Віталь Міхайлавіч Губарэвіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Губарэвіч. Віталь Губарэвіч (3 студзеня 1926 — 1976) — беларускі грамадскі дзеяч, паэт. Сябра падпольнага Саюза вызвалення Беларусі ў 1946—1947 гадах, вязень ГУЛАГу.
Біяграфія
Нарадзіўся 3 студзеня 1926 г. у в. Наваельня Навагрудскага павета Навагрудскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы (цяпер Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці). Калі меў два гады, памерла маці. Бацька Міхась спачатку працаваў псаломшчыкам у царкве, а з пачаткам савецкай акупацыі — на чыгунцы. Аднойчы ў іх дом прыйшлі супрацоўнікі карных органаў з вобшукам і бацьку арыштавалі, хоць падазронага не знайшлі. Пасля гэтага бацьку Віталя Губарэвіча родныя больш не бачылі і нават не маглі даведацца пра ягоны лёс.
Падчас Другой сусветнай вайны Віталь Губарэвіч працягваў вучобу ў вячэрняй школе, а дзеля дапамогі сям’і падпрацоўваў на чыгунцы. Потым быў адпраўлены на прымусовыя працы ў Германію, дзе працаваў на адным з ваенных заводаў: па адной інфармацыі гэта адбылося, калі немцы неяк запрыкмецілі маладога чугуначніка, а па іншай — падчас побыту Віталя Губарэвіча ў ягонай роднай сястры ў Вільні, дзе аднойчы той выйшаў на рынак і трапіў у аблаву. Калі Віталь Губарэвіч працаваў у Германіі, яму адарвала ўказальны палец на правай руцэ.
Увесну 1945 года вярнуўся на Дзятлаўшчыну, дзе адразу пачаў працаваць і працягнуў вучобу ў вячэрняй школе. Пачаў зачытвацца творамі беларускай літаратуры, пісаў вершы на беларускай і рускай мовах, але яшчэ іх нікому не паказваў, бо не меў каму даверыцца. У 1946 годзе далучыўся да падпольнага антыкамуністычнага Саюза вызвалення Беларусі, дзе напачатку быў упаўнаважаным па Дзятлаўшчыне. Ад гэтага часу часта затрымліваўся супрацоўнікамі НКУС, але тыя, хоць за ім стала сачылі, не маглі знайсці на яго ніякіх канкрэтных доказаў, а сам ён не прызнаваўся, таму адпускалі. З часам да Саюза вызвалення Беларусі далучыўся агент НКУС Алесь Бажко — будучы вядомы паэт, які выдаў усех сяброў арганізацыі, і толькі Віталь Губарэвіч не быў здэканспіраваны. Неўзабаве знайшлася іншая прычына для арышту: у вячэрняй школе нехта выкалаў вочы партрэту Сталіна, улады доўга шукалі вінаватага, а ў выніку вінаватым прызначылі Віталя Губарэвіча, хоць той не меў дачынення да гэтай справы. У маі 1947 г. Віталь Губарэвіч быў асуджаны на 10 гадоў савецкіх канцлагераў.
Пакаранне адбываў на Варкуце, а потым у Інце Комі АССР. Падчас зняволення ў канцлагерах захварэў на сухоты. У лагеры пасябраваў з Ларысай Геніюш, з якой ліставаўся праз свайго сябра і сулагерніка Міколу Канаша, але сяброўства з паэтэсай прадлілася нядоўга, бо ўзніклі непаразуменні ў поглядах. Мікола Канаш пісаў: «Па натуры ён быў добры, аднак ён у парыве злосці не ўмеў сябе стрымліваць. І ў дадатак яшчэ быў хворы». Так, Віталь Губарэвіч лічыў сябе выхадцам з бедных сялянаў, а Ларысу Геніюш з невядомых прычынаў «далучаў да мяшчанаў і да тых, што стаялі на версе».
Пра вершы Віталя Губарэвіча Мікола Канаш пісаў: «… я не сказаў бы, што вершы Губарэвіча вельмі добрыя, пісаў ён іх у лагеры экспромтам, захаваць магчымасці добрай не меў. Ён казаў мне, што ўсуне ў бутэльку і закапае, магчыма, нехта натрапіць. Але шансу на гэта не было ніякага. Таму ўзяў я іх сабе, перачытаў і, лепшыя на мой погляд вывучыў на памяць, іншыя — прыхаваў у шахце. І толькі пасля выхаду на волю пачаў прыводзіць да парадку. І, такім чынам, што захаваў, тое маю і сёння. Усе іншыя, відаць, прапалі, як ён пісаў сам. І ўсё ж, вядома, мне хацелася нейкім чынам зрабіць так, каб пачулі іх людзі. Я стараўся падобнае рабіць, але поўнай галоснасці дасягнуць так і не змог. Па-першае, вершы неабходна яшчэ адшліфаваць і толькі потым пусціць у друк, а гэта не так і проста. Па-другое, ёсць у Губарэвіча вершы і на рускай мове, значыць, іх трэба перакласці на нашу родную мову…». Пад канец 1955 г. — пачатак 1956 г. Віталь Губарэвіч напісаў верш «На смерць Міколы Граноўскага» ў сувязі са смерцю земляка-сулагерніка, які прачытаў над ягонай магілай.
У 1956 г. вярнуўся ў Беларусь. У роднай вёсцы здаў экзамен за курс сярэдняй школы, а потым паступіў на фармацэўтычны факультэт Ленінградскага хіміка-фармацэўтычнага інстытута, дзе атрымаў спецыяльнасць правізара-фармацэўта. Пасля вучобы працаваў у аптэках в. Наваельня, у Навагрудку, а пазней быў прызначаны загадчыкам аптэкі і ў в. Дварэц. Як і раней, шмат пісаў, займаўся перакладамі з польскай, рускай і нямецкай моў. Асабліва любіў перакладаць гумарэскі з польскага часопіса «Шпількі», які ён выпісваў[1]. Актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, іграў у Наваельнянскім духавым аркестры, арганізаваў тэатральны гурток у мясцовым клубе ў Дварцы. Вясковыя артысты часта паказвалі пастаноўкі па творах беларускіх драматургаў, дзе Віталь Губарэвіч выдатна іграў камедыйныя ролі. Пісаў розныя вершаваныя гумарэскі на тэмы вясковага жыцця і выконваў іх на сцэне. Збіраў і запісваў у вёсках Дзятлаўшчыны легенды і паданні.
Пазней Віталь Губарэвіч ажаніўся, меў пасынка — Міхася Кузьміцкага, які таксама быў паэтам і друкаваўся ў мясцовай газеце.
У 1976 г. памёр з прычыны прагрэсуючых сухотаў, якія меў яшчэ з часоў зняволення. Пахаваны на Дзятлаўшчыне ў в. Дварэц.
Цікавыя факты
- У Міколы Канаша захоўвалася каля двух дзясяткаў вершаў Віталя Губарэвіча.
- Паводле Міколы Грышана, Віталь Губарэвіч пасля вяртання з лагераў пра Саюз вызвалення Беларусі нікому нічога не казаў, нават сваёй жонцы. На пытанне, за што быў арыштаваны, адказваў, што нібыта на допытах яго абвінавачвалі ў тым, што падчас вайны ён дапамагаў немцам у Германіі, калі быў прымусова туды вывезены.
- Віталь Губарэвіч адзін з сваіх вершаў прысвяціў вядомай беларускай паэтцы Ларысе Геніюш:
«…Ты гамаю акордаў мілагучных
Напоўніла мне сэрца да краёў,
І вобразаў так родных, неадлучных
Чарга перад вачыма ўстала зноў.
І я за ліру ўзяўся міма волі,
І грозна песня загула мая,
Яна пяе братам маім аб волі,
Аб нашых родных, дарагіх краях.
Але не плач у песні гэтай льецца —
Яна гучыць, як атамана кліч,
Пракляццем грозным з сэрца майго рвецца,
Ўздымае помсты ўсенародны біч».
Зноскі
- ↑ http://www.libdyatlovo.grodno.by/gubarevich-vital/ Дзяржаўная ўстанова культуры «Дзятлаўская раённая бібліятэка». Губарэвіч Віталь
Спасылкі
Літаратура
- Мешчаракова, В. Мо і я паэтам стаў бы… / В.Мешчаракова // ЛіМ. — 2004. — 15 кастрычніка. — С.4.
- Чыгрын, С. Віталь Губарэвіч / Сяргей Чыгрын // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Дзятлаўскага раёна. — Мн., 1997. — С.330-331.
- Сяргей Чыгрын. Хочацца дахаты, — Мінск, 2014. ISBN 978-985-7089-66-6