wd wp Пошук:

Зыгмунт Вінцэнтавіч Нагродскі

Зыгмунт Вінцэнтавіч Нагродскі (1866, вёска Зулаў Свянцянскага павета, Віленская губерня, Расійская імперыя — 25 сакавіка 1937) — беларускі паэт і культурны дзеяч. Належаў да ліберальна-дэмакратычнага кірунку «краёўцаў».

Біяграфія

Нарадзіўся ў вёсцы Зулаў Свянцянскага павета Віленскай губерні Расійскай імперыі. Маёнтак у Зулова належаў двараніну Юзафу Вінцэнту Пілсудскаму (1833—1902), бацьку Юзафа Пілсудскага (1867—1935).

Праводзіў культурна-асветную работу сярод віленскіх рамеснікаў, прапагандаваў творы беларускіх пісьменнікаў, у т.л. Францішка Багушэвіча, з якім сябраваў. Нелегальна распаўсюджваў «Дудку беларускую» Багушэвіча, у 1896 г. перавыдаў гэты зборнік. У 1901 зняволены ў Пецярбургскі астрог. Удзельнічаў у беларускім нацыянальна-дэмакратычным руху, матэрыяльна падтрымліваў выданне «Нашай нівы». У 1920-я гг. на ўласныя сродкі заснаваў «Народнае выдавецтва», якое выпускала танныя кніжкі для масавага чытання, у т.л. «Гутаркі і песенькі» Уладзіслава Сыракомлі (1929). Аўтар напісанай на беларускім фальклорна-этнаграфічным матэрыяле п’есы «На каляды» (з падзагалоўкам «Народны абразок з ваколіц Зулова з 1876 года», на беларускай і польскай мовах; пастаўлена ў Вільні ў 1936). Вядомы яго верш «На памяць зычліваму для сям’і» (1900) на смерць Францішка Багушэвіча) і верш-прамова «Пастароньцесь, мае братцы…», зачытаная ім у 1912 г. у фальварку Барэйкаўшчына (каля Вільні) на адкрыцці помніка Уладзіславу Сыракомлю. Аўтар успамінаў пра Францішка Багушэвіча.

Творы Зыгмунта Нагродскага зберагаюцца ў Цэнтральнай бібліятэцы АН Літвы і Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

Пахаваны на Старых Росах у Вільні пад агульным надгробкам з бацькам Вінцэнтам, сястрой Марыяй, братам Іахімам і яго жонкай Клемянцінай.[1]

Зноскі

  1. https://musurajonas.lt/pl/zygmunt-nagrodzki-tytan-pracy-oswiatowo-spolecznej/

Літаратура

  • Рагойша, В. Зыгмунт Нагродскі і яго вершы // Рагойша, В. Кантакты. — Мн., 1982.
  • Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — СПб. : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Паэты Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be