wd wp Пошук:

Вайніслаў Казімір Лада-Заблоцкі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Заблоцкі. Вайніслаў Казімір Канстанцінавіч Савіч-Заблоцкі (Лада-Заблоцкі; псеўданімы Полацкі Гаўрыла, Завіша Павел, граф Суліма з Белай Русі; 3 сакавіка 1850, маёнтак Панчаны, цяпер Браслаўскі раён, Віцебская вобласць — пасля 3 лютага 1893) — беларускі і польскі пісьменнік, паэт, публіцыст. Адзін з пачынальнікаў рэвалюцыйнага дэмакратызму на Беларусі.

Біяграфія

Бацька, Канстанцін Станіслаў Вікенцьевіч. Маці, Станіслава Іванаўна з роду Святаполк-Мірскіх (у архіўных дакументах называецца Мірскай). Войслаў з маленства выхоўваўся ў дзеда Вікенція Заблоцкага ў маёнтку Мікалаева Гарадоцкага павета Віцебскай губерні (цяпер Шумілінскі раён). Вучыўся ў Віленскай гімназіі, універсітэтах у Празе, Лейпцыгу і Страсбургу.

Далучыўся да руху нацыянальнага абуджэння беларускага народа. У 1868—1870 кіраваў «Крывіцкім вязком» у Санкт-Пецярбургу. Суполку забаранілі, а Войслаў апынуўся пад наглядам паліцыі ў Варшаве.

З 1875 за мяжою ў Аўстра-Венгрыі, Германіі, Егіпце, Францыі, Бельгіі, падтрымліваў сувязі з рускімі і польскімі дэмакратамі, выдаваў газеты на польскай і французскай мовах. У 1886—1887 ліставаўся па-беларуску з украінскім вучоным Міхаілам Драгманавым.

У 1887 вярнуўся на радзіму. У 1888—1889 — супрацоўнік газеты «Виленский вестник». У 1889—1891 жыў у маёнтку Губіна Лепельскага павета. З 1891 у Мінску, пасля жыў у Санкт-Пецярбургу па адрасе Неўскі праспект, д.51, кв. 503. Перапісваўся з Янам Карловічам, Марыяй Канапніцкай, Аляксандрам Ельскім, Міхаілам Драгаманавым, Пятром Лаўровым і інш.

Творчасць

Аўтар сатырычнай паэмы «Праўдападобная гісторыя», аповесці «Каракозаў», драмы «Капернік» і інш. (1870—1873). У 1873 прыслаў у часопіс «Вестник Европы» беларускія вершы — «З чужбіны», «У роднай зямлі» і «Да перапёлкі». У паэме пра Беларусь пярэдадня 1863 «Аповесць пра мае часы» (1876), аповесці «Полацкая шляхта» (1885) і нарысе «Шчаслівейшая Марыся» (1892) шмат беларускамоўных і этнаграфічна-фальклорных матэрыялаў. Выдаваў газеты на польскай і французскай мовах. Супрацоўнічаў у многіх французскіх, нямецкіх і польскіх газетах і часопісах.

Яго рукапісная спадчына знаходзіцца ў бібліятэцы Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве[2], Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы[3], Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы ў Вільні[4], Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы [5], Інстытуце рускай літаратуры (Пушкінскі Дом) Расійскай акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу[6].

Кнігапіс

Рукапісы

Зноскі

  1. Wojnisław Kazimierz Sawicz-Zabłocki // MAK
  2. Inwentarz rękopisów Biblioteki Jagiellońskiej : nr 9001-10000. Cz. I, nr 9001-9500 / opracowała i przygotowała do druku Jadwiga Grzybowska. — Krakow: Państwowe wydawnictwo naukowe, 1977. — С. 128. — 326 с. — 1 000 экз.
  3. Нацыянальная бібліятэка ў Варшаве польск.: Biblioteka Narodowa (Warszawa), аддз. рукап., адз. зах. 7197, 7198;
  4. ЦБ АН Літвы, аддз. рукап., ф. 9, адз. зах. 816; літ.: Lietuvos mokslų akademijos Vrublevskių biblioteka
  5. Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы, ф. 378. Паліт. аддзю, 1887, спр. 93; ф. 1135; воп. 10, спр. 115, л. 137, 138, 153—156; Архівавана 11 жніўня 2020. літ.: Lietuvos valstybės istorijos archyvas
  6. ИРЛИ (Пушкинского Дома) РАН. ф. 273, воп. 1, спр. 521; ф. 274, воп. 1, спр. 399, л. 166; ф. 293, воп. 1, спр. 1396; ф. 572, воп. 1, спр. 213;

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Публіцысты Беларусі Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя·Паэты Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be