Канстанцыя Антонаўна Буйло
Канста́нцыя Анто́наўна Кале́чыц, псеўданім Канстанцыя Буйло (14 студзеня 1893, Вільня — 4 чэрвеня 1986, Масква) — беларуская паэтэса. Заслужаны дзеяч культуры БССР (1968)[1].
Біяграфія
Нарадзілася ў сям’і аб’ездніка графа Тышкевіча. Была ахрышчана 17 студзеня 1893 года ў Віленскім касцёле Святога Якава. Асноўную адукацыю атрымала дома ў хатніх настаўнікаў. Скончыла кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ў Вільні (1914).
Тут пазнаёмілася з Максімам Гарэцкім. Сябравала з Уладзіславай Луцэвіч. Настаўнічала ў вёсцы Горнае Скробава (1912—1913), дзе вучыла сына пана Дзеўчапольскага. А. Шоцкі адзначае, што К. Буйло некалькі разоў наведвала Крошын, Завоссе, Туганавічы, Калдычэўскае возера і мясціны, звязаныя з жыццём філаматаў і філарэтаў[2].
Загадвала беларускай кнігарняй у Полацку (1915—1916)[1], але ў сувязі з яе закрыццём перайшла на працу ў Земскі саюз(руск.) бел..
7 чэрвеня 1916 года выйшла замуж за Віталя Адольфавіча Калечыца, сына надворнага саветніка, які паходзіў з засцянковай шляхты Мінскага павета (у 1933 годзе арыштаваны).
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі працавала статыстам у Валакаламскім павятовым выканкаме рабочых і салдацкіх дэпутатаў, бухгалтарам саўгаса «Данілкава». З 1923 года пераехала ў Маскву да свайго мужа, дзе жыла да самай смерці на Ціхвінскім завулку(руск.) бел., № 11.
Працавала на заводзе «Аграном» (1929—1934), начальнікам аддзела збыту палітэхлабарсаюза (1934—1940), у 1940—1951 гадах — начальнікам аператыўнага аддзела, затым в. а. намесніка дырэктара цэнтральнай канторы ветэрынарнага забеспячэння трэста Саюзветзабпрам.
Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1944 года).
Памерла ў Маскве 4 чэрвеня 1986 года. У 1989 годзе ўрну з яе прахам перавезлі ў Вішнева (Валожынскі раён)[3].
Творчасць
Друкавацца пачала ў 1909 годзе, змясціўшы ў «Нашай Ніве» пад імем свайго брата Эдуарда першыя свае вершы — «Хвоя», дасланы з Адравонжы Ашмянскага павета («Наша Ніва», № 9), і «Скора зіма» («Наша Ніва», № 46). Паводле іншых звестак, першым надрукаваным вершам быў «Лес» (1903)[4]. Пад уласным імем пачала друкавацца з 1910 года. У 1914 годзе Беларускае выдавецкае таварыства выпусціла дэбютны зборнік вершаў К. Буйло — «Курганная кветка»[5] (1914, Вільня, друкарня Марціна Кухты; факсімільнае выданне ў 1989), які адрэдагаваў Я. Купала[1] і аформіў Язэп Драздовіч.
Да сярэдзіны 1940-х, амаль 20 гадоў не друкавалася.
Аўтар зборнікаў вершаў «Світанне» (1950), «На адноўленай зямлі» (1961), «Май» (1965), «Роднаму краю» (1973). Выйшлі Выбраныя творы (1954), «Выбранае» (1968, 1976), Выбраныя творы ў 2 тамах (1981). Напісала кніжкі вершаў для дзяцей «Юрачка» (1957), «У бляску зор» (1968), «Вясной» (1984). Многія вершы паэтэсы пакладзены на музыку. Асабліва шырокую вядомасць займела песня «Люблю», якая стала народнай[1].
Максім Гарэцкі ў сваёй «Гісторыі беларускае літэратуры» лічыў яе «найбольш выдатнай пасля Цёткі жаноцкай сілай ў нашай поэзіі»[6].
Аўтар п’ес «Кветка папараці» (1914) і «Сягонняшнія і даўнейшыя» (1914, пастаўлена ў 1921).
Узнагароды
Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі. Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1968).
У гонар Канстанцыі Буйло названая вуліца ў Мінску, усталявана мемарыяльная дошка на Вішнеўскай сярэдняй школе Валожынскага раёна, якой прысвоена яе імя[7].
Зноскі
- 1 2 3 4 Буйло Констанция Антоновна // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 87. — 737 с.
- ↑ Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 190. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4.
- ↑ Гарэцкі, Р. Сяброўства творцаў. Браты Максім і Гаўрыла Гарэцкія і беларускія паэтэсы — Канстанцыя Буйла і Наталля Арсеннева // Роднае слова. — Мн.: 2006. — № 6. — С. 104.
- ↑ Канстанцыя Буйло // Першацвет адраджэння: Вучэб. дапам. па беларус. літ. для ст. кл. сярэд. шк. / Склад. М. А. Федасеенка, Т. П. Прохарава, Г. М. Разанава і інш. — Мн.: Нар. асвета, 1995. — С. 318—319. — 511 с. — ISBN 985-03-0216-X.
- ↑ Д. Віндоўскі. „Курганная кветка“ // Наша Ніва. — 1914. — № 47. — С. 3.
- ↑ Гарэцкі, М. Буйло, Канстанцыя // Гісторыя беларускае літэратуры. — Выданьне другое (папраўленае). — Вільня: Віленскае выдавецтва Б. Клецкіна, 1921. — С. 198—199.
- ↑ Канстанцыя Буйло(руск.) . Отдел образования Барановичского районного исполнительного комитета (6 снежня 2011).(недаступная спасылка)
Літаратура
- Буйло Канстанцыя // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X.
- Буйло Канстанцыя // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
- І. У. Саламевіч. Буйло Канстанцыя Антонаўна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Беларусы — Варанец. — С. 320—321. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3), ISBN 985-11-0035-8.
- Буйло К. …Коціцца рэха: Вершы, паэмы, лісты // Уклад. і прадм. Д. Чаркасавай. — Мн.: Маст. літ., 1993. — 287 с. — ISBN 5-340-01327-8.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Канстанцыя Антонаўна Буйло
- Творы Канстанцыі Буйло на сайце «Беларуская Палічка»
- Творы Канстанцыі Буйло на сайце «Родныя вобразы» Архівавана 16 сакавіка 2012.
- Кароткая біяграфія на сайце «Адраджэнцы Беларусі»