Віктар Вячаслававіч Жыбуль
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Жыбуль.
Віктар Вячаслававіч Жыбуль (3 кастрычніка 1978, Мінск) — беларускі паэт і літаратуразнавец.
Біяграфія
Пачаў пісаць вершы ў раннім дзяцінстве, спачатку пісаў па-руску[1]. Скончыў мінскую СШ № 87 (1995), філалагічны факультэт БДУ (2000), аспірантуру пры філалагічным факультэце БДУ (2003). Кандыдат філалагічных навук (2003). Працаваў у часопісе творчай моладзі «Першацвет» (1995—2002), пазней — у часопісах «Роднае слова» і «Arche». У сярэдзіне 1990-х гадоў некаторы час друкаваўся ў часопісе «Вожык»[2]. З 2009 — вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (Мінск)[3].
Удзельнік «Бум-Бам-Літ» (з вясны 1996), многіх літаратурна-музычных праектаў, мастацкіх акцый, перформансаў. Прычыніўся да дзейнасці музычных гуртоў «Левае зазямленне», «Буслік супраць Кадука», «Засралі казарму». Цяпер выступае з калектывам «Рацыянальная дыета», які апошнім часам ладзіць музычна-паэтычныя канцэрты, ставіць авангардныя спектаклі паводле твораў сучасных аўтараў, а таксама класікаў футурызму. Адна з апошніх роляў Віктара — Разбойнік у п’есе «Янко крУль албАнскай» Іллі Зданевіча.
Першае прызнанне атрымаў на мінскім гарадскім паэтычным конкурсе «Родны горад» (1994), пасля чаго, паводле ўласных слоў, зразумеў, што «пісаць па-беларуску атрымоўваецца лепей, вось так пачаў пісаць толькі на роднай мове»[1]. Набыў вядомасць як паэт-эксперыментатар, аўтар некалькіх паліндромных паэм. Аўтар зборнікаў паэзіі «Калі ў хаце дывэрсант» (1996), «Рогі гор» (1997), «Прыкры крык» (2001), «Дыяфрагма» (2003), «Забі ў сабе Сакрата!» (2008, у сааўтарстве з Верай Бурлак), «Стапеліі» (2012), «Дзяцел і дупло» (2016)[4]. Выступае як даследчык-літаратуразнаўца (сфера навуковых зацікаўленняў — авангардная паэзія, фармальны эксперымент у літаратуры, сінтэз мастацтваў). Разам з Верай Бурлак пераклаў кнігу Арнольда Макміліна «Беларуская літаратура дыяспары» (2003). Сабраў і выдаў спадчыну адметнага, але заўчасна памерлага паэта Дзяніса Хвастоўскага (кніга «Лугназад», 2006), двухтомнік Адама Бабарэкі (2011). Удзельнік праекта «(Не)расстраляныя» (з 2017). Вершы Віктара Жыбуля перакладаліся на англійскую, балгарскую, латышскую, літоўскую, нямецкую, польскую, рускую, украінскую, чэшскую мовы.
Сярод любімых пісьменнікаў называе Уладзіміра Дубоўку, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевiча, Лукаша Калюгу, Альгерда Бахарэвіча. Цікавіцца творчасцю забітых паэтаў 1920—1930-х гадоў, кажа пра моцнае ўражанне ад некаторых вершаў Алеся Пруднікава, Віктара Казлоўскага, Ядвігі Бяганскай[1].
Жанаты, мае дваіх сыноў. Захапляецца гісторыяй, генеалогіяй, падарожжамі[1].
Прызнанне
- Удзельнічаў у міжнародных праектах «Art-Lit-Akt» (Беларусь-Швецыя, 1999), «1984» (Беларусь-Латвія, 2000), «Вечар маладых паэтаў Беларусі» (Расія, Масква, 2001), «Сувязьразрыў» (Украіна-Беларусь, 2004), «Парадак слоў» (Мінск, 2006, 2007), «Навстречу — насустрач» (з расійска-амерыканскім паэтам Сашам Гальперам; Мінск, 2007), «Дні беларускай і шведскай паэзіі» (Мінск-Гродна-Пінск, 2007), «Дні беларускай культуры ў Польшчы» (Вроцлаў, 2007), «Месяц аўтарскага чытання» (Брно, 2007) і інш.
- Пераможца некалькіх паэтычных слэмаў, лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» (2011), Міжнароднай адмеціны імя Давіда Бурлюка (2013).
- Творчасці В. Жыбуля прысвечана манаграфія доктара філалагічных навук І. С. Скарапанавай «Поставангардызм Віктара Жыбуля» (Мінск, 2018).
Творы
Кнігі, брашуры
- Прыкры крык: Вершы, 1993—2000 / Іл. аўт. — Вільня: Выд-ва беларусаў Літвы «РУНЬ», Другі Фронт Мастацтваў, 2001. — 99 с.: іл. — ISBN 9955-427-08-6.
Артыкулы
- ТАВІЗ: па слядах легендарнага літаб’яднання / Віктар Жыбуль // Полымя. — 2017. — № 12. — С. 115—126.
Зноскі
- 1 2 3 4 http://belisrael.info/?p=13984
- ↑ https://belisrael.info/?p=29692
- ↑ http://www.svaboda.org/a/27124970.html
- ↑ http://belisrael.info/?p=8686
Літаратура
- Жыбуль Віктар // Выдавецтва «Галіяфы»: Афіцыйны сайт — Эл. рэсурс by-books.org