wd wp Пошук:

Мікулаш Конач

Мікулаш Конач з Ходзішкава (чэшск.: Mikuláš Konáč (Konáček) z Hodiškova; ? — 1546) — чэшскі друкар і выдавец першай паловы XVI стагоддзя, перакладчык, пісьменнік, паэт і публіцыст.

Біяграфія

Друкарскую дзейнасць пачаў у 1507 годзе ў Празе. Да 1511 года ў друкарні Конача з Ходзішкава надрукавана 8 кніг. З 1514 года пачаўся найбольш плённы перыяд дзейнасці Конача з Ходзішкава як выдаўца і друкара. З 1507 да 1528 года выдаў 40 назваў. Побач з творамі павучальнага, рэлігійнага-палемічнага і дзелавога зместу значнае месца ў друкаванай прадукцыі Конача з Ходзішкава належыць чэшскім перакладам і апрацоўкам твораў антычных аўтараў (Лукіян) і італьянскіх гуманістаў XIV—XV ст. (Дж. Бакача, Ф. Петрарка). Тры яго творы, у т. л. апрацоўка твораў Бакача, былі выдадзены пасля смерці ў Празе Янам Косаршскім у 1547 годзе. У 1510 годзе выдаў «Чэшскую хроніку» (пераклад з лацінскай) Энеа Сільвія Пікаламіні, будучага папы Пія II, дзе значная ўвага аддадзена гісторыі гусіцкага руху. Кніга мае вялікую колькасць ілюстрацый, выкананых у тэхніцы гравюры на дрэве: эпізоды з чэшскай гісторыі, з жыцця Яна Гуса, Яна Жыжкі і інш. У 1520 годзе Конач з Ходзішкава выпусціў на чэшскай мове кнігу Яна Гуса «12 артыкулаў» з гравюрнай выявай аўтара. Выдаў найбольш раннюю з вядомых друкаваных газет на чэшскай мове ў 1515 годзе.

Як друкар унёс значны ўклад у развіццё чэшскай паліграфіі і мастацтва кнігі. У 1514 годзе першы ў Чэхіі ўвёў тытульны ліст новага тыпу: з назвай кнігі, месцам выдання, імем друкара. Ліст быў надрукаваны ў 2 колеры — чорны і чырвоны, тэкст яго вылучаны шырокай рамкай з раслінным і зааморфным арнаментам. Тут быў і друкарскі знак Конача з Ходзішкава. Ён стаў шырока ўжываць аздобу тэксту ініцыяламі-буквіцамі, далучаючы да іх выявы кветак, птушак і чалавечых фігур. Усе віды кніжнай ілюстрацыі ў друкарні Конача з Ходзішкава выкананы ў тэхніцы гравюры на дрэве.

Імкненне Конача з Ходзішкава арыентавацца ў сваёй друкарскай дзейнасці на народную (чэшскую) мову было блізка Скарыне. У Празе яго дзейнасць працякала адначасова з дзейнасцю Конача з Ходзішкава, які жыў там. Гэта дазваляе меркаваць, што абодва друкары маглі ўступіць у кантакт.

Зноскі

  1. 1 2 3 Czech National Authority Database Праверана 23 лістапада 2019.
  2. Mikuláš Konáč z Hodiškova // NUKAT — 2002.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі XVI стагоддзя Катэгорыя·Пісьменнікі Чэхіі Катэгорыя·Публіцысты Чэхіі Катэгорыя·Перакладчыкі XVI стагоддзя Катэгорыя·Перакладчыкі Чэхіі Катэгорыя·Перакладчыкі на чэшскую мову
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be