wd wp Пошук:

Мацей Казімір Сарбеўскі

Мацей Казімір Сарбеўскі (лацінізаванае імя Sarbievius, польск.: Maciej Kazimierz Sarbiewski, літ.: Motiejus Kazimieras Sarbievijus; 24 лютага 1595, в. Сарбева, каля Плоцка, цяпер Мазавецкае ваяводства, Польшча — 2 красавіка 1640, Варшава) — новалацінскі паэт, тэарэтык літаратуры і школьнага тэатра, тэолаг, філосаф. Паляк.

Біяграфічныя звесткі

Скончыў Віленскую езуіцкую акадэмію. Удасканальваў веды ў Германіі і Італіі. У 1612 годзе ўступіў у ордэн езуітаў. Выкладаў у Полацкім езуіцкім калегіуме (1618-1620, 1626-1621), Нясвіжскім езуіцкім калегіуме, Віленскай езуіцкай акадэміі (1620-1622, 1628-1635). Полацкія і віленскія курсы лекцый паэтыкі і рыторыкі ляглі ў аснову яго літаратуразнаўчых і эстэтычных трактатаў на лацінскай мове. З асобай Мацея Сарбеўскага звязана з’яўленне ў Віленскім універсітэце кола гуманістаў, якое ўключала прафесараў рыторыкі, прамоўцаў і паэтаў (Жыгімонта Лаўксміна, Яна Рывоцкага, Томаша Клягэ, Яна Хадзынскага, Мікалая Кміціца)[7].

3 1635 года каталіцкі прапаведнік пры двары караля Уладзіслава IV у Варшаве.

Творчасць

Франтыспіс Lyricorum Libri па малюнку Рубенса
Вітаўтас Цыпліяўскас. Партрэт Сарбевія

М. Сарбеўскі — аўтар трактатаў па рыторыцы, паэтыцы і антычнай міфалогіі («Пра дасканалую паэзію», «Своеасаблівасць лірыкі», «Аб вартасцях і недахопах элегіі», «Аб трагедыі і камедыі», «Аб фігурах думкі», «Аб вытанчанасці і дасціпнасці» і інш.), якія ўвайшлі ў зборнікі: «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер» (апубл. 1954), «Лекцыі па паэтыцы» (апубл. 1958), «Багі язычнікаў» (апубл. 1972, усе выдадзеныя ў Польшчы на лацінскай і ў перакладзе на польскую мову).

Засноўваючыся на працы антычных аўтараў (Арыстоцель, Платон, Гарацый, Цыцэрон) і аўтараў часоў Адраджэння (Ю. Скалігер, Я. Пантан), распрацоўваў эстэтычныя пытанні паэзіі, драматургіі, красамоўства, міфалогіі. М. Сарбеўскі развіваў прагрэсіўныя тэндэнцыі, выступаў за свабоду мастацкай творчасці. Паводле яго, паэзія не толькі пераймае тварэнні прыроды, але і паляпшае іх (прынцып ідэалізацыі). Асновай зместу паэтычнага твора лічыў фабулу. А паколькі фабула найбольш поўна раскрываецца ў эпічным жанры, то эпас уяўляўся яму вянцом паэзіі. Эпас, на думку М. Сарбеўскага, сумясціў у сабе ўсе навукі і мастацтвы, а эпічная паэма здавалася яму цэлым сусветам, народжаным фантазіяй паэта. Да недасканалых відаў паэзіі М. Сарбеўскі адносіў элегію і часткова лірыку, а эпіграму зусім выключаў з паэзіі. Гэта не перашкодзіла яму прысвяціць лірыцы вялікі трактат, у якім даследавалася своеасаблівасць лірычнай выяўленчасці і лірычны стыль. Падрабязна спыніўся ён таксама і на элегічнай паэзіі. Драматычную паэзію М. Сарбеўскі змясціў недзе пасярэдзіне паміж эпасам і лірыкай. Ён ахарактарызаваў «недасканалыя віды» паэзіі: сатыру і букалічную паэзію, байку, ідылію, панегірык, гімн і інш.

Яго трактат «Пра трагедыю і камедыю, або Сенека і Тэрэнцый» прызначаўся для практычнага кіраўніцтва ў школьным тэатры Беларусі, Літвы і Польшчы таго часу. У спецыяльным трактаце Сарбеўскі выклаў тэорыю досціпу, вызначаючы яго як «адзінства згоднага і нязгоднага», сумяшчэнне гармоніі з дысгармоніяй (барочная канцэпцыя).

Арыентуючыся на антычнае мастацтва, М. Сарбеўскі ў той жа час высока ставіў творчасць Дантэ і асабліва Яна Каханоўскага. Такі падыход быў наватарскі. Яго даследаванні знаходзіліся на ўзроўні лепшых еўрапейскіх прац таго часу і зрабілі ўплыў на выкладанне гэтых навук на Беларусі і Літве.

Аўтар зборнікаў «Тры кнігі лірычных вершаў» (1625), «Чатыры кнігі лірычных вершаў» (1631), «Лясныя песні» (1637). Сумяшчаў у сваёй паэтыцы элементы Рэнесансу і барока. Вершы М. Сарбеўскага перакладзены на англійскую, нямецкую, французскую мовы Д. Набароўскім, на польскую мову — У. Сыракомлем. На беларускую мову іх перакладалі Ларыса Чарнышова, Лявон Баршчэўскі.

Творы

  • Lyricorum libri I (1624).
  • Lyricorum libri II (1625).
  • Epodon liber unus alterque Epigrammatum (1634).

Трактаты

  • Characteres lyrici («Пра роды лірычнай паэзіі»)
  • De perfecta poesi («Пра дасканалую паэзію»)
  • De acuto et arguto («Аб вастрыні і досціпе»)
  • De virtutibus et vitiis carminis elegiaci («Пра вартасці і заганы элегіі»)
  • Dii gentium («Богі язычнікаў»)
  • Liber de Urbe et Romanis («Кніга пра Горад і рымлян»)

Выданні

  • Sarbiewski, Macej Kazimerz. Wykłady poetyki (Praecepta poetica) / Macej Kazimerz Sarbiewski; przeł. i oprac. Stanisław Skimina. — Wrocław-Kraków, 1958.
  • Sarbiewski, M.K. Bogowie pogan (Dii Gentium) / Macej Kazimerz Sarbiewski; wstęp, oprac. i prz. Krystyna Stawecka; przyg. Stanislaw Skimina, Maria Skiminowa. — Wroclaw : Instytut Badań Literackich PAN & Ossolineum, 1972.
  • Sarbiewski, Macej Kazimerz. Wykłady poetyki (Praecepta poetica) / Macej Kazimerz Sarbiewski; przeł. i oprac. Stanisław Skimina. — Wrocław-Kraków, 1958.
  • Sarbiewski, M.K. De perfecta poesi, sive Virgilius et Homerus (O poezji doskonałej czyli Wergiliusz I Homer) / Macej Kazimerz Sarbiewski; przełożył M. Plezia; opracował S. Skimina. — Wrocław, 1954.

Зноскі

  1. 1 2 Deutsche Nationalbibliothek, Staatsbibliothek zu Berlin, Bayerische Staatsbibliothek et al. Record #119055031 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 29 красавіка 2014.
  2. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  3. 1 2 autori vari SARBIEWSKI, Maciej KazimierzIstituto dell’Enciclopedia Italiana, 1929.
  4. Deutsche Nationalbibliothek, Staatsbibliothek zu Berlin, Bayerische Staatsbibliothek et al. Record #119055031 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.
  5. autori vari SARBIEWSKI, Maciej KazimierzIstituto dell’Enciclopedia Italiana, 1929.
  6. The Catholic Encyclopedia: An International Work of Reference on the Constitution, Doctrine, Discipline, and History of the Catholic Church — NYC: D. Appleton & Company, 1913.
  7. Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі. У 6 т. Т. 3. Рэфармацыя. Контррэфармацыя. Барока / аўтары тома: В. Б. Евароўскі [і інш.]; рэдкал. тома: В.Б.Евароўскі [і інш.]; Нац. акад. навук Беларусі, Iн-т філасофіі. – Мінск: Беларус. навука, 2013. – C. 188.

Літаратура

  • Конан У. Полацкі курс паэтыкі М. К. Сарбеўскага (1618—1627 гг.) // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1972. № 1.
  • Конан У. На скрыжаванні братніх культур: Мацей Казімір Сарбеўскі, 1595—1640 // Вяртання маўклівая споведзь: Постаці творцаў беларускай гісторыі ў кантэксце часу. Мн., 1994.
  • Конан У. М. Сарбеўскі Мацей Казімір // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 179. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
  • Кісялёў Г. Літаратуразнаўства і літаратурная крытыка Беларусі: ад вытокаў да пачатку ХХ ст. // Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. Т. 2. — 2-е выд. — Мн., 2010.
  • Mały słownik pisarzy polskich. Część pierwsza. Warszawa: Wiedza powszechna, 1966. S. 149.
  • Korolko, M. Sarbiewski i jego liryki / M. Korolko // M. K. Sarbiewski. Liryki oraz Droga rzymska i fragment Lechiady / przeł. T. Karyłowski TJ, oprac. M. Korolko przy współudziale J. Okonia. — Warszawa, 1980. — S. I—XX.
  • Langbein, Lebrecht Gotthelf. Commentatio de Mathiae Casimiri Sarbievii … vita, studiis et scriptis / Lebrecht Gotthelf Langbein. — Dresdae, 1754. — 174 p.
  • Markiewicz, H. Sarbiewski / H. Markiewicz // Polski słownik biograficzny. Warszawa-Kraków. — T. XXXV/2. — Zeszyt 145. — 1994. — S. 179—184.
  • Stawecka, K. Maciej Kazimierz Sarbiewski. Prozaik i poeta / K. Stawecka. — Lublin: Wydaw. T-wa Nauk. Katolickiego Uniw. Lubelskiego, 1989. — 199 s.
  • Warzawski, J. «Dramat rzymski» Macieja Kazimierza Sarbiewskiego TJ (1622—1625). Studium literacko-biograficzne / J. Warzawski. — Rzym, 1984. — 361 s.
  • Прыстаўка, Я. У. Моўныя сродкі досціпу ў трактаце Мацея Казіміра Сарбеўскага «De Acuto et Arguto» (Аб вастрыні і досціпе) (1619/1623) / Я. У. Прыстаўка // Веснік БДУ. Сер.4, Філалогія, журналістыка, педагогіка. — 2007. — № 1. — C. 57—64.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Паэты Вялікага Княства Літоўскага
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be