Мікіта Найдзёнаў
Мікі́та Найдзё́наў (нар. 1990, Пінск, Брэсцкая вобласць, цяпер Беларусь) — беларускі паэт і музыка.
Фронтмен гурту Hurma, вядучы радыёшоў «Бульбагіт» на Мінскай хвалі і аўтар шэрагу песень розных артыстаў. Аўтар песень для ўласных музычных праектаў і для іншых выканаўцаў. У 2007 годзе стаў пераможцам Адкрытага моладзевага конкурсу «Дні беларускай і шведскай паэзіі» ў Пінску (Брэсцкая вобласць). У 2015 — уладальнік прэміі «Залаты апостраф» у намінацыі «Дэбют» за найлепшую публікацыю вершаў у часопісе «Дзеяслоў». У 2015 годзе выдаў зборнік 60 вершаў «Развітанцы».
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і рускага, але гадаваўся бяз бацькі. Пазней, у снежні 2016 года прысвяціў песню «Люк, я твой тата» адсутнасці бацькі ў сваім выхаванні[1]. Навучаўся ў школе № 14 Пінска (Брэсцкая вобласць)[2]. У дзяцінстве маці аддала Мікіту Найдзёнава ў музычную школу № 2 на гітару[3]. У 2007 годзе перамог на «Днях беларускай і шведскай паэзіі» ў Пінску і ў якасці ўзнагароды падарожнічаў у Швецыю. У 2008 годзе паступіў у Інстытут журналістыкі БДУ, які скончыў у 2013 годзе[4]. У 19 гадоў пачаў пісаць на беларускай і слухаць песні па-беларуску, бо зацікавіўся беларускай літаратурай[3]. Пазней у красавіку 2017 года Мікіта Найдзёнаў адзначаў: «З Някляева практычна для мяне пачыналася беларуская паэзія, ды і беларускае слова наогул»[5]. У 2013 годзе паступіў у магістратуру БДУ. У 2014 годзе ўладкаваўся вядоўцам на Радыё «Беларусь». Адначасна быў лідарам музычнага гурта «Хурма»[4]. Назву гурта ўтварылі ад скароту імёнаў першых удзельнікаў — Харытон, Уладзімір, Раман, Мікіта і Андрэй[6]. У 2015 годзе паступіў у аспірантуру БДУ[6].
2 сакавіка 2018 года адзначыў: «Апошнія некалькі гадоў жыву фактычна тым, што працую сонграйтэрам для розных артыстаў. Магу нават сказаць, што паволі беларусізую нашу эстраду»[7]. Адначасна працаваў вядоўцам перадачы «Бульбагіт» на радыё «Мінская хваля»[8].
Творчасць
У 16 гадоў пачаў пісаць песні і выступіў гітарыстам з гуртам «Чубіньё» на Дні моладзі ў Пінску[3]. У 2007 годзе 17-гадовым юнаком перамог на «Днях беларускай і шведскай паэзіі», якія ладзіліся ў Пінску[4]. 15 верасня 2013 года выступіў з акустычнай праграмай «Упасці» ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь з нагоды Дня горада[9]. 12 ліпеня 2013 года ў перадачы «Наша раніца» на «Агульнанацыянальным тэлебачанні» паведаміў, што адну з яго песняў сталі ставіць на 20 радыёстанцыях Расіі, а таксама на адной радыёстанцыі Чыкага ў ЗША[10]. У 2013 годзе яго музычны гурт «Хурма» атрымаў галоўную ўзнагароду фестывалю «Такія пернікі» і перамог на «Песні года», якую ладзіць «Агульнанацыянальнае тэлебачанне», у намінацыі «Беларускамоўны хіт». 3 снежня 2013 года гурт «Хурма» стаў пераможцам 1-га туру відэачарту «Тузіна гітоў» з кліпам «Давай на раз, два, тры»[11].
У студзені 2014 года ўпершыню размясціў цыкл вершаў у часопісе «Маладосць»[4]. 14 лютага 2014 года абнародаваў свае вершы ў газеце «Літаратура і мастацтва»[12]. 24 лютага 2014 года чэмпіёнка 14-га Сусветнага чэмпіянату па вакале Дыяна Громава прадставіла 1-ю беларускамоўную песню «Адкажы» на верш Найдзёнава[13]. 28 мая 2014 года ў клубе «Піраты» прадставіў сваю песню «Птушка» ў складзе гурта «Хурма»[14]. 28 мая 2014 года спявак Зміцер Нікановіч прадставіў у 16-м аўдыёчарце «Тузіна гітоў» песню «Ніколі», якую напісаў Найдзёнаў[15]. Пагатоў, Нікановіч перамог з гэтай песняй у 17-м аўдыёчарце «Тузіна гітоў»[16]. 6 жніўня 2014 года гурт «Хурма» прадставіў відэакліп на песню «Хопіць ламаць камедыю», якой Мікіта Найдзёнаў зняўся са спявачкай Верай Зверавай. Пастаўношчыкам кліпу выступіў Рыгор Пасрэднік[17]. У лістападзе 2014 года дэбютная нізка вершаў выйшла ў часопісе «Дзеяслоў»[18]. У лютым 2015 года выдаў другі цыкл вершаў у часопісе «Маладосць»[6].
9 лютага 2015 года 24-гадовым маладзёнам атрымаў прэмію «Залаты апостраф» у намінацыі «Дэбют» за вершы ў часопісе «Дзеяслоў». Пры ўручэнні ўзнагароду адзначыў: «Больш за ўсё ў мяне стаіць пытанне на тэму кахання. Гэтым я натхняюся»[19]. 19 сакавіка 2015 года прадставіў альбом «Рэпіт» з гуртам «Хурма» ў мінскім клубе «Джэк»[20]. 16 мая 2015 года выступіў на 15-м фестывалі «Маладзечна» ў якасці лідара гурта «Хурма». Увечары адыграў з гуртам у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску. Цягам больш як гадавой падрыхтоўкі гурт запісаў 9 з 10 песняў да альбому «Рэпіт», 8 з якіх былі новымі. За папярэднія 3 гады ў гурце «Хурма» змянілася больш за 10 музыкантаў. У склад гурта ўваходзілі басіст Максім Ганціеўскі, бубнач Зміцер Рынейскі, спявак Аляксей Куляшоў і нязменны гітарыст Яўген Кунічкін. Асноўную частку вершаў Найдзёнаў запісваў на тэлефон у Мінскім метро[3]. 22 чэрвеня 2015 года Дзмітрый Нікановіч прадставіў у відэачарце «Тузіна гітоў» кліп на песню «Ключы», якую напісаў Найдзёнаў[21]. У ліпені 2015 года абнародаваў у часопісе «Дзеяслоў» чарговую цыкл вершаў[22]. 19 кастрычніка 2015 года анансаваў выхад музычнага альбому «Рэпіт» гурта «Хурма» ў перадачы «Добрай раніцы, Беларусь!» на тэлеканале «Беларусь 1»[23]. 27 лістапада 2015 года ў складзе гурта «Хурма» прадставіў альбом «Рэпіт» у сталічнай «Пляцоўцы хол»[24].
Увосень 2015 года выдаў зборнік 60 вершаў «Развітанцы», большасць старонак якога прысвяціў каханню. У рыфмах прыбягаў да складаных, скразных сугуччаў, а таксама шырока карыстаўся алюзіямі і метафарамі[25]. У студзені 2016 года змясціў цыкл вершаў у часопісе «Маладосць»[26]. 23 сакавіка 2016 года на верш Найдзёнава «За табой» Вольга Сацюк і Зміцер Нікановіч выканалі кавер італьянскай песні Эраса Рамацоці і Шэр «Больш чым можаш» (італ. «Più Che Puoi»). Мікіта Найдзёнаў напісаў верш для конкурсу «Заспявай 3.0» у намінацыі «Беларускі пераклад»[27]. У маі 2016 года паведаміў: “рыхтуем новую песню на верш з «Развітанцаў», на якую будзем здымаць прыгожы кліп. Пра саму кнігу «Развітанцы» Недаверкаў адзначыў: «тут тое самае яркае і саспелае, што са мной адбывалася цягам 3-х гадоў, ранейшага няма. А наконт вокладкі — гэта буцінанка, зробленая Надзеяй Букай. Называецца „Не губляйце галавы“. Калі шчыра, то і цюльпаны, якія „не схаваю ў кватэры“, і танцы, і развітанне — усё ў гэтым вобразе». Урэшце паэт анансаваў: «Хутка можна будзе набыць электронную і аўдыёверсію зборніка ва ўсіх найбуйнейшых інтэрнэт-крамах і праз сайт kniharnia.by»[28]. 26 верасня 2016 года фонд «Вяртанне» і партал «Тузін гітоў» абралі Мікіту Найдзёнава пераможцам конкурсу «Заспявай 3.0» у намінацыі «Замежны пераклад» за кавер гіта Эраса Рамацоці[29]. 6 снежня 2016 года выйшаў відэакліп на песню «Люк, я твой тата», якую Найдзёнаў прысвяціў адсутнасці бацькі ў сваім гадаванні. Галоўную ролю ў кліпе рэжысёра Арцёма Лобача выканаў магілёўскі хлопчык Іван Клімовіч[1].
На чэрвень 2018 года напісаў 20 песняў. 12 чэрвеня 2018 года згадаў: «Са мной упершыню заспявалі па-беларуску Юзары, „Лайтсаўнд“, „Нутэкі“, Аляксей Грос. „Наві“ спявалі мой беларускі пераклад песні „1944“ Джамалы. Зараз гурт „Без Білета“ рыхтуе кавер на Эда Шырана ў маім перакладзе»[8]. 16 лютага 2019 года ў Вілейцы адбыўся «Спеўны сход», падчас якога ансамбль «Адэліта» мясцовай школы мастацтваў выканаў песні англійскага гурта «Бітлз» у перакладзе на беларускую Мікіты Найдзёнава[30]. Агулам Найдзёнаў пераклаў 16 песняў «Бітлз»[31]. 24 сакавіка 2019 года выступіў са сваімі вершамі ў грамадскай залы сабора Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку (ЗША) з нагоды святкавання Дня Волі[32]. 11 жніўня 2019 года на 4-м «А-фэсце» ў Лошыцкім парку Мінска прадставіў музычную віктарыну «Сам-Шазам» па адгадванні мелодыі на падставе яе ўрыўку[33]. 28 лютага 2020 года дуэт «Вел» выканаў на беларускім адборы на «Еўрабачанне» песню «Да відна», якую напісаў Найдзёнаў[34]. З гэтай песняй «Вел» перамог на нацыяльным адборы[35].
У маі 2020 года Ганна Шаркунова і Зміцер Вайцюшкевіч заспявалі кавер на песню Лэдзі Гагі і Брэдлі Купера «Плыткі» (анг. «Shаllоw»). Тэкст для каверу напісаў Найдзёнаў[36]. 14 студзеня 2021 года Зміцер Вайцюшкевіч прадставіў кліп на песню «Неверагоднасць», верш якой напісаў Найдзёнаў[37].
Крытыка
16 мая 2016 года паэт Андрэй Хадановіч у якасці журы конкурсу «Заспявай 3.0» выказаў захапленне песняй «За табой», напісанай Найдзёнавым: «у аўтара перакладу Мікіты Найдзёнава з калегамі выйшаў шыкоўны прадукт — хоць зараз запускай на беларускую эстраду і ўсе айчынныя тэлеканалы»[38]. 25 мая кіраўнік фонду «Вяртанне» Павел Бераговіч таксама пагадзіўся: «Канечне, цяжка змагацца ў намінацыі „Замежны пераклад“ з амаль бездакорным трыа Дзмітрыя Нікановіча, Вольгі Сацюк і Мікіты Найдзёнава»[39].
Кніга
- Развітанцы. — Мінск: Кнігазбор, 2015. — 76 с. — (Кнігарня пісьменніка). — ISBN 978-985-7144-13-6.
Зноскі
- 1 2 Шчымлівая гісторыя ад Мікіты Найдзёнава (нявызн.). Партал «Тузін гітоў» (24 жніўня 2017). Праверана 21 студзеня 2021.
- ↑ Мікіта Найдзёнаў. Мая Радзіма (нявызн.). «Маладзечанскае тэлебачанне» (28 студзеня 2019). Праверана 21 студзеня 2021.
- 1 2 3 4 Марыя Войцік. На лініі кахання: інтэлегентны рок // Літаратура і мастацтва : газета. — 17 красавіка 2015. — № 15 (4815). — С. 15. — ISSN 0024-4686.
- 1 2 3 4 Мікіта Найдзёнаў. А варыянт заўжды адзіны, калі ў радок кладуцца ямбы // Маладосць : часопіс. — Студзень 2014. — № 1 (722). — С. 13—15. — ISSN 0131-2308.
- ↑ Мікіта Найдзёнаў: з Някляева для мяне пачыналася беларуская паэзія (нявызн.). Газета «Новы час» (13 красавіка 2017). Праверана 21 студзеня 2021.
- 1 2 3 Мікіта Найдзёнаў. Бліжэй да раніцы // Маладосць. — Люты 2015. — № 2 (735). — С. 27-29.
- ↑ Давыдзенка. 7 маладых паэтаў і паэтэс Беларусі (нявызн.). Інтэрнэт-часопіс «34mag» (2 сакавіка 2018). Праверана 21 студзеня 2021.
- 1 2 Марта Мартынюк. Мікіта Найдзёнаў: «Баюся пераўтварыцца ў машыну па напісанні песень» (нявызн.). Партал «Нататнік» (12 чэрвеня 2018). Праверана 21 студзеня 2021.
- ↑ Таццяна Шымук. Адсвяткуем Дзень горада ў Мастацкім // Літаратура і мастацтва : газета. — 13 верасня 2013. — № 36 (4734). — С. 2. — ISSN 0024-4686.
- ↑ «Хурма» на АНТ (нявызн.). Гурт «Хурма» (12 ліпеня 2013). Праверана 21 студзеня 2021.
- ↑ «Сам галасую за сябе і раю іншым» (нявызн.). «Тузін гітоў» (3 снежня 2013). Праверана 21 студзеня 2021.
- ↑ Мікіта Найдзёнаў. Марока // Літаратура і мастацтва. — 14 лютага 2014. — № 7 (4756). — С. 4.
- ↑ Беларускамоўны дэбют Дыяны Громавай (нявызн.). «Тузін гітоў» (24 лютага 2014). Праверана 21 студзеня 2021.
- ↑ «Хурма» на АНТ: «Гэта жарт, а не пратэст» (нявызн.). «Тузін гітоў» (6 мая 2014). Праверана 21 студзеня 2021.
- ↑ Дзмітрый Нікановіч. Мова трэндова (нявызн.). «Тузін гітоў» (28 мая 2014). Праверана 21 студзеня 2021.
- ↑ Пераможцу «Тузіна гітоў» Дзмітрыя Нікановіча ўпадабаў Канстанцін Меладзэ (нявызн.). «Тузін гітоў» (30 чэрвеня 2014). Праверана 21 студзеня 2021.
- ↑ «Хурма» зняла «таннае амерыканскае порна» (нявызн.). «Тузін гітоў» (6 жніўня 2014). Праверана 21 студзеня 2021.
- ↑ Мікіта Найдзёнаў. Гэтага не зразумее ніхто апроч // Дзеяслоў : часопіс. — Лістапад-снежань 2014. — № 6 (73). — С. 173—178.
- ↑ Сяргей Сацюк. Лаўрэат «Залатога апострафа» Мікіта Найдзёнаў: Калі ты пішаш — гэта праўда — ты не можаш не пісаць (нявызн.). БелаПАН (10 лютага 2015). Праверана 21 студзеня 2021.(недаступная спасылка)
- ↑ Ганна Грыбцова. Гурт «Хурма» змяніў вобраз (нявызн.). «Тузін гітоў» (17 сакавіка 2015). Праверана 21 студзеня 2021.
- ↑ Гісторыя правінцыйнага рамантыка ад Дзмітрыя Нікановіча (нявызн.). «Тузін гітоў» (22 чэрвеня 2015). Праверана 21 студзеня 2021.
- ↑ Мікіта Найдзёнаў. Не яго дзен // Дзеяслоў. — Ліпень-жнівень 2015. — № 4 (77). — С. 92-105.
- ↑ «Добрай раніцы, Беларусь!». Гурт «Хурма» (нявызн.). Гурт «Хурма» (19 кастрычніка 2015). Праверана 21 студзеня 2021.
- ↑ Мікалай Янкойць. «Адразутак» лідара «Хурмы»: Ядвіга Паплаўская, Гвен Стэфані і Ксенія Сітнік. Секс не прапаноўваць (нявызн.). Партал «Куку» (27 лістапада 2015). Праверана 21 студзеня 2021.
- ↑ Мікіта Найдзёнаў. Развітанцы: Вершы (нявызн.) (недаступная спасылка). Саюз беларускіх пісьменнікаў (21 студзеня 2016). Архівавана з першакрыніцы 21 студзеня 2021. Праверана 21 студзеня 2021.
- ↑ Мікіта Найдзёнаў. Салёныя сны // Маладосць. — Студзень 2016. — № 1 (746). — С. 44-53.
- ↑ Мікіта Недаверкаў. Мікіта Найдзёнаў, Вольга Сацюк і Дзіма Нікановіч выканалі гіт Эраса Рамацоці па-беларуску (нявызн.). Газета «Наша ніва» (23 сакавіка 2016). Праверана 21 студзеня 2021.
- ↑ Выбітныя // Маладосць. — май 2016. — № 5 (750). — С. 4-10.
- ↑ Названыя пераможцы «Заспявай 3.0» (нявызн.) (недаступная спасылка). Фонд «Вяртанне» (26 верасня 2016). Архівавана з першакрыніцы 12 чэрвеня 2021. Праверана 21 студзеня 2021.
- ↑ Іван Мікалаеў, партал «Млын». У Вялейцы гіты «Бітлз» прагучалі па-беларуску (нявызн.). Прэс-цэнтр «Хартыя’97» (17 лютага 2019). Праверана 21 студзеня 2021.
- ↑ Наталля Казей. «Бітлз па-беларуску»: гіты легендарнага брытанскага гурта загучалі на матчынай мове (нявызн.). «Агульнанацыянальнае тэлебачанне» (23 лютага 2019). Праверана 21 студзеня 2021.
- ↑ Імпрэза да Дня Волі 2019 (нявызн.) (недаступная спасылка). Беларуска-амерыканскае задзіночанне (20 сакавіка 2019). Архівавана з першакрыніцы 26 студзеня 2021. Праверана 21 студзеня 2021.
- ↑ Вікторыя Целяшук. На А-фэсце ў Мінску зладзілі модны паказ і накармілі ўсіх мясам і музыкай (нявызн.). Газета «Звязда» (12 жніўня 2019). Праверана 21 студзеня 2021.
- ↑ Вікторыя Целяшук. Дванаццаць на адну: хто прадставіць Беларусь на «Еўрабачанні—2020» (нявызн.). Газета «Звязда» (26 жніўня 2019). Праверана 21 студзеня 2021.
- ↑ Яўгенія Шыцько. «ЛіМ»-люстэрка // Літаратура і мастацтва. — 6 сакавіка 2020. — № 9 (5065). — С. 3.
- ↑ Надзея Кудрэйка. Ганна Шаркунова: «Калі мяне называюць эстрадай, я крыўджуся» // Культура : газета. — 16 мая 2020. — № 20 (1459).
- ↑ Гераіня жаночага маршу пратэсту знялася ў кліпе «Неверагоднасць» да песні Вайцюшкевіча (нявызн.). Радыё «Свабода» (14 студзеня 2021). Праверана 21 студзеня 2021.
- ↑ Андрэй Хадановіч. «Кантакт музыкі з паэзіяй адбыўся» (нявызн.). «Тузін гітоў» (16 мая 2016). Праверана 21 студзеня 2021.
- ↑ Павел Бераговіч. «Інтанаванне перадусім» (нявызн.). «Тузін гітоў» (25 мая 2016). Праверана 21 студзеня 2021.
Спасылкі
- У сацыяльных сетках: Фейсбук, У кантакце, Ціўцер, Ютуб
- Мікіта Найдзёнаў (нявызн.). Музычны партал «Тузін гітоў» (28 верасня 2019). Праверана 21 студзеня 2021.
- Мікіта Найдзёнаў (нявызн.). Беларускі ПЭН-цэнтр (29 кастрычніка 2021). Праверана 21 студзеня 2021.(недаступная спасылка)
- Мікіта Найдзёнаў (нявызн.). Тэлеканал «Белсат» (28 верасня 2019). Праверана 21 студзеня 2021.
- Павел Свярдлоў. «Культурная сядзіба»: Мікіта Найдзёнаў, які піша беларускую эстраду па-беларуску (нявызн.). «Еўрарадыё» (2 сакавіка 2020). Праверана 21 студзеня 2021.