Мікола Мятліцкі
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Мятліцкі.
Мікола Міхайлавіч Мятліцкі (20 сакавіка 1954, в. Бабчын, Хойніцкі раён, Гомельская вобласць — 27 лістапада 2021) — беларускі паэт.
Біяграфія
Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1977). Працаваў карэспандэнтам штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» (1977—1983), старэйшым рэдактарам рэдакцыі крытыкі, літаратуразнаўства і драматургіі выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1983—2002). У 2002—2014 гадах — галоўны рэдактар часопіса «Полымя».
Памёр 27 лістапада 2021 года[1].
Творчасць
Першы зборнік вершаў «Абеліск у жыце» выйшаў у свет у 1980 годзе. Выдаў кнігі паэзіі «Мой дзень зямны» (1985), «Ружа вятроў» (1987), «Горкі вырай» (1988), «Шлях чалавечы» (1989), «Палескі смутак» (1991), «Блаславенне» (1991), «Чаканне сонца» (1994), «Бабчын. Кніга жыцця.» (1996), «Бабчин. Книга жизни» (1997) і іншыя. Для дзяцей — вершы «Няправільныя санкі» (1991).
Шмат часу аддае перакладам паэзіі народаў свету. Сярод іх кніга паэзіі казахскага асветніка, першапраходца на ніве прыгожага пісьменства Абая «Стэпавы прастор». У 2012-м паэт выдаў анталогію «Пад крыламі Дракона: Сто паэтаў Кітая», затым пабачыла свет анталогія «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы: 100 паэтаў Кітая ХХ стагоддзя»[2].
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1981 года.
Узнагароды
- прэмія Ленінскага камсамола Беларусі (1986) — за зборнік вершаў «Мой дзень зямны»,
- Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1998) — за кнігу вершаў «Бабчын: Кніга жыцця», апублікаваную ў 1996 годзе,
- спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры,
- Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь (2019).
Зноскі
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- Мятліцкі Мікола (Мікалай Міхайлавіч) // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 508. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.