Дан Андэрсан
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Андэрсан.
Даніэль «Дан» Андэрсан (шведск.: Daniel ”Dan” Andersson, 6 красавіка 1888, Скатлёсберг, Швецыя — 16 верасня 1920, Стакгольм, Швецыя) — шведскі пісьменнік, паэт і кампазітар.
Біяграфія
Дан Андэрсан нарадзіўся 6 красавіка 1888 года ў Скатлёсбергу (зараз камуна Людвіка ў правінцыі Даларна) у сям’і сельскіх настаўнікаў. Продкі бацькі былі фінскімі перасяленцамі. Ва ўзросце пяці гадоў навучыўся чытаць, а ў восем, маючы скрыпку, - самастойна навучыўся граць на ёй, вывучаў англійскую мову. У 1902 годзе пабываў у Злучаных Штатах, куды сям’я хацела эміграваць у пошуках працы і сродкаў існавання. Умовы для сям’і ў ЗША апынуліся ненашмат лепш, чым на радзіме, пасля чаго ён вярнуўся ў Швецыю. У гэты перыяд ён напісаў шэраг апавяданняў і вершаў.
У 1905 годзе сям’я пераязджае, але ў 1911–1915 гадах зноў жыве ў Скатлёсбергу. Дан піша шмат апавяданняў і вершаў у гэты час. У 1914–1915 гадах Дан вучыцца ў Брунсвікскай народнай школе. З гэтага часу піша прозу, вершы і песні, якія карыстаюцца папулярнасцю ў шведаў і спяваюцца амаль стагоддзе праз. Самыя вядомыя яго песні – «Маёй сястры» і «Юнга Янсан».
Дан загінуў у пакоі №11 у стакгольмскай гасцініцы Хэльман 16 верасня 1920 года, дзе ён спрабаваў уладкавацца на працу ў выданні «Сацыял-дэмакрат». Супрацоўнікі гасцініцы труцілі вошаў у пакоі і не праветрылі памяшканне. У выніку атручвання Андэрсан памёр.
Пахаваны ў горадзе Людвіка.
Творчасць
Паэт і празаік, некаторыя свае вершы сам паклаў на музыку. Карыстаўся псеўданімам Чорны Джым (Black Jim). Уважаўся за пралетарскага паэта, хоць гэтай тэматыкай яго творы не абмяжоўваліся.
У 1917—1918 гадах супрацоўнічаў з сацыял-дэмакратычнай газетай «Ny Tid» у Гётэбаргу, займаўся перакладамі твораў Р. Кіплінга і Шарля Бадлера на шведскую мову. Нягледзячы на прастату выхавання, Андэрсан быў вельмі адукаваным і музычным чалавекам, іграў на скрыпцы і акардэоне.
Некаторыя творы
- Kolarhistorier (1914)
- Kolvaktarens visor (1915)
- Det kallas vidskepelse (1916)
- Svarta ballader (1917)
- De tre hemlösa (1918)
- David Ramms arv (1919)
- Chi-mo-ka-ma. Berättelser från norra Amerika (1920)
- Efterlämnade dikter (1922)
Памяць
- У 1988 годзе Пошта Швецыі выпусціла дзве паштовыя маркі ў гонар стагадовага юбілею са дня нараджэння Дана Андэрсана.
- У Гётэбаргу ўсталяваны помнік Андэрсана.
- У родным горадзе Людвіка адкрыты мемарыяльны музей паэта і пісьменніка Дана Андэрсана, там з’яўляецца яго помнік.
Зноскі
- ↑ Merkedager: fødselsdager, stiftelsesdatoer, begivenheter — Осла: Biblioteksentralen, 1989. — ISBN 82-7022-061-2
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- ↑ Lotass L. Dan Andersson — Swedish Literature Bank, 2008. Праверана 7 чэрвеня 2020.
- ↑ Dan Andersson // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ http://finngraven.se/%28S%28c0jrhr451ifkwf455yn0vnqs%29%29/DisplayInfo.aspx?id=1086626
Спасылкі
- Dan Andersson
- Сайт пра Д. Андэрсана Архівавана 19 красавіка 2012. (шведск.)
- Песня Дана Андэрсана «Broder Joachim» у выкананни Sofia Karlsson (Audio only, Tønderfestivalen, 2006)
- Песня Дана Андэрсана «The Brookland Road» у выкананни Olivia Chaney
- Твор Д. Андэрсана «Калядная песня з Фінскага краю» у перакладзе на беларускую мову (бел.)
- Шведскі мадэрнізм ад Алесі Башарымавай