Мануіл Базілевіч
Мануіл Базіле́віч — усходнеславянскі драматург і паэт XVIII ст.
Біяграфічныя звесткі
Вучыўся ў Кіева-Магілянскай акадэміі. У 1750—1754 выкладаў паэтыку і рыторыку ў Смаленскай духоўнай семінарыі. Высока ацэньваў творчасць Я. Каханоўскага і М. Сарбеўскага. Для школьнага тэатра семінарыі напісаў вершаваную драму «Дэкламацыя». Паміж дзеяннямі «Дэкламацыі» ставіліся сатырычна-гумарыстычныя інтэрмедыі на беларускай мове «Селянін у касцёле» і «Селянін на споведзі», напісаныя М. Базілевічам або яго вучнямі.
Творчасць
«Дэкламацыя» — тыповы твор школьна-схаластычнай драматургіі. Драма-маралітэ напісана сілабічным вершам з пазіцый царкоўна-рэлігійнай маралі і хрысціянскіх ідэалаў. Карыстаючыся алегарычнымі і міфічнымі вобразамі, аўтар асуджаў п’янства, хцівасць, прадажнасць суддзяў, спачуваў бедным, сцвярджаў думку пра марнасць жыцця, неабходнасць маральнага ўдасканалення чалавека. Мова п’есы стараславянская з беларусізмамі.
Сцэнкі «Сялянін у касцёле» і «Селянін на споведзі», якімі ў Смаленскай духоўнай семінарыі суправаджалася пастаноўка драмы М. Базілевіча «Дэкламацыя» былі цалкам беларускія па мове. Паводле задумы, камедыйныя сцэнкі цесна звязаны з дзеяннем самой драмы, кантраставалі з ім. У драме ўзнёсла праслаўляліся дабрачыннасці, у інтэрмедыях жа асуджаліся заганы грэшнага чалавека: непавага да рэлігіі і царкоўных абрадаў, схільнасць да п’янства. Аднак мастак узяў у камічных сцэнках верх над схаластам-дыдактыкам, выкарыстанне канкрэтнага жыццёвага матэрыялу прывяло да нечаканых вынікаў. Сяляне Церах, Змітрок, Свірыд, якія сваімі паводзінамі павінны былі выклікаць смех і асуджэнне, на самай справе выклікаюць спачуванне як ахвяры сацыяльнага і рэлігійнага прыгнёту.
Героі інтэрмедыі «Селянін у касцёле» і «Селянін на споведзі» відавочныя вальнадумцы. Церах пусціўся ў святым месцы ў скокі, маліцца хадзіў пад прымусам — каб поп не «вякаў». Свірыд на споведзі перадражнівае святара, не прызнае кананічных малітваў. Непрывабна выглядае не толькі каталіцкае, але і праваслаўнае духавенства (святар параўноўваецца з чортам). Гэта сведчыць, што ў смаленскіх інтэрмедыях, нават насуперак волі аўтара, адбілася агульная атмасфера ранняга Асветніцтва.
Інтэрмедыі да драмы М. Базілевіча сталі этапнымі творамі ў развіцці беларускай драматургіі. Іх героі — не абстрактныя сяляне, якія часта сустракаюцца ў тагачасных езуіцкіх сцэнках, а канкрэтныя людзі з індывідуальным жыццёвым лёсам. Церах — пажылы селянін, муж маладой жонкі, якая не супраць яго «з двора збыць», бацька пяці сыноў, што выраслі, як дубы, але не вельмі пра яго дбаюць. У сям’і Змітрака і дзеці індывідуалізаваныя, не падобныя адзін да аднаго. Месца дзеянняі ў інтэрмедыях лакалізавана. Церах ідзе ў канкрэтны касцёл у Любавічах, голас сына яму чуецца з Навін, відаць, роднай вёскі. 3 этнаграфічнай дакладнасцю расказваецца аб штодзённых справах і занятках сялян, аб іх ежы і жытле. У параўнанні з езуіцкімі смаленскія інтэрмедыі больш звязаны з народнай творчасцю. Яны нагадваюць вершаваныя гутаркі. У некаторых месцах з’яўляюцца рытм і рыфма (Любавичи — гуляючи, помолисся — павидзисся і інш.). У вобразнай, насычанай фальклорнымі параўнаннямі і метафарамі мове інтэрмедый адбілася тагачасная гутарковая мова беларускага простанароддзя.
Зноскі
Літаратура
- Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979. С. 61—64.
- Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 316—319.
- Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. Т. 2. — 2-е выд. — Мн., 2010. С. 21—22, 475.