Карсан Мак-Калерс
Карсан Мак-Ка́лерс (англ.: Carson McCullers; 19 лютага 1917, Калумбус, штат Джорджыя, ЗША — 29 верасня 1967, Ньяк, штат Нью-Ёрк, ЗША) — амерыканская пісьменніца.
Біяграфія
Яе сапраўднае імя — Лула Карсан Сміт. Яна нарадзілася ў Калумбусе, штат Джорджыя, у 1917 годзе. Яе маці была ўнучкай уладальніка плантацыі і героя вайны з боку Канфедэрацыі. Яе бацька быў гадзіншчыкам і ювелірам французскага паходжання. З дзесяцігадовага ўзросту, Лула брала ўрокі ігры на фартэпіяна. Калі ёй было пятнаццаць гадоў, яе бацька даў ёй друкарскую машынку, каб складаць апавяданні.
Сміт скончыла школу Columbus High. У верасні 1934 года ва ўзросце 17 гадоў, яна пакінула дом на параходзе з Саваны, штат Джорджыя, каб вучыцца ігры на фартэпіяна ў Джульярдской школе музыкі ў Нью-Ёрку. Пасля страты кашалька з грашыма, адведзеных для навучання, яна ніколі не наведвала школу. Мак-Калерс працавала і вывучала творчасць у Тэхасе з пісьменніцай Дораці Скарбора на вячэрніх занятках у Калумбійскім універсітэце і з Сільвіяй Чэтфільд Бэйтс у Вашынгтон-сквер каледжы Нью-Ёркскага ўніверсітэта. У 1936 годзе яна апублікавала сваю першую працу «Wunderkind».[4]
У 1937 годзе выйшла замуж за Рыўза Мак-Калерса. У 1940 годзе, будучы дваццацітрохгадовай, апублікавала першы раман «Сэрца — адзінокі паляўнічы» (загаловак — цытата з верша шатландскага паэта XIX ст. Уільяма Шарпа «Адзінокі паляўнічы»), тады ж раз’ехалася, а ў 1941 годзе развялася з мужам. Перабралася ў Нью-Ёрк, дзе жыла ў асяроддзі літаратурнай і мастацкай багемы, пасябравала з У. Х. Одэнам, Б.Брытэнам, С.Далі, П. Боўлзам, пазней — з Т.Капотэ, Т.Уільямсам. У 1944 годзе ад інфаркту памёр бацька Мак-Калерс. У 1945 годзе яна ўступіла з ранейшым мужам у новы шлюб і адправілася ў падарожжа па Еўропе. У 1947 годзе пісьменніца спрабавала пакончыць з сабой, лячылася ў нью-ёркскай клініцы, была часткова паралізаваная. У 1952—1953 зноў жыла з мужам у Еўропе (у Францыі), пасля яго самагубства — ён спрабаваў пераканаць яе разам сысці з жыцця — вярнулася ў ЗША. У 1955 годзе страціла маці. У 1958 годзе правалілася п’еса Мак-Калерс. Яна запала ў дэпрэсію, моцна піла, перанесла некалькі цяжкіх аперацый, перажыла некалькі інсультаў (пісьменніца з юнацтва пакутавала рэўмакардзітам і прылівамі крыві да галавы). З 1962 года перасоўвалася ў крэсле-каталцы. Памерла ад кровазліцця ў мозг пасля паўтарамесячнай комы.
Творчасць
Першы раман «Сэрца — адзінокі паляўнічы» быў напісаны ў 1940 годзе. У рамане «Госць на вяселлі»(1946), аповесцях «Адлюстраванні ў залатым воку» (1941), «Балада пра сумнае кафэ» (1951), «Гадзіннік без стрэлак» (1961) Мак-Калерс падымае тэму адзіноты асобы ў бездухоўным грамадстве, таксама сацыяльныя і антырасісцкія матывы.
Аўтар эсэ, апавяданняў, п’ес.
Крытыка
Хоць творчасць Мак-Калерс часта апісваецца як «паўднёвая готыка», яна стварыла свае вядомыя работы пасля таго, як пакінула поўдзень. Яе эксцэнтрычныя персанажы пакутуюць ад адзіноты, якая інтэрпрэтуецца з глыбокім спачуваннем. У гутарцы з ірландскім крытыкам і пісьменнікам Тэрэнсам дэ Вер Уайтам яна сказала: «Пісаць, для мяне, гэта пошук Бога». Іншыя крытыкі па-рознаму выяўлялі трагікамічныя ці палітычныя элементы ў яе творчасці.
Творы
Раманы
- The Heart Is a Lonely Hunter / Сэрца — адзінокі паляўнічы (1940, фільм Роберта Эліса Мілера, 1968)
- Reflections in a Golden Eye / Адлюстраванні ў залатым воку (1941, фільм Дж. Х’юстана, 1967)
- The Member of the Wedding / Госць на вяселлі (1946, аўтарская пераробка ў драму, 1950; фільм Ф.Цынемана, 1952, фільм Клода Міле, 1985; тэлефільмы 1982 і 1997)
- Clock Without Hands / Гадзіннік без стрэлак (1961)
Іншыя творы
- The Ballad of the Sad Café and Other Stories / Балада пра сумнае кафэ (1951, зборнік прозы, загалоўная аповесць перароблена Э.Олбі ў драму, 1963; фільм, 1991)
- The Square Root of Wonderful / Квадратны корань цудаў (1958, п’еса)
- The Mortgaged Heart / Сэрца ў заклад (1972, зборнік апавяданняў)
- Illumination and Night Glare / Азарэнне і начная ліхаманка (1999, няскончаная аўтабіяграфія)
Прызнанне
Двойчы лаўрэат Фонду Гугенхайма (1942 і 1946), лаўрэат прэміі Генры Беламана за выдатны ўклад у літаратуру (1966). Ва ўніверсітэце Каламбуса адкрыты Цэнтр для пісьменнікаў і музыкантаў імя Карсан Мак-Калерс. Творы Мак-Калерс перакладзены на многія мовы свету і шмат разоў экранізаваны.
Беларускія пераклады
На беларускую мову зборнік аповесцей «Балада пра сумнае кафэ» (Мн., 1988) пераклаў У. Шчасны.
Зноскі
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- 1 2 Carson McCullers // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- 1 2 3 https://www.anb.org/view/10.1093/anb/9780198606697.001.0001/anb-9780198606697-e-1601094
- ↑ Virginia Spencer Carr, The Lonely Hunter p.62
Літаратура
- Evans O. Carson McCullers, Her Life and Work. London: Owen, 1965
- Edmonds D. Carson McCullers. Austin: Steck-Vaughn, 1969
- Bloom H. Carson McCullers. New York: Chelsea House Publishers, 1986
- Carr V.S. Understanding Carson McCullers. Columbia: University of South Carolina Press, 1990
- James J.G. Wunderkind: The Reputation of Carson McCullers 1940—1990. Columbia: Camden House, 1995
- Savigneau J. Carson McCullers: un cœur de jeune fille. Paris: Stock, 1995 (переведена на анг. и исп.)
- Critical Essays on Carson McCullers/ Beverly Lyon Clark, Melvin J Friedman, eds. New York: G.K. Hall; London: Prentice Hall International, 1996.
- Gleeson-White S. Strange Bodies: Gender and Identity in the Novels of Carson McCullers. Alabama: UP of Alabama, 2003
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — 560 с.: іл.
Спасылкі
- Цэнтр для пісьменнікаў і музыкантаў імя Карсан Мак-Калерс (англ.)
- Старонка на сайце IMDB
- Карсан Мак-Калерс Архівавана 23 кастрычніка 2020. (руск.)
- Карсан Мак-Калерс на сайце «Find a Grave» (англ.)