Васіль Іванавіч Матэвушаў
Васіль Іванавіч Матэвушаў (6 сакавіка 1915, в. Княжыцы, Магілёўскі павет — 6 сакавіка 1974) — беларускі паэт, журналіст.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У сям’і было шасцёра дзяцей: дзве сястры і чатыры браты. Бацька быў пісьменным чалавекам, яму часта прыходзілася пісаць лісты для ўсёй вёскі[1].
Скончыўшы пачатковую школу, ён паступіў у Княжыцкую школу калгаснай моладзі. У гэтай школе пазнаёміўся з будучым літаратуразнаўцам Міхасём Ларчанкам і маладым таленавітым паэтам Пятрусём Бядуліным. Маладыя хлопцы часта выступалі ў самадзейнасці са сваімі творамі. У Васіля Матэвушава з’явілася вялікае памкненне да пісьменніцкай творчасці, і ён пачаў употай складаць свае першыя вершы. Аднойчы паказаў свае творы Бядуліну, і той параіў даслаць адзін верш у газету «Піянер Беларусі», дзе ў 1930 годзе і надрукавалі ягоны верш «Ліст ад таварыша»[1].
Пасля завяршэння княжацкай школы Васіль паступіў вучыцца ў Гомельскую чыгуначную школу, з якой быў вымушаны сысці якой правучыўся па стане здароўя ў 1933 годзе. Але адразу ў тым жа годзе паступіў на літаратурна-лінгвістычны факультэт Магілёўскага педінстытута. Па першым часе з-за грашовай нястачы і немагчымасці здымаць кватэру ў горадзе прыходзілася хадзіць пехатою на заняткі з Княжыцаў у Магілёў. З часам студэнта Матэвушава прытуліла адна магілёўская яўрэйская сям’я Ізраіля Маісеевіча Ціркельтаў, якая жыла на Малой Грамадзянскай вуліцы[1].
Знаёмства з беларускай, рускай і сусветнай літаратурай, захапляльныя лекцыі беларускага паэта — перакладчыка Юркі Гаўрука, бурнае жыццё інстытуцкага літаратурнага аб’яднання, у якім удзельнічалі Уладзімір Агіевіч, Змітрок Палітыка, моцна паўплывалі на творчую працу маладога паэта, і ён стаў больш смела і ўпэўнена дасылаць свае вершы ў рэспубліканскія выданні і ў абласную газету «Камунар Магілёўшчыны» пад псеўданімам Васіль Нёман[1].
Пасля сканчэння інстытута ў 1937 годзе, выкладаў у 1937—1939 гадах беларускую мову і літаратуру ў Обальскай СШ на Віцебшчыне[2].
У 1939 годзе прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў пасадзе палітрука роты[1] ў Яраслаўскім чыгуначным маставым палку, які ў час савецка-фінляндскай вайны рэстаўрыраваў Паўночную чыгунку. З 1940 года працаваў у Малдове на аднаўленні моста цераз Днестр, дзе яго застала Вялікая Айчынная вайна[2]. У канцы 1941 года яго накіравалі служыць выкладчыкам курсаў ваентэхнікаў артылерыйскай базы № 25 горада Омска. З 1942 па 1943 ён курсант курсаў ваентэхнікаў, з 1943 па 1946 — тэхнік-лейтэнант. У час вайны ў 1943 годзе ўступіў у шэрагі КПСС[1].
Пасля дэмабілізацыі ў 1946 годзе працаваў выкладчыкам Омскага фінансавага тэхнікума[2]. У Омску пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Тамарай Аляксандраўнай. Неўзабаве ў маладой сям’і нарадзілася дачка Наталля[1].
Вярнуўся на радзіму. У 1948—1951 гадах загадваў аддзелам культуры і быту магілёўскай абласной газеты «За Радзіму», затым — на розных пасадах у газеце «Магілёўская праўда»[2].
За час жыцця ў Магілёве давялося тройчы змяніць свай адрас. Спачатку жыла сям’я па адрасе завулак Чкалава, 29, затым на Бурдэнкі, 24, і толькі да 50-годдзя Васілю Матэвушаву ўдалося атрымаць кватэру на праспекце Міру, гасцямі ў якой часам былі такія вядомыя паэты, як Анатоль Вялюгін, Артур Вольскі, калегі па працы ў газеце, пісьменнікі Магілёўшчыны, сябры і паплечнікі Я. Усікаў, І. Аношкін, С. Гаўрусёў, П. Шасцерыкоў, М. Хведаровіч[1].
Член СП Беларусі з 1948 года. Сакратар Магілёўскага абласнога аддзялення СП Беларусі (1971—1974)[2].
Памёр 6 сакавіка 1974 года. Пахаваны на Польскіх могілках у Магілёве.
Творчасць
Друкавацца пачаў з 1930 года, калі ў газеце «Піянер Беларусі» з’явіўся яго верш «Ліст да таварыша». Пры жыцці выдаў пяць паэтычных зборнікаў, тры кнігі нарысаў[2]. Аўтар кніжак вершаў «Магілёўскі шоўк» (1957), «Зорны шлях» (1959), «Сярэбраная кладка» (1965), «Начны дождж» (1969), «Верасы» (1972), «Крынічны луг» (1976). Асобнымі выданнямі выйшлі нарысы «Магілёўскія льнаводы» (1949), «Сяргей Ільіч Слабадзян» (1949), «Даярка Яўгенія Дарашкова» (1950)[3].
Знешне някідкая паэзія В. Матэвушава раскрывае ўнутраную прыгажосць чалавека, хараство роднага Прыдняпроўскага краю[2]. Беларуская прырода, роднае Прыдняпроў’е былі тэмай творчасці паэта. Як адзначаў Васіль Карпечанка, ні водны пісьменнік Магілёўшчыны не здолеў так апець родны Прыдняпроўскі край, як Васіль Матэвушаў[1].
Узнагароды
Узнагароджаны медалямі «За перамогу над Германіяй», «За перамогу над Японіяй»[2].
Асоба
Як згадвае дачка паэта Наталля Васільеўна, у сям’і панаваў культ паэта Янкі Купалы. Яго бясконца перачытвалі і завучвалі і бацька, і маці, якая ўсё жыццё працавала выкладчыцай у магілёўскай школе № 4. Пра захапленне песняром ведалі сябры і калегі, і таму ў сям’і былі дужа радыя, калі гаспадару на 50 гадоў Саюз пісьменнікаў Беларусі падараваў невялічкі, але вельмі прыгожы бюст Янкі Купалы[1].
Знаёмыя падкрэслівалі яго сумленнасць, шчырасць, працаздольнасць, адкрытасць і таварыскасць. Як адзначаў Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, гэта быў паэт таленавіты і вельмі, вельмі, сціплы.
Літаратура
- Акуліч, В. «Гаючы сок» вершаў Васіля Матэвушава / Васіль Акуліч // Могилевская правда. — 2010. — 26 марта. — С. 15.
- Аношкін, І. Пясняр Прыдняпроўя / Іван Аношкін // Магілёўскія ведамасці. — 2005. — 3 сакавіка. — С. 5.
- Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса. — Мінск, 1994. — Т. 4. — С. 248—253 : фота.
- Камкоў, П. «…радкі, напоўненныя сонцам» / П. Камкоў, С. Украінка // Прыдняпроўская ніва (Магілёў). — 2000. — 26 лютага. — С. 2
Зноскі
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 Да стагоддзя з дня нараджэння песняра з Княжыцаў Васіля Матэвушава
- 1 2 3 4 5 6 7 8 Васіль Іванавіч Матэвушаў
- ↑ Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Васіль Іванавіч Матэвушаў
- Да стагоддзя з дня нараджэння песняра з Княжыцаў Васіля Матэвушава