Гапон (паэма)
«Гапон» — вершаваная аповесць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, якую сучасныя літаратуразнаўцы вызначаюць як паэму. Створана не пазней 1854 г. і з’яўляецца першым вялікім творам пісьменніка, напісаным цалкам на беларускай мове[1].
Сюжэт
Як баш нявесту прыбралі, |
Урывак з паэмы |
Аўтар паспрабаваў у творы паказаць умоўнасць сацыяльнага падзелу грамадства[1], паказаў барацьбу героя за асабістае шчасце, шырыню яго натуры, моцнае пачуццё чалавечай годнасці. У творы адлюстраваны і характэрныя сацыяльна-псіхалагічныя з’явы часу — нарастанне стыхійнага бунту сялян, трагедыя рэкрутчыны, маральны заняпад феадальнага грамадства.
Малады селянін Гапон закаханы ў Кацярыну, на якую заглядаецца і аканом. Аканом, абылгаўшы Гапона перад пані, дамогся, каб таго забралі ў рэкруты. Пані, выпадкова даведаўшыся пра крыўду Кацярыны, прагнала аканома і ўзяла дзяўчыну да сябе пакаёўкай, навучыла яе чытаць і пісаць. Між тым Гапон за некалькі гадоў стаў афіцэрам. Ён прысутнічаў на камісіі па наборы рэкрутаў, куды патрапіў і былы аканом, які спрабаваў ухіліцца ад службы. Гапон дабіўся, каб аканома здалі ў салдаты. Паэма заканчваецца вяселлем Гапона і Кацярыны[1].
Выданні
Твор упершыню апублікаваны ў аднайменным зборніку паэзіі «Гапон», выдадзеным лацінскім шрыфтам у 1855 годзе ў Мінску. Другое выданне аповесці, здзейсненае таксама лацінскім шрыфтам у Санкт-Пецярбургу выдавецтвам «Загляне сонца і ў наша аконца» ў 1907 г[1].
Рукапіс аповесці, выкананы лацінскім шрыфтам, захоўваецца ў г. Торуні (Польшча) ва Універсітэцкай бібліятэцы. У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ёсць яго ксеракопія[1].