wd wp Пошук:

Гай Валерый Катул

Запыт «Катул» перанакіроўваецца сюды; гл. таксама іншыя значэнні.

Гай Валерый Катул (лац.: Gaius Valerius Catullus; каля 84 да н.э. — каля 54 да н.э.) — значны старажытнарымскі паэт перыяду позняй рэспублікі, прадстаўнік рымскіх неатэрыкаў.

Біяграфія

Паходзіў са знатнай веронскай сям’і. З розных нагод узгадваецца сямейная віла на мысе Сірміён каля Вероны і яшчэ адна, бліжэй да Рыма. Перабольшаныя скаргі на беднасць, якія сустракаюцца ў асобных вершах Катула, былі, праўдападобна, жартаўлівымі.

Маладыя гады паэт праводзіў, гледзячы па ўсім, у асноўным у Рыме, дзе завёў сяброўства з паэтамі Цынам і Кальвам, гісторыкам Карнеліем Непатам і інш. Некаторы час актыўна нападаў у непрыстойных вершах на Цэзара, але пазней прасіў у яго прабачэння і, як апавядае Светоній, быў у той жа дзень запрошаны Цэзарам у госці. Паводле таго ж Светонія, Цэзар быў у прыяцельскіх стасунках з Катулавым бацькам, што ў пэўнай ступені вытлумачае прыхільныя адносіны слыннага военачальніка да маладога паэта.

Хутчэй за ўсё, менавіта ў Рыме здарылася самая вядомая з Катулавых закаханасцей. Каханка, якая выступае ў вершах пад іменем Лесбія, звалася насамрэч Клодыяй, аб чым нам вядома з пісанняў Апулея. Звычайна лічыцца, што гэта была Клодыя Пульхра, жонка Квінта Цэцылія Метэла Цэлера.

У 57-56 гг. да н.э. Катул быў у Віфініі, суправаджаючы Гая Мемія.

Гады нараджэння і смерці Катула вядомыя недакладна. Геранім у сваёй «Хроніцы» (Chronicon) паведамляе, што Катул нарадзіўся ў 87 г. да н.э. і памёр на трыццатым годзе жыцця. Асобныя вершы Катула, аднак, згадваюць падзеі 55-54 гг. да н.э. Найчасцей лічыцца, што Геранім памыліўся ў даце нараджэння, і 84 г. да н.э. ёсць больш слушным варыянтам.

Творчасць

Carmina, 1554

Да нас дайшла г.зв. «Кніга Катула Веронскага», збор з болей чым сотні вершаў Катула (межы паміж вершамі ў рукапісах у некаторых выпадках спрэчныя). Збор адкрываецца вершам-прысвячэннем да Карнелія Непата (магчыма, перанесеным з меншага зборніка) і ўключае творы рознага зместу і даўжыні, ад кароткіх, у некалькі радкоў, дасціпных і абразлівых нападаў на сучаснікаў да невялікіх міфалагічных паэм. Для твораў усіх тэм характэрнае выкарыстанне выкшталцоных вершаваных памераў: апроч элегічнага двуверша Катул ужывае фалекаў гендэкасілаб, малую сапфічную страфу, халіямб, галіямб і інш. Значны ўплыў аказалі на Катула Калімах і Сапфо, і асобныя вершы з’яўляюцца вольнымі перакладамі з гэтых паэтаў. Уплыў Катула, у сваю чаргу, вельмі значны ў пазнейшай рымскай паэзіі; яўным чынам яго прызнае, у прыватнасці, Марцыял.

Беларускія пераклады

У 2017 годзе ў серыі «Паэты планеты» выйшла кніга «Выбраныя вершы» ў перакладзе Антона Брыля. Раней вершы Катула перакладалі Уладзімір Клішэвіч, Уладзімір Караткевіч, Лявон Баршчэўскі, Жанна Некрашэвіч-Кароткая, Андрэй Хадановіч, Сяргей Карчыцкі[1].

Гл. таксама

Зноскі

  1. Паэзія Гая Валерыя Катула ў беларускіх перакладах XX і першай дэкады XXI ст.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Старажытнага Рыма Катэгорыя·Паэты I стагоддзя да н.э. Катэгорыя·Паэты Старажытнага Рыма
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be