Леанід Міхайлавіч Лыч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Лыч. Леанід Міхайлавіч Лыч (8 лютага 1929, в. Магільнае, Уздзенскі раён Мінскай вобласць — 17 студзеня 2021) — беларускі гісторык, публіцыст. Доктар гістарычных навук (1989), прафесар (1993).
Біяграфічныя звесткі
Нарадзіўся сялянскай сям’і на Уздзеншчыне. Скончыў гістарычны факультэт Башкірскага педагагічнага інстытута ва Уфе (1957), працаваў настаўнікам (1958-1961). З 1962 года ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук БССР, прайшоў шлях ад старшага лабаранта да галоўнага навуковага супрацоўніка (2016), доктара гістарычных навук, прафесара. Старшыня Тапанімічнай камісіі пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1992—1996).
Навукова-даследчыцкая дзейнасць
Даследваў пытанні сацыяльна-класавых адносін у савецкі час, гісторыю беларускай культуры, моўную палітыку ў Беларусі ў XIX—XX ст., міжнацыянальныя адносіны ў краіне ў XX стагоддзі.
Шмат пісаў пра важнасць беларускай мовы, абароны нацыянальнай культуры і незалежнасці. Ён быў адным з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», а таксама нязменным сябрам Рады гэтага аб’яднання.
Адзін з аўтараў кніг: «Гісторыя Мінска» (1967), «Гісторыя Беларускай ССР» (т.5, 1975), «Гісторыя рабочага класа БССР» (т.4, 1987), «Нарысы гісторыі Беларусі» (т.2, 1995), «Гісторыя культуры Беларусі» (1996); аўтар манаграфій, сярод якіх «Беларуская нацыя і мова» (1994), «Назвы зямлі беларускай» (1994) і інш.
У кнізе «Беларуская нацыянальная ідэя: тэарэтычны і практычны аспекты» (2010) раскрываюцца фармаванне канцэпцыі беларускай нацыянальнай ідэі і шляхі пераўвасаблення яе ў практыку. З усяго комплексу звязаных з гэтым пытанняў найбольш падрабязна разгледжаны нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва і асветніцка-моўны фактар. Храналагічна кніга заканчваецца 30-мі гадамі ХХ ст.
Даследаваў праблему культурнага жыцця на тэрыторыі, што знаходзілася пад юрысдыкцыяй акупацыйных уладаў у кнізе «Нацыянальна культурнае жыццё Беларусі на тэрыторыі функцыянавання нямецкага акупацыйнага рэжыму (чэрвень 1941 ― ліпень 1944 г.)», якая выйшла ў 2011 годзе.
Кніга «Краязнаўства ў кантэксце сучаснага нацыянальна-культурнага жыцця Беларусі» (2013) прысвечана раскрыццю становішча краязнаўчага руху ў Рэспубліцы Беларусь, паказаны яго дасягненні ў даследаванні розных праблем, звязаных з гісторыяй, нацыянальна-культурным жыццём. Аўтар шмат увагі надаў моўнаму і тапанімічнаму аспектам краязнаўчых даследаванняў.
У кнізе «Беларусы на мяжы нацыянальнай катастрофы» (2015) раскрываюцца прычыны неверагодных цяжкасцяў этнакультурнага жыцця беларускага народа ў выніку правядзення супярэчнай яго інтарэсам дзяржаўнай моўнай палітыкі ўладамі Рэчы Паспалітай, царскай Расіі, СССР — БССР і Рэспублікі Беларусь. На аснове аналізу фактычнага матэрыялу паказана, што праблема захавання беларусамі сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці істотна абвастрылася пасля правядзенага па ініцыятыве палітычнага кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь у 1995 г. рэферэндуму, згодна з якім насуперак сусветнай практыцы краін з адным тытульным народам статус другой дзяржаўнай мовы надалі ў Беларусі і рускай мове. Аўтар паказвае, што пры падтрымцы дзяржаўнага чыноўніцкага апарату руская мова трывала ўсталявалася ва ўсіх сферах афіцыйнага жыцця, зрабіўшы лішняй, непатрэбнай для яго беларускую мову.
Выбраная бібліяграфія
- Аднаўленне і развіццё чыгуначнага транспарту Беларускай ССР (верасень 1943—1970 гг.). — Мн., 1976.
- Аграрный отряд рабочего класса Белоруссии. — Мн., 1984.
- Ликвидация экономического и социально-культурного неравенства союзных республик [Текст] : на примере БССР : (1917—1941 гг.) / Л. М. Лыч; под ред. В. А. Полуяна; АН БССР, Ин-т истории. — Мн.: Наука и техника, 1987. — 286 с.
- Беларуская нацыя і мова. — Мн., 1994.
- Назвы зямлі беларускай. — Мн., 1994.
- Гісторыя культуры Беларусі / разам з У. І. Навіцкім. 2-е выд. — Мн., 1997.
- Гісторыя культуры Беларусі (1917-чэрвень 1941 г.). — Віцебск, 2008.
- Міжнацыянальныя дачыненні на Беларусі (верасень 1943 — кастрычнік 1964 г.). — Мн., 2009.
- Беларуская нацыянальная ідэя: тэарэтычны і практычны аспекты. — Мн., 2010.
- Уніяцкая царква Беларусі: этнакультурны аспект / 2-е выд. — Мінск : Кнігазбор, 2011. — 127 с.
- Нацыянальна-культурнае жыццё на Беларусі ў часы вайны (1941—1944 гг.). — Вільня: Наша будучыня, 2011. — 332 с.
- Яўрэйская культура Беларусі яе агульны духоўны набытак. — Мінск, 2012.
- Рускі прафесар на ніве беларускага нацыянальнага адраджэння. — Мінск, 2013.
- Нацыянальна-культурнае аўтаномія як варыянт захавання іх этнакультурнай самабытнасці. — Мінск, 2013.
- Краязнаўства ў кантэксце сучаснага нацыянальна-культурнага жыцця Беларусі. — Мінск, 2013.
- Першаму з’езду беларусаў свету — 20 гадоў. — Мінск, 2013.
- Культурнае супрацоўніцтва беларускага і ўкраінскага народу- гарант захавання іх нацыянальнай ідэнтычнасці. — Мінск, 2013.
- Беларускае нацыянальнае пытанне ў калейдаскопе думак. — Мінск, 2014.
- Моладзі — праўдзівую гісторыю Беларусі. — Мінск, 2014.
- Міжваенная беларусізацыя і яе ўрокі. — Мінск, 2014.
- Беларусы на мяжы нацыянальнай катастрофы. — Мінск, 2015.
- Усенародны рух за наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай (да 25-годдзя Закона «Аб мовах у Беларускай ССР» — 26 студзеня 1990). — Мінск, 2015.
- Беларуская мова на скрыжаваннях трох палітычных рэжымаў. — Мінск, 2016.
- Беларуская нацыянальная адукацыя ў Заходняй Еўропе. — Мінск, 2016.
- Улады дыялог праігнаравалі (2015—2018 гг.) / Леанід Лыч, Мікола Савіцкі. - Мінск : [б. в.], 2019. — 174 с. — ISBN 5-85700-126-9.
Грамадска-палітычныя погляды
«Што тычыцца апошняй чвэрці стагодздзя, дык хай бы яго не было, чым такое. Нават пры класычнай савецкай уладзе першыя сакратары, старшыні Саўміну (нават прысланыя з Масквы) не адважваліся гаварыць, што беларусы — частка рускай нацыі і таму называць нас „рускімі са знакам якасьці“. Ніхто не адмаўляў у арыгінальнасці, самабытнасці нашай культуры і мове[3].
Ацэнкі дзейнасці
- Старшыня ТБМ Алена Анісім : «Усе гады незалежнасці Беларусі спадар Леанід выступаў яе непахісным абаронцам. Ён не шкадаваў сіл і пісаў шмат артыкулаў пра важнасць беларускай мовы і абароны нашай культуры»[4].
- Старшыня грамадзкай арганізацыі «Міжкультурны дыялог» Любоў Ўладыкоўская : «Заўсёды ўражвала працаздольнасьць прафэсара. Па дзясятку кніг за год, і гэта ва ўзросце 80 з гакам! Кнігі збольшага выходзілі за ўласны кошт Леаніда Міхайлавіча… Прываблівалі ягоныя незвычайныя лёгкасць, аптымістычнасць, далікатнасць, узвышанасць, нематэрыялістычнасць, пастаянная нацэленасць на высокія мэты. А мэты гэтыя былі нязменнымі — вяртаньне народу яго гістарычнай памяці і годнасці, наданьне беларускай мове пачэснага месца ў сваім родным доме — Беларусі»[5].
Сям’я
Ягоныя браты:
- Генадзь Міхайлавіч Лыч — навуковец-эканаміст, доктар эканамічных навук, прафесар, акадэмік НАН Беларусі;
- Анатоль Міхайлавіч Лыч — навуковец у галіне прыродакарыстання, кандыдат тэхнічных навук.
Зноскі
- ↑ Catalog of the German National Library Праверана 28 мая 2020.
- ↑ Памёр прафесар Леанід Лыч // Novy čas — 2002. — ISSN 2218-2144 Праверана 17 студзеня 2021.
- ↑ Лычу 90 гадоў. Мінуўшчына Беларусі ў біяграфіі гісторыка
- ↑ Памёр гісторык Леанід Лыч, абаронца беларускай мовы. У яго быў каранавірус Архівавана 18 студзеня 2021.
- ↑ «Па дзясятку кніг за год за ўласны кошт». У памяць пра гісторыка Леаніда Лыча Архівавана 18 студзеня 2021.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9), ISBN 985-11-0035-8.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 408. — 494 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- Лыч Леанід Міхайлавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 440. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
- Лыч Леанід Міхайлавіч на сайце Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі}
- Асноўныя працы Л. М. Лыча: буклет ЦНБ НАН Беларусі
- Леанід Лыч у бібліятэцы «Камунікат»