Каміл Беднарж
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Беднарж. Ка́міл Бе́днарж (чэшск.: Kamil Bednář; 4 ліпеня 1912, Прага — 23 мая 1972, Мельнік) — чэшскі паэт, перакладчык.
Біяграфія
Прадстаўнік паэтычнага пакалення, чыя творчасць мужнела ў панурай атмасферы акупаванай краіны. З 1931 г. вучыўся ў Карлавым універсітэце, дзе вывучаў права і гісторыю літаратуры. Выдаў некалькі зборнікаў трагічнай лірыкі: «Камень у тратуары» (1937), «Плач каменя» (1939) і інш. У 1938—1939 гг. рэдагаваў машынапісны часопіс «Noc», у якім друкавалі свае вершы маладыя дэкадэнцкія паэты. Пасля закрыцця акупацыйнымі ўладамі ўсіх чэшскіх вышэйшых навучальных устаноў у 1939 г. працаваў спачатку рэдактарам у выдавецтве Мелантрых, а затым — В. Петра.
У 1940 г. апублікаваў зборнік «Вялікі мярцвяк» і брашуру «Слова да маладых», у якой, выражаючы пачуццё горкага скепсісу і недаверу да ўсіх формаў грамадскага ладу, заклікаў у сутнасці пісьменнікаў замкнуцца ў вузкім свеціку свайго «я». Вакол гэтага маніфеста склалася група аўтараў, якія імкнуліся дыстанцавацца ад папярэдніх, паводле іх меркавання, «ідэалагічных» і неапраўдана аптымістычных пакаленняў. Падчас вайны паралельна з асноўнай трагічнай тэмай у творчасці К. Беднаржа ўзнікла тэма сямейнага шчасця, кахання і гармоніі, ён пачаў пісаць казкі для дзяцей: у 1943 г. выйшаў зборнік вершаў паэта «Магія і шляхі доктара Фаўста» і кніга казак для дзяцей «Пра Фаўста, Маргарыту і д’ябла», у 1944 г. — зборнік лірыкі «Песня кахання».
У 1947 г. К. Беднарж быў сярод заснавальнікаў суполкі маладых паэтаў «Ohnice» («Агеньчык»), выпусціў два аднайменныя альманахі суполкі. З 1949 г. працаваў у выдавецтве «Československý spisovatel». Выйшлі зборнікі яго вершаў: «Прага пад крыламі вайны» (1945) «Душы арлоў» (1946), «Успаміны байцоў» (1948), «Гісторыя сэрца» (1957) і інш. У 1959 г. К. Беднарж сышоў з выдавецтва і цалкам прысвяціў сябе творчасці. Публікаваўся ў часопісах «Tvorba», «Kritický měsíčník», у газеце «Literární noviny» і інш. У 1967 г. удзельнічаў у стварэнні літаратурнай суполкі «Pevný bod» («Нерухомы пункт»).
Перакладаў са шматлікіх моў свету, у тым ліку з беларускай Янку Купалу. Асабліва крытыкі адзначалі яго «наватарскія пераклады» твораў амерыканскага паэта, драматурга і натурфілосафа Р. Джэферса.
Шмат пісаў для дзяцей, выдаў кнігі «Маляванне жывёл» (1961), «Дзяўчына з Італіі» (1962), «Што здарылася з дзядзьком яйка» (1964), «Казкі за заслонай» (1966), «Фартэпіяна едзе ў свет» (1967) і інш., пераказаў казкі «Чырвоны Капялюшык» (1969), «Кот у ботах» (1972) і інш. Апублікаваў зборнікі лірыкі: «Незабыўны час», «Сад у Атлантыдзе» (абодва — 1971), «Галавакружэнне ад вяртання» (1973) і інш. У 1971 г. выдаў кнігу ўспамінаў «Сяброўства праз акіян».
Сям’я
Каміл Беднарж — бацька драматурга, акцёра Іржы Беднаржа (нар. 1941) і рэжысёра, драматурга, сцэнарыста Івана Беднаржа (нар. 1945).
Зноскі
- 1 2 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118508245 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 11 мая 2014.
- 1 2 3 Czech National Authority Database Праверана 23 лістапада 2019.
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118508245 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 21 снежня 2014.
- ↑ Czech National Authority Database Праверана 15 верасня 2020.
- ↑ The Fine Art Archive — 2003. Праверана 1 красавіка 2021.
- ↑ Evidence zájmových osob StB (EZO)
- ↑ Studenti pražských univerzit 1882–1945
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Камил Бэднарш (руск.)
- Kamil BEDNÁŘ (чэшск.)