wd wp Пошук:

Генадзь Міхайлавіч Лыч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Лыч. Генадзь Міхайлавіч Лыч (нар. 25 лютага 1935, вёска Магільнае, Уздзенскі раён, Мінская вобласць) — беларускі вучоны ў галіне эканомікі, публіцыст. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1991; член-карэспандэнт з 1986), доктар эканамічных навук (1973), прафесар (1977). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980). 

Біяграфія

Скончыў Беларускі інстытут народнай гаспадаркі (1958), дзе атрымаў спецыянальнасць эканаміста. У 1958—1961 гадах малодшы навуковы супрацоўнік, загадчык аддзела эканомікі Брэсцкай абласной дзяржаўнай сельскагаспадарчай доследнай станцыі Мінлясгаса БССР (г. Пружаны). Пасля заканчэння аспірантуры працаваў старшым навуковым супрацоўнікам БелНДІ эканомікі і арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці Мінсельгаса БССР (1964-1967). У 1965 г. атрымаў вучоную ступень кандыдата эканамічных навук. У 1967—1977 гг. загадчык аддзела эканомікі меліярацыйнага і воднагаспадарчага будаўніцтва БелНДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі Мінвадгаса СССР. У 1972 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Эканамічная эфектыўнасць асушальных меліярацый», а у 1973 г. атрымаў вучоную ступень доктара эканамічных навук. У 1977 г. яму было прысвоена вучонае званне прафесара. У 1977—1988 гадах працаваў першым намеснікам дырэктара па навуковай рабоце БелНДІ эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі Дзяржаграпрома БССР.

У 1988 г. перайшоў на працу ў Акадэмію навук БССР, з якой быў цалкам звязаны далейшы лёс вучонага. Са студзеня 1988 г. ён узначальваў Аддзел аграрных праблем сацыялізму Інстытута эканомікі, а з кастрычніка гэтага ж года стаў дырэктарам інстытута. На гэтай пасадзе ў кола яго навуковых інтарэсаў увайшлі праблемы макраэканомікі, эканамічнага механізма гаспадарання ва ўмовах пераходу да рыначнай эканомікі. Удзельнічаў у распрацоўцы «Канцэпцыі эканамічнага суверэнітэту Беларускай ССР», а таксама «Праграмы пераходу Беларускай ССР да рыначнай эканомікі».

У 1992—1997 гг. акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі. Пры распрацоўцы «Канцэпцыі палітыка­–прававога, сацыяльна–­эканамічнага і нацыянальна–­культурнага адраджэння і развіцця Рэспублікі Беларусь» правёў тры пашыраныя навуковыя сесіі Аддзялення з удзелам палітычных і дзяржаўных дзеячаў, а таксама шырокага кола прадстаўнікоў навуковай і творчай інтэлігенцыі, вынікі якіх ў свой час атрымалі грамадскі водгук і адыгралі значную ролю ў адраджэнні нацыянальнай свядомасці беларусаў. У гэты ж час была падрыхтавана першая Нацыянальная справаздача аб чалавечым развіцці «Беларусь: тварам да чалавека».

З 1997 г. зноў вярнуўся на пасаду дырэктара Інстытута эканомікі НАН Беларусі, якую пяць папярэдніх гадоў займаў на грамадскіх пачатках, а з 1998 г. перайшоў на пасаду галоўнага навуковага супрацоўніка гэтага інстытута. Прымаў удзел у правядзенні фундаментальных эканамічных даследаванняў па сацыяльна­–эканамічных праблемах забеспячэння экалагічнай бяспекі жыццядзейнасці грамадства, у тым ліку мінімізацыі негатыўных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У 1999 г. падрыхтаваў і апублікаваў у суаўтарстве манаграфію «Чарнобыльская катастрофа: сацыяльна–­эканамічныя праблемы і шляхі іх вырашэння» (руск.) , у якой упершыню была даведзена колькасная ацэнка шкоды, якую прычыніла аварыя на ЧАЭС нацыянальнай эканоміцы і сацыяльнай сферы Рэспублікі Беларусь.

З 2009 г. вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі[1], займаўся даследаваннем праблем аграрнай эканомікі.

Навуковыя працы

Аўтар больш за 360 навуковых прац, у тым ліку 17 манаграфій. З іх найбольш вядомыя:

  • Экономическая эффективность сельскохозяйственного производства. – Мн.: Ураджай, 1988. – 108 с.
  • Экономическая эффективность использования производственных ресурсов. – Мн.: Ураджай, 1990. – 104 с.
  • Чернобыльская катастрофа: социально-экономические проблемы и пути их решения / Г. М. Лыч, З. Г. Патеева. – Мн.: Право и экономика, 1999. – 291 с.
  • Рыночное реформирование экономики Беларуси: итоги и перспективы. – Мн., 2000. – 79 с.
  • Экономическая наука - реабилитации районов радиоактивного загрязнения / Г. М. Лыч, З. Г. Патеева. - Мн. : Право и экономика, 2001. - 61 с.
  • Глобализация и адаптация к ней экономики Беларуси: пособие. – Минск : БГАТУ, 2010. – 143 с.
  • Развитие агропромышленного комплекса: новые вызовы и возможные ответы на них / Г. М. Лыч, А. П. Шпак. - Минск : Институт системных исследований в АПК НАН Беларуси, 2014. - 133 с.
  • Аграрная экономика: проблемы и пути их решения: авторское кредо. – Минск : Право и экономика, 2016. – 216 с.

Публіцыстыка

Апублікаваў шэраг публіцыстычных артыкулаў, а таксама кнігі:

  • Інтэлектуальная дзірка. - Мн. , 1998. - 206 с. (прысвечана пытанням навукі, найперш гуманітарнай і сацыяльнай, і дзейнасці навуковай інтэлігенцыі)
  • Пакутлівыя блуканні. - Мн. , 2000. - 231 с. (адлюстраваны шматлікія цяжкасці, з якімі сустрэлася Беларусь на шляху пераходу да рыначнай эканомікі)
  • Народам звацца. - Мн. , 2001. - 335 с. (абгрунтоўваецца неабходнасць захавання і ўмацавання эканамічнага і палітычнага суверэнітэту Рэспуб­лікі Беларусь)
  • Трагедыя беларускага сялянства. - Мн. , 2003. – 269 с.
  • Перад лёсавызначальным выклікам: роздум. - Санкт-Пецярбург : Неўскі прастор, 2018. – 194 с.

Яго публікацыі вызначаюцца прынцыповасцю аўтарскай пазіцыі, актуальнасцю і аргументаванасцю вывадаў і прапаноў.

Аўтар кнігі мемуараў «Повязь часоў: успаміны» (Санкт-Пецярбург, 2014. - 384 с.).

Сям’я

Яго брат Леанід Міхайлавіч Лыч — вучоны-гісторык.

Зноскі

  1. Республиканское научное унитарное предприятие «Институт системных исследований в АПК Национальной академии наук Беларуси»

Літаратура

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — С. 386. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9), ISBN 985-11-0035-8.
  • Бусько В. М., Пацеева З. Р. Генадзій Міхайлавіч Лыч (Да 70-годдзя з дня нараджэння) // Весцi НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 2005. № 1.
  • Мядзведзеў В. Ф. Генадзій Міхайлавіч Лыч (Да 75-годдзя з дня нараджэння) // Весцi НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 2010. № 1.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Публіцысты Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be