wd wp Пошук:

Джойс Кэрал Оўтс

Джойс Кэрал Оўтс (англ.: Joyce Carol Oates; 16 чэрвеня 1938, Нью-Ёрк) — амерыканская пісьменніца.

Біяграфія

Нарадзілася і вырасла ў Нью-Ёрку ў простай працоўнай сям’і «нічым не адметнай для нашага часу, месца і эканамічнага статусу», як пісала пра сваё дзяцінства сама Оўтс.

Адукацыю Оўтс пачынала ў школе, якая ўяўляла сабой усяго адзін пакой. Тут некалі вучылася і яе маці. Чытаць дзяўчынка пачала яшчэ з маленства. І тады ж, пакуль не навучылася пісаць, расказвала свае гісторыі праз маляванне. У дзяцінстве яна пазнаёмілася з творамі такіх аўтараў, як Уільям Фолкнер, Фёдар Дастаеўскі, Генры Дэвід Тора, Эрнэст Хемінгуэй, Шарлота і Эмілі Бронтэ, і, па яе ж прызнанні, іх уплыў глыбока на ёй адбіўся.

Пісаць літаратурныя творы Оўтс пачала ў чатырнаццаць, калі атрымала ў падарунак друкарскую машынку. Пазней яна працягнула навучанне ў большых прыгарадных школах і скончыла Віламсвільскую паўднёвую школу ў 1956 годзе, дзе таксама працавала ў школьнай газеце. Яна стала першай са сваёй сям’і, хто атрымаў сярэднюю адукацыю.

Будучая пісьменніца атрымала стыпендыю для навучання ва ўніверсітэце Сіракузаў і, набіваючы руку, пісала «раман за раманам і заўжды іх выкідала, калі заканчвала». У той час Оўтс адкрыла для сябе Д. Г. Лоўрэнса, Фланеры О’Конар, Томаса Мана і Франца Кафку. Яны моцна паўплывалі на яе далейшую творчасць. У свае дзевятнаццаць Оўтс выйграла конкурс на найлепшае апавяданне, праспансаваны часопісам Mademoiselle. Яна скончыла ўніверсітэт у 1960 годзе, а ступень магістра атрымала ва ўніверсітэце Вісконсін-Мэдысан у 1961. Падчас свайго навучання там пісьменніца сустрэлася са сваім будучым мужам Рэймандам Дж. Смітам, з якім пабралася шлюбам у 1961 годзе.

Свой першы раман With Shuddering Fall Дж. К. Оўтс надрукавала ў 1964 годзе. У 1966 выйшла ў друк яе апавяданне «Where Are You Going, Where Have You Been?». Яно было прысвечанае Бобу Дылану і заснаванае на гісторыі серыйнага забойцы Чарлза Шміта. Апавяданне часта ўключалі ў анталогіі, а ў 1985 годзе па ім быў пастаўлены фільм Smooth Talk. У 2008 годзе Оўтс прызналася, што з усіх надрукаваных твораў яе найбольш ведаюць па гэтым.

З 1962 году яна выкладала ва ўніверсітэце Дэтройта. Праз вайну ў В’етнаме і Дэтройцкі расавы бунт у 1968 годзе яны з мужам пераехалі ў Канаду, дзе пісьменніца выкладала ва ўніверсітэце Вінздара. З 1978 году і да сёння Оўтс — прафесар Прынстанскага ўніверсітэта, ЗША.

Сярод самых значных яе твораў — раманы A Garden of Earthly Delights (1967), Wonderland (1971), Black Water (1992), Blonde (2000), The Falls (2004), а таксама зборнікі апавяданняў The Wheel of Love And Other Stories (1970), Marriages and Infidelities (1972), I Am No One You Know: Stories (2004) (апавяданні «Дзяўчына з падбітым вокам» і «Тры дзяўчыны» ўзятыя менавіта адтуль), The Museum of Dr. Moses: Tales of Mystery and Suspense (2007) і іншыя. Акрамя гэтага, Оўтс таксама піша вершы, п’есы, крытычныя эсэ, а таксама творы для дзяцей і падлеткаў. Усяго на яе рахунку больш за пяцьдзясят раманаў, каля трыццаці з паловай зборнікаў апавяданняў, дзесяць паэтычных кніг. Уладальніца шматлікіх літаратурных прэмій. Пра Оўтс ужо цягам дваццаці пяці гадоў кажуць як пра «намінанта» на Нобелеўскую прэмію па літаратуры.

Беларускія пераклады

Паасобныя творы Д. К. Оўтс на беларускую пераклала Ю. Цімафеева.

Зноскі

  1. http://www.nndb.com/lists/507/000063318/
  2. Joyce Carol Oates // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. http://www.theguardian.com/books/2012/aug/14/joyce-carol-oates-portrait-artist
  4. http://web.archive.org/web/20170324034050/http://jeugdliteratuur.org/auteurs/joyce-carol-oates
  5. (unspecified title) Праверана 4 сакавіка 2021.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі ЗША Катэгорыя·Пісьменніцы ЗША
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be