wd wp Пошук:

Мікалай Іванавіч Прашковіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Прашковіч. Мікола (Мікалай Іванавіч) Прашковіч (4 мая 1932, в. Гарадзішча Бярэзінскага раёна — 2 лютага 1983, в. Гарадзішча Бярэзінскага р-на) — беларускі літаратуразнавец, крытык, перакладчык.

Біяграфія

Скончыў у 1957 годзе філалагічны факультэт БДУ. Тры гады працаваў настаўнікам. У 1960 г. паступіў у аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Спецыялізаваўся па старажытнай беларускай літаратуры, затым працягваў вучобу ў Ленінградзе. Пасля сканчэння ў 1963 г. аспірантуры працаваў малодшым, а з 1969 г. старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры. У 1965 г. абараніў дысертацыю па творчасці С. Полацкага.

Некаторыя яго выступленні ў друку вылучаліся асаблівай палемічнай завостранасцю і атрымалі шырокі грамадскі рэзананс у Беларусі. Так, рэцэнзія М. Прашковіча на кнігу А. Коршунава пра А. Філіповіча (Полымя. 1965. № 12) выклікала рэзка адмоўную рэакцыю галоўнага афіцыёзнага гісторыка Л. Абэцэдарскага, ягоных аднадумцаў і паслужыла ў 1966 г. падставай для спецыяльнай навуковай дыскусіі ў Акадэміі навук па пытаннях беларускай дзяржаўнасці, ацэнцы ролі царкоўна-рэлігійнай уніі і інш. М. Прашковіч сябраваў з многімі патрыятычна настроенымі беларускімі пісьменнікамі і навукоўцамі, асабліва з Л. Геніюш, з якой перапісваўся і якую наведваў у Зэльве. Наладзіў сувязі з украінскімі патрыётамі. Калі ў пачатку 1970-х г. некаторыя з іх (М. Кацюбінская, З. Франко) былі абвінавачаныя ў нацыяналізме і пазбаўленыя работы, М. Прашковіч збіраў сродкі на дапамогу ўкраінскім сябрам.

Даверлівы, адкрыты і залішне эмацыянальны М. Прашковіч быў выкарыстаны савецкай дзяржбяспекай, пад пільным наглядам якой знаходзіўся, для дыскрэдытацыі некаторых патрыётаў, фабрыкацыі справы і выкрыцця ў 1973—1974 г. «гнязда беларускіх нацыяналістаў» у АН БССР, у выніку чаго пацярпела цэлая група беларускіх навукоўцаў[Крыніца?]. Па абвінавачанні ў беларускім нацыяналізме ў 1974 г. М. Прашковіч быў звольнены з работы ў АН БССР. Пэўны час заставаўся беспрацоўным, затым працаваў грузчыкам, карэктарам у часопісе «Родная прырода» і газеце «Вечерний Минск». У 1982 г. па стане здароўя пакінуў работу. Трагічна загінуў у час пажару ў роднай вёсцы.

Выбраная бібліяграфія

  • Беларуская паэзія канца XVI — пачатку XVII ст. // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1964. № 2.
  • Францішак Скарына — беларускі першадрукар. Мн., 1970.
  • «Лямент…» на смерць Лявона Карповіча // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1974. № 1.

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be