумар 25) з вершамі «Сэрца» і «Паэты».

1895 — набыў у Соф’і Савіцкай кнігарню, дзе прадаваліся польскія і беларускія кнігі. Прыкладна ў 1897 годзе прадаў кнігарню наступным уласнікам.

1897 — знаходзіцца ў Варшаве, патрапляе ў кола літаратараў, куды яго ўвялі былыя таварышы па мінскай гімназіі — Юзаф Караль і Антоні Патоцкія.

Друкуе некалькі зборнікаў паэзіі: «Gra wyobraźni» (Кракаў, 1896), «Melodie» (Варшава-Мінск, 1897-98); «Tragedia krwi» (Кракаў, 1898), «Poezje. Seria I» (Варшава, 1899). У Кракаве знаёміцца са Станіславам Выспяньскім.

Увесну 1900 прыязджае ў Парыж. Пад настаўніцтвам Аляксандра Шарпенцье вучыцца ствараць мініяцюры і медальёны. Спрабуе займацца скульптурай.

Бярэ ўдзел у культурным жыцці польскіх эмігрантаў. У канцы красавіка 1900 ў залі «Revue Blanche» на зборы Польскага літаратурна-мастацкага кола чытаў лекцыю пра Выспяньскага, сцвердзіў, што у яго творчасці «польскі мадэрнізм ажыццявіў свой першы сапраўдны трыўмф».

У 1901 паэт некалькі разоў выступаў перад публікай. У Парыжы 13 чэрвеня разам з Тадэвушам Міціньскім ён зладзіў аўтарскі вечар у Польскім літаратурна-мастацкім коле, дзе прачытаў тры апошніх вершы, 22 лістапада ён удзельнічаў у зборы памяці Мераслаўскага, арганізаванай таварыствам польскіх студэнтаў «Spójnia», 29 лістапада браў удзел у сьвяткаванні гадавіны Лістападаўскага паўстання, арганізаваным у залі Геаграфічнага таварыства. Лета 1901 года Адамовіч правёў у гасцінным доме Генрыка і Марыі Казіміры Гершынскай ва Урвіле. Там ён перажывае творчы крызіс і разважае пра тое, каб спыніць пісаць вершы.

Верагодна, сябры Адамовіча пераканалі паэта, каб ён сабраў сваю творчасць на сённяшні дзень. У любым выпадку наступны год у Парыжы, 1902, быў поўным літаратурным падзей. 13 лютага на вечары ў Польскім літаратурна-мастацкім коле ён чытае лекцыю да 100-годдзя з дня нараджэння Багдана Залескага. 8 сакавіка выступ паэта папярэднічаў самадзейнаму спектаклю «Варшавянка». 15 лістапада адбыўся вечар з нагоды 25-годдзя творчасці Канапніцкай. З уступным словам выступіў Антоні Патоцкі, а Адамовіч прачытаў некалькі сваіх твораў. Нарэшце, 16 снежня ў кавярні Вальтэр адбылася ўрачыстая вячэра з нагоды выдання зборніка вершаў Багуслава Адамовіча.

Тым часам у Мінску ў газеце «Минский листок» былі апублікаваныя яго вершы ў перакладзе на рускую мову, ажыццёўленым Дарафеем Боханам.

У 1904 перабіраецца ў Італію, дзе спачатку знаходзіцца ў Фларэнцыі, а потым на віле Сан-Джульяна ля Пізы рыхтуе пасмяротны 8-тамовы збор твораў Эльжбеты Басняцкай.

Напрыканцы 1904 вяртаецца ў Польшчу, у Дзікаўскім замку стварае мініяцюрны партрэт Сафіі Тарноўскай. У Кракаве супрацоўнічае з тэатрам Арнольда Шыфмана, дзе 9 студзеня 1907 па яго п’есе Леон Шылер ставіць спектакль «Danse du ventre» (Танец жывата).

Наведваў сяброў, у Брановіцах — сядзібу мастака Уладзіміра Тэтмайера. У 1908 у Чарковах намаляваў партрэт Марыі Раманы з Машынскіх Пуслоўскай.

У снежні 1910 вярнуўся ў Мінск. У нарысе «Вяртанне» (19 сакавіка 1911) пакінуў паэтычнае апісанне Мінска[4].

У 1911 бярэ ўдзел у мастацкай выставе ў Мінску, падрыхтаванай Фердынандам Рушчыцам (два эцюды, «Партрэт пана С.», «Галоўка»).

У 1914, падчас выбуху Першай сусветнай вайны, знаходзіцца ў Кіеве, дзе друкуе свой верш «Айчына», прысвечаны Яцэку Мальчэўскаму.

У 1915 зноў едзе ў Мінск, дзе вядзе актыўную мастацкую і грамадскую дзейнасць.

Ён уключаецца ў дзейнасць Таварыства па ахове помнікаў культуры і гісторыі, які паўстаў пры Цэнтральным грамадзянскім камітэце. Бярэ ўдзел у выставе польскіх мастакоў, арганізаванай 1-21 мая 1916 Таварыствам, выконвае функцыі кансерватара, рыхтуе артыкул па кансервацыі і рэстаўрацыі мастацкіх твораў.

У 1917 уключаецца ў палітычную актыўнасць, быў адным з ініцыятараў «Польскага дэмакратычнага сходу». 30 сакавіка арганізацыйны камітэт Польскага дэмакратычнага звязу выдаў дэкларацыю, дзе між іншым агучвалася

памкненне да гарманічнай супрацы з іншымі і нацыянальнасцямі ў адпаведнасці з прынцыпамі свабоды і дэмакратыі, на аснове прызнання асобнай прыроды гэтага раю і ў прыватнасці нацыянальнага беларускага руху, і паводле прынцыпа, што палякі тут з’яўляюцца карэнным народам з правам на самастойную ўсебаковую культуру[5].

На мітынгу 1 красавіка 1917 Адамовіч вітаў беларускі рух і прадказваў яму светлыя перспектывы.

У 1918 па-ранейшаму працаваў кансерватарам пры Таварыстве аховы помнікаў, быў адным з ініцыятараў стварэння ў Мінску Таварыства сяброў навук (03.11.1918). Падчас бальшавіцкай улады працаваў кансерватарам у гарадскім музеі. Пасля заняцця Мінска польскімі войскамі ад 10 жніўня 1919 Адамовіч стаў галоўным рэдактарам узноўленай газеты «Goniec Miński». У нумары 57 (14 жніўня) Адамовіч апублікаваў першую частку артыкула «З гісторыі культуры Міншчыны», заснаванага, верагодна, на тэксце лекцыі, прачытанай Таварыствам сяброў навук у Мінску.

З новым прыходам бальшавіцкіх войскаў напрыканцы 1920 назаўжды пакідае родны горад і перабіраецца ў Варшаву.

Апошні перыяд яго жыцця — амаль чвэрць стагоддзя — найменш вядомы. У 1920 напісаў мініяцюрны партрэт Ігнацыя Дыгаса (цяпер у Тэатральным музеі ў Варшаве). Таксама ў 1920 апублікаваў 3 артыкулы ў выданні Крэсовай Стражы «L’Est Polonais»: пра Мінск (Minsk d’aujourd’hui et d’autrefois, № 1), пра пагромы яўрэяў ва Украіне і пра магчымасць новай вайны.

У 1922 годзе ён выдаў зборнік апавяданняў «Вясёлы маршалак» і ў 1926 г. раман «Трыумф жоўтых». Удзельнічаў у прадстаўнічай выставе Звяза польскіх мастакоў і дызайнераў (з 18.12.1927 да 13.01.1928). Друкаваўся з вершамі і апавяданнямі ў перыядычным друку. Быў членам Саюза польскіх пісьменнікаў і Звяза польскіх мастакоў і дызайнераў. Сябраваў з паланізаваным чэшскім пісьменнікам Адольфам Багуславам Досталем, які апублікаваў некалькі яго вершаў у чэшскіх перакладах.

Адамовіч так і не стварыў сям’і. Разам з маці і сястрой ён жыў у Варшаве да 1944 года, да разгрому Варшаўскага Паўстання. Пра перадапошнія моманты 74-гадовага паэта праз 20 гадоў паведаміла яго сястра Эмілія:

Калі немцы загадалі нам пакінуць Варшаву, мяне разлучылі з братам, ён быў слабы пасля нядаўняга артрыту, таму яго адправілі ў шпіталь, а мяне павезлі ў лагер, але я ўцякла па дарозе. Шукала яго паўсюль, дасылала лісты, але ўсё дарэмна, нават у шпіталі, які павінен быў яго забраць, нічога не ведалі[5].

Абставіны смерці і пахавання так і застаюцца невядомымі.

Творчасць

Партрэт Здзіслава Тарноўскага. 1905
Партрэт Караля Губерта Раствароўскага. 1909 (?)

Яго мастацкую творчасць характарызавалі наступным чынам:

З 20 гадоў ён працаваў мініяцюрыстам, развіваючы ўсе віды гэтай галіны жывапісу: мініяцюры на косці, пергаменце, кардоне, акварэлі, тушшу і эмалі. Ён зрабіў каля 1000 мініяцюрных партрэтаў, пераважна для загарадных сядзіб. Ён выстаўляўся рэдка. Пісаў таксама вялікія партрэты, часцей за ўсё пастэллю, радзей алеем. Займаўся таксама барэльефамі і медальёнамі[6].

Паэтычныя творы Багуслава Адамовіча падзяляюцца на два розных напрамкі. У першым кірунку ён засяроджвае сваю ўвагу на эратызме і некрафільстве з лёгкім сатанінскім адценнем. На гэты кірунак у творчасці Багуслава Адамовіча паўплывалі творы Эдгара Па і характэрныя для руху Маладой Польшчы крайнасці і меркаванне аб выраджэнні чалавечага розуму. Паэзія Багуслава Адамовіча гэтага кірунку дэталёва адлюстроўвае сэксуальную пачуццёвасць, непасрэдна спалучаючы жыццёвыя жаданні са смерцю.

На другі напрамак у паэтычнай творчасці Багуслава Адамовіча паўплывала паэзія Тадэвуша Мічынскага і Антонія Ланге. У гэтым вершаваным кірунку Багуслаў Адамовіч спадкуе творчасці Юліюша Славацкага, выкарыстоўваючы ў сваёй паэзіі метафізічны і гістарычна-філасофскі рэлятывізм і падкрэсліваючы адначасова сваё бачанне сацыяльнай несправядлівасці. У гэтым кірунку Багуслаў Адамовіч аддзяляе сябе ад Маладой Польшчы, набліжаючыся да пазітывізму.

У міжваенны час развітаўся з паэзіяй, пераключыўся на напісанне фантастычных твораў, дзе скарыстоўваў элементы спірытызму і месмерызму, пры гэтым неаднаразова звяртаўся да беларускіх рэалій і шляхецкіх звычаяў, таксама як да народнага фальклёру і вераванняў[7].

Творы

Паэзія

  • «Gra wyobraźni» (Гульня ўяўлення) (1893);
  • «Melodie» (Мелодыі) (1897);
  • «Rapsod ludzkości» (Рапсод чалавечнасці) (1911);
  • «Wybór poezji» (Выбраныя вершы) (1985).

Проза

  • «Wojna z duchami» (Вайна з духамі) (1908) — пазней выдавалася пад назвай “ W starym dworze. Powieść fantastyczna “ (У старым двары. Фантастычная аповесць);
  • «Tajemnica długiego i krótkiego życia» (Таямніца доўгага і кароткага жыцця) (1911);
  • «Nieśmiertelne głupstwo. Fantazja powieściowa» (Несмертельная глупства. Апавядальная фантазія) (1912);
  • «Wesoły marszałek» (Вясёлы маршалак) (1922);
  • «Świat na żółto» (Мір у жоўтым) (1925), пазней выдавалася пад назвай «Triumf żółtych» (Трыумф жоўтых) (1927).

Зноскі

  1. Bogusław Adamowicz // NUKAT — 2002.
  2. Bogusław Adamowicz // MAK
  3. Адамовіч Багуслаў // Беларуская энцыклапедыя. Том 1. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 1996. — С. 92.
  4. Adamowicz, Bogusław . Powrót // Tygodnik Wileński”, 1911, nr 13.
  5. 1 2 Zieliński, Jan. Próba biografii Bogusława Adamowicza // Pamiętnik Literacki : czasopismo kwartalne poświęcone historii i krytyce literatury polskiej. 1983, 74/3, 293—308.
  6. Życka, Ludwika i Łęska, Michalina. Działalność popowstaniowa Polaków na ziemi Mińskiej: (materiały i wspomnienia). — Warszawa: nakł. Koła Przyjaciół Uchodźców z Mińszczyzny, 1939.
  7. Polechoński, Krzysztof. Mińsk i Mińszczyzna w XX-wiecznej literaturze polskiej. Międzywojenne (i późniejsze) losy polskich pisarzy z Mińszczyzny. — Wrocław: Gajt, 2021. — S. 37.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be