wd wp Пошук:

Мікола Грышан

Мікола (Мікалай Паўлавіч) Грышан (12 снежня 1933, Чэрніхава, Баранавіцкі павет, Польская Рэспубліка — 22 верасня 2017, Мінск, Беларусь) — беларускі грамадскі дзеяч, паэт, публіцыст[1].

Біяграфія

Нарадзіўся 12 снежня 1933 года ў вёсцы Чэрніхава Баранавіцкага павету Навагрудскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы (цяпер Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці). У Баранавічах скончыў сярэднюю школу і настаўніцкі інстытут.

Першы друкаваны верш з’явіўся ў «Баранавіцкай газеце» ў 1942 годзе. 3 1950 года пачалося супрацоўніцтва са многімі газетамі. Вершы друкаваў у Дзятлаўскай раённай газеце «Перамога», «Настаўніцкай газеце», «Беластоцкай газеце», тыднёвіку «Ніва».

У 1960 годзе скончыў педінстытут імя Янкі Купалы ў Гродне.

3 1952 па 1993 гады працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Са з’яўленнем Беларускага Народнага Фронту стаў яго актыўным удзельнікам і дзеячом. На пачатку 1990-х гадоў займаўся пошукамі звестак пра рэпрэсаванага беларускага паэта Віталя Губарэвіча, удзельніка Саюза вызвалення Беларусі, а таксама напісаў і прысвяціў яму свой верш. У 1999 годзе далучыўся да Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі — БНФ.

У лютым 2013 года ў Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла літаратурна-музычная кампазіцыя «Імя ў літаратурным жыцці Дзятлаўшчыны: Мікола Грышан», прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння Міколы Грышана[2].

Пасля выхаду на пенсію жыў у Дзятлаве, а апошнія гады — у дачкі ў Мінску. Быў старшынёй Дзятлаўскай раённай арганізацыі «ТБМ імя Ф. Скарыны». Памёр 22 верасня 2017 года.

Памяць

  • З прычыны смерці Міколы Грышана старшыня БНФ Зянон Пазняк напісаў: «У памяці сяброў ён застаўся добрым разумным чалавекам, гарачым прыхільнікам Адраджэння Беларусі. На такіх людзях трымаецца традыцыя і добрае наша жыццё. Вечная памяць»[3].
  • У лютым 2018 года ў Дзятлаўскім дзяржаўным гісторыка-краязнаўчым музеі адбылася літаратурная сустрэча, якую наладзілі Гарадзенскае аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў, Дзятлаўская суполка ТБМ і супрацоўнікі музею з нагоды 85-годдзя з дня нараджэння Міколы Грышана. Прысутныя калегі, краязнаўцы, педагогі і вучні мясцовай школы дзяліліся цёплымі ўспамінамі пра Мікалая Грышана, чыталі свае і ягоныя вершы з адзінага выдадзенага паэтычнага зборніка «Вернасць»[4].

Зноскі

  1. http://www.dyatlovo.info/content/gryshan-m-kola Архівавана 11 жніўня 2019. Біяграфія Міколы Грышана
  2. http://www.libdyatlovo.grodno.by/imya-u-litaraturnyim-zhyitstsi-dzyatlaushchyi/ «Імя ў літаратурным жыцці Дзятлаўшчыны: Мікола Грышан»
  3. http://www.bielarus.net/archives/2017/09/24/4899 Беларуская Салідарнасць. Мікола Грышан (1933—2017)
  4. http://museum.dzyatlava.by/2018/02/24/2761/ Архівавана 11 жніўня 2019. Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей. Юбілей паэта Міколы Грышана

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Паэты Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be