Віктар Канстанцінавіч Гардзей
Віктар Канстанцінавіч Гардзей (19 жніўня 1946, в. Малыя Круговічы[1], Ганцавіцкі раён, Брэсцкая вобласць) — беларускі паэт, празаік, перакладчык.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Закончыў Круговіцкую сярэднюю школу (1964) і (завочна) факультэт журналістыкі БДУ (1984). Пасля школы працаваў у калгасе, у 1965—1966 гадах быў літсупрацоўнікам ляхавіцкай раённай газеты «Будаўнік камунізму». З 1966 года — у ганцавіцкай раённай газеце «Савецкае Палессе»[2] (загадчык аддзела пісем, адказны сакратар, намеснік рэдактара).
З пераездам у Мінск (1983) працаваў у рэдакцыях часопісаў «Беларусь», «Родная прырода», з 1989 года — старшы літсупрацоўнік аддзела прозы часопіса «Маладосць». Таксама працаваў у часопісах «Полымя» і «Вожык». Пазней зноў у часопісе «Маладосць» (намеснік галоўнага рэдактара). Да 2010 года працаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура». У 2010—2015 гадах — загадчык аддзела прозы і паэзіі газеты «Літаратура і мастацтва».
Творчасць
Літаратурную працу пачаў у 1963 годзе.
Паэзія Аўтар зборнікаў паэзіі «Касавіца» (1975[3]), «Верасное палясоўе» (1978[4]), «Засевак Радзімы» (1983[5]), «Незабудкі азёр» (1985), «Узрушэнне» (1988), «Дзікая пчала» (1994) і кніжак вершаў для дзяцей «Чырвоны грабеньчык» (1976[6]), «На арэхавай палянцы» (1982), «Коцікі на вярбе» (1988), «Мой тата — трактарыст» (1989[7]) і інш.
Проза Выдаў кнігі прозы «Дом з блакітнымі аканіцамі» (1984), «Карані вечнага дрэва» (1988), «Уратуй ад нячыстага» (1995), «Ці то грэбля, ці то гаць» (1996) і інш.
Пераклады Пераклаў на беларускую мову раманы Г. Флабера «Саламбо» і Р. Стывенсана «Чорная страла», аповесць-казку Э. Гофмана «Шчаўкунчык і мышыны кароль», кнігу казак народаў Еўропы «Хрустальны калодзеж» і інш.
Прызнанне
- Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (1979).
- Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа.
- Лаўрэат літаратурнай прэміі «Залаты купідон» (2007)
- У вёсцы Малыя Круговічы да 50-годдзя пісьменніка імем Віктара Гардзея названа вуліца, на якой ён нарадзіўся і жыў, а на месцы дома, дзе ён жыў, у 2017 годзе ўсталявалі памятны знак[8].
Зноскі
- ↑ Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал. Малыя Круговічы
- ↑ Віктар Канстанцінавіч Гардзей належыць да пакалення паэтаў, што нарадзіліся ў пасляваенны час Архівавана 7 красавіка 2016.
- ↑ «Касавіца»
- ↑ «Верасное палясоўе»
- ↑ «Засевак Радзімы»
- ↑ «Чырвоны грабеньчык»
- ↑ «Мой тата — трактарыст»
- ↑ памятны знак