wd wp Пошук:

Барыс Акунін

Рыгор Шалвавіч Чхарцішвілі (руск.: Григорий Шалвович Чхартишвили, груз. გრიგორი შალვას ძე ჩხარტიშვილი; род. 20 мая 1956, Зестафоні, Грузінская ССР, СССР), больш вядомы пад псеўданімам Барыс Акунін (руск.: Борис Акунин), — расійскі пісьменнік, вучоны-японист, літаратуразнаўца, перакладчык, грамадскі дзеяч.

Біяграфія

Рыгор Чхарцішвілі нарадзіўся ў 1956 годзе ў грузінскім Зестафоні. Яго бацька-грузін Шалва Ноевіч Чхарцішвілі быў афіцэрам-артылерыстам, удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. Маці Берта Ісаакаўна Бразінская, яўрэіка па нацыянальнасці, скончыла філалагічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта, працавала настаўнікам рускай мовы і літаратуры. У 1958 годзе сям’я пераехала ў Маскву.

У 1973 годзе Рыгор скончыў Маскоўскую школу нумар 36 з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы, у 1978 годзе — гісторыка-філалагічнае аддзяленне Інстытута краін Азіі і Афрыкі[ru] пры Маскоўскім дзяржаўным універсітэце па спецыяльнасці «гісторык-японовед».

З 1979 па 1986 гады Рыгор Чхарцішвілі працаваў у выдавецтве «Руская мова[ru]» (руск.: Русский язык). З 1986 года быў загадчыкам аддзела публіцыстыкі часопіса «Замежная літаратура[ru]» (руск.: Иностранная литература), у 1994—2000 гады — намеснік галоўнага рэдактара дадзенага выдання. З’яўляўся галоўным рэдактарам шматтомнай серыі «Анталогія японскай літаратуры» (руск.: Антология японской литературы) і складальнікам серыі дэтэктыўных раманаў сучасных замежных аўтараў «Лекі ад нуды» (руск.: Лекарство от скуки).

Першая жонка Рыгора Чхарцішвілі — японка, з якой ён пражыў некалькі гадоў. Другая жонка, Эрыка Эрнэстаўна, — карэктар і перакладчык. Дзяцей няма[4]. З 2014 года пражывае з сям’ёй у Лондане.

Творчасць

У 1980 годзе Рыгор Чхарцішвілі дэбютаваў як перакладчык і літаратурны крытык. У яго рускамоўным перакладзе выдадзены творы японскіх празаікаў (Юкіа Місімы, Кэндзі Маруямы[ja], Кобо Абэ[ja] і іншых), а таксама англамоўных пісьменнікаў (Малкалма Брэдберы[en], Піцера Усцінава і іншых).

Уласныя мастацкія празаічныя творы пачаў публікаваць у 1998 годзе пад псеўданімам «Б. Акунiн» (руск.: Б. Акунин). Расшыфроўка «Б» як «Барыс» (руск.: Борис) з’явілася праз некалькі гадоў, калі ў пісьменніка сталі часта браць інтэрв’ю. Японскае слова «акунін» (яп.: 悪人), па словах аднаго з літаратурных герояў Чхарцішвілі, перакладаецца як «нягоднік, злодзей», але велічэзных маштабаў. Некалькі сваіх твораў пісьменнік апублікаваў пад псеўданімамі «Анатоль Бруснікін» (руск.: Анатолий Брусникин) і «Ганна Барысава» (руск.: Анна Борисова)[5]. Крытычныя і дакументальныя працы публікуе пад сваім сапраўдным імем.

Зноскі

  1. Boris Akunin // Brockhaus Enzyklopädie / Hrsg.: Bibliographisches Institut & F. A. Brockhaus, Wissen Media Verlag Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Борис Акунин // Discogs — 2000.
  3. Boris Akunin // Babelio — 2007.
  4. Кто вы, мистер Акунин?(руск.) . kp.ru (15 сакавіка 2002). Праверана 30 студзеня 2021.
  5. Снигирева, 2014

Спасылкі

Літаратура

  • Снигирева Татьяна Александровна, Снигирев Алексей Васильевич Псевдонимное речетворчество Б. Акунина // Уральский филологический вестник. Серия: Язык. Система. Личность: лингвистика креатива. — 2014. — № 1.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі XX стагоддзя Катэгорыя·Пісьменнікі XXI стагоддзя Катэгорыя·Пісьменнікі Расіі Катэгорыя·Асобы, вядомыя пад літаратурнымі псеўданімамі Катэгорыя·Перакладчыкі XX стагоддзя Катэгорыя·Перакладчыкі XXI стагоддзя Катэгорыя·Перакладчыкі Расіі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be