wd wp Пошук:

Мікола Лобан

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Лобан. Мікола (Мікалай Паўлавіч) Лобан (27 кастрычніка 1911, в. Чапліцы, Слуцкі павет, цяпер Слуцкі раён — 28 снежня 1984) — беларускі пісьменнік і мовазнавец. Заслужаны работнік культуры БССР (1974).

Біяграфічныя звесткі

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў 2-гадовыя педагагічныя курсы ў Слуцку (1931). Працаваў настаўнікам у вёсках Пласток, Таль на Любаншчыне (1931—1934), у мястэчку Шацк Пухавіцкага раёна, вёсцы Пярэжыр Рудзенскага раёна. У 1939 паступіў на філалагічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта, праз год перавёўся ў БДУ.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на Волхаўскім фронце. Быў двойчы паранены, дэмабілізаваны ў 1942. Адзін год выкладаў рускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе ў пасёлку Келераўка (Казахстан), зноў вучыўся ў БДУ, які скончыў у 1945.

У 1944—1967 — навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР, у 1967—1968 — загадчык рэдакцыі выдавецтва «Беларуская савецкая энцыклапедыя», у 1968—1978 — зноў у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа — загадчык сектара, навуковы супрацоўнік. Кандыдат філалагічных навук. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1950).

Творчасць, навуковая дзейнасць

Дэбютаваў апавяданнем у 1930. Аўтар аповесці «Іркуцянка» (1953).

У трылогіі «На парозе будучыні» (1964), «Гарадок Устронь» (1970), «Шэметы» (1981) праз выразныя і каларытныя чалавечыя характары адлюстраваў пераломныя перыяды ў гісторыі краіны з пач. ХХ ст. (рэвалюцыя, грамадзянская вайна, калектывізацыя, барацьба супраць фашызму ў Вялікую Айчынную вайну). Паказаў вясковае жыццё ў яго разнастайных, асабліва сацыяльна-бытавых праявах, перадаў складаныя і супярэчлівыя тэндэнцыі часу, ім створана разгалінаванае, напоўненае ўнутраным драматызмам сюжэтнае дзеянне, трапна выкарыстана жывая народная мова, экспрэсіўна-выяўленчыя магчымасці дыялектнага слова, характэрны стрыманы, лаканічна-дзелавы стыль.

Аўтар апавяданняў, мовазнаўчых даследаванняў, эсэ і крытычных артыкулаў па праблемах пісьменніцкага майстэрства, псіхалогіі творчасці. У 1984 выйшла кніга артыкулаў і эсэ «Пяць раніц тыдня». У 1986 — Выбраныя творы ў 3-х тамах.

Адзін са складальнікаў «Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), «Арфаграфічнага слоўніка» (з М. Р. Суднікам, 1948, 1961, 6-е выд. перапрацаванае і дапоўненае ў 1990), «Руска-беларускага слоўніка» (1953), «Беларуска-рускага слоўніка» (1962), кіраваў падрыхтоўкай «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5-ці тамах (1977-84, рэдактар т. І).

Пераклаў аповесць М. Горкага «У людзях» (з Э. Агняцвет, 1952).

Узнагароды

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І.Мележа за кнігу «Пяць раніц тыдня» (1985, пасмяротна).

Зноскі

  1. Mikola Loban // https://www.vle.lt/straipsnis/mikola-loban/

Літаратура

  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
  • Лобан Мікола // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі з рускай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі на беларускую мову
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be