Віктар Мікалаевіч Шымук
Віктар (Вікенцій) Мікалаевіч Шымук (2 красавіка 1933, в. Змяёўцы, цяпер Дзятлаўскі раён, Гродзенская вобласць — 18 верасня 1998) — беларускі пісьменнік, перакладчык.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Сям’я жыла бедна, мела 3 га зямлі, бацька зарабляў на лесапілцы ў Дзятлаве. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР (1939) бацьку абралі старшынёй калгаса імя Молатава, быў на гэтай пасадзе да пачатку 2-й сусветнай вайны. В. Шымук пайшоў у школу ў Янаўшчыне, якая адчынілася ў былым панскім маёнтку. Пасля вайны скончыў 8-м класаў у Дзятлаўскай школе. У 1949—1951 г. працаваў адказным сакратаром дзятлаўскай раённай газеты «За новую вёску», адначасова вучыўся ў вячэрняй сярэдняй школе. У 1951 г. паступіў на аддзяленне журналістыкі БДУ, які скончыў завочна ў 1957 г. Адначасова працаваў у рэдакцыі газеты «Калгасная праўда», потым — літсупрацоўнікам рэдакцыі газеты «Звязда» (1967—1971), адказным сакратаром штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» (1974—1977). З 1977 г. — намеснік галоўнага рэдактара Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычнага вяшчання на Беларускім радыё. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 1964).
Творчасць
Літаратурную працу пачаў у 1949 г. Для дзяцей напісаў паэму «Каля Броннай гары» (1960), зборнікі вершаў «Мы вясне дапамагалі» (1962), «Дочкі сіняга Немана» (1964), «Марылі пра шчасце хлапчукі» (паэмы, 1981).
Аўтар зборнікаў вершаў «Свіцязянскія хвалі» (1968), «Світанне» (1972), «Святло красавіцкіх бяроз» (1983), «Спелы жнівень» (1990), сатырычных вершаў «Ад хаты да хаты» (1983).
Выдаў кнігі нарысаў «Добрай раніцы, поле» (1964), «Сын каваля» (1970), «Коля Гойшык» (1971), «Леў Даватар» (1973), «Пасля працы рупнай» (1974), «Дыханнем ліпеньскім сагрэтыя» (з Л. Смілавіцкім, 1971), «Рэха Аўроры» (1979), шмат нарысаў В. Шымука прысвечана героям грамадзянскай і Вялікай Айчыннай вайны. Аўтар зборніка апавяданняў «Помняць пушчы і паляны» (1969).
На шэраг вершаў В. Шымука напісаныя песні. Таксама займаўся перакладамі з балгарскай, латышскай, малдаўскай, армянскай, рускай, украінскай і іншых моў. Пісаў крытычныя матэрыялы пра творчасць беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.
Зноскі
Літаратура
- Шымук Віктар // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X.
- Шымук Віктар // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
- Марціновіч А. Красавала ў паэзіі жыта// Літаратура і мастацтва. — 2013. — 5 красавіка. — № 14. — С. 4.