wd wp Пошук:

Уладзімір Някляеў

Уладзі́мір Прако́павіч Някля́еў (нар. 9 ліпеня 1946[3], Смаргонь, Гродзенская вобласць) — беларускі паэт, празаік і грамадска-палітычны дзеяч. Лідар грамадскай кампаніі «Гавары праўду!», кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года; палітычны зняволены. Лаўрэат шэрагу прафесійных і дзяржаўных узнагарод за літаратурную дзейнасць. Намінант на Нобелеўскую прэмію (2011).[4]

Біяграфічныя звесткі

Нарадзіўся 9 ліпеня[3] 1946 года ў горадзе Смаргонь Гродзенскай вобласці. Бацька — Някляеў Пракоп Міхайлавіч, рускі, па прафесіі механік. Маці — Магер Анастасія Іванаўна, беларуска. Пракоп Някляеў, ураджэнец сяла Прамая Балка[5] (цяпер у Дубоўскам раёне Валгаградзкай вобласці), па сканчэнні вайны быў накіраваны ў Заходнюю Беларусь. У мястэчку Крэва (Смаргонскі раён) пазнаёміўся з маці Уладзіміра і пабраўся з ёю шлюбам. Працаваў у Крэве старшынём сельсавета.

Дзіцячыя гады пражыў у Крэве. У 1962—1966 гадах вучыўся ў Мінскам электратэхнікуме сувязі.[6] Працаваў сувязістам на Поўначы, у Сібіры, на Далёкім Усходзе, радыёмеханікам у мінскім тэлевізійным атэлье. Займаўся на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве (1971). Завочна скончыў філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута (1973). У 1972—1975 гадах — літсупрацоўнік рэдакцыі газеты «Знамя юности», у 1975—1978 гадах — рэдактар бюлетэня «Тэатральны Мінск». З 1978 года — старшы рэдактар галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання, з 1987 года — галоўны рэдактар часопіса «Крыніца» («Родник»), штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1978). З’яўляўся сябрам Савета творчай і навуковай моладзі пры ЦК ЛКСМБ, сябрам Беларускага тэатральнага аб’яднання, Саюза журналістаў Беларусі.

Сябар Беларускага ПЭН-цэнтра (з 1989). З 1998 па 2001 гады — старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў.

У 1999 годзе выехаў у Польшчу. Жыў таксама ў Фінляндыі. Затым вярнуўся ў Беларусь.

Грамадска-палітычная дзейнасць

На чале Саюза пісьменнікаў

Пасля абрання старшынёй Саюза пісьменнікаў у Някляева ўскладніліся адносіны з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, які ўспрымаў кіраўніка творчага саюза як «начальніка над пісьменнікамі». У той час Лукашэнкам было падпісана пагадненне аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, да якога многія беларускія літаратары паставіліся адмоўна і публічна выказваліся супраць гэтага рашэння. Някляеў падпісаў Заяву Рады СБП, дзе пагадненне аб Саюзнай дзяржаве разглядалася як не адпаведнае Канстытуцыі, што стала пачаткам канфлікту паміж Лукашэнкам і Някляевым, у выніку якога Уладзімір Някляеў быў вымушаны на некалькі гадоў з’ехаць з краіны.

На 13-м пазачарговым з’ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў напярэдадні выбараў прэзідэнта Беларусі ў 2001 годзе Някляеў прапанаваў рэзалюцыю ў падтрымку кандыдата ад апазіцыі (прапанаваўшы вылучыць Зянона Пазьняка), у якой сцвярджалася, што Аляксандр Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу і не мае права вылучаццца кандыдатам у прэзідэнты, што яшчэ больш ускладніла ягоныя адносіны з кіраўніком краіны.

У 2005 годзе быў абраны на пасаду старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра. 10 красавіка 2009 года заявіў, што пакідае гэтую пасаду. Пераемнікам Някляева стаў Андрэй Хадановіч.

Кампанія «Гавары праўду»

25 лютага 2010 года Някляеў становіцца ініцыятарам і кіраўніком грамадскай кампаніі «Гавары праўду». Ён мяркуе, што ў беларускім грамадстве наспеў попыт на праўдзівую інфармацыю пра сітуацыю ў краіне, што ўлады хаваюць праўду альбо наўпрост хлусяць. Занавальнікамі кампаніі «Гавары праўду» сталі разам з Някляевым Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Генадзь Грушавы ды іншыя.

18 мая 2010 года Някляеў быў затрыманы праваахоўнымі органамі Беларусі разам з дзвюма дзясяткамі актывістаў кампаніі «Гавары праўду!», вызвалены 21 мая. З пратэстам супраць пераследу Някляева і яго паплечнікаў выступіў шэраг беларускіх і міжнародных арганізацый, палітыкаў і дзеячаў культуры.

27 жніўня быў падведзены прамежкавы вынік дзейнасці кампаніі. На прэс-канферэнцыі арганізатары паведамілі журналістам, што за перыяд ад пачатку кампаніі было праведзена каля 80 акцый у 33 гарадах і вёсках краіны. У выніку сабрана 55 тысяч подпісаў пад патрабаваннямі вырашыць шэраг мясцовых праблем. Уладзімір Някляеў заявіў, што актывісты здолелі дайсці са сваімі ініцыятывамі да грамадзян Беларусі, і сацыяльная накіраванасць кампаніі дапамагла людзям больш востра адчуць, што вырашаць праблемы неабходна на глабальным узроўні, у маштабах краіны. Ён сцвярджаў, што шэраг мясцовых чыноўнікаў спагадліва ставяцца да кампаніі «Гавары праўду».

Удзел у прэзідэнцкіх выбарах

Пасля старту кампаніі «Гавары праўду» шэраг аглядальнікаў выказалі меркаванні пра тое, што яна можа стаць трамплінам для кандыдата на пасаду прэзідэнта Беларусі. Някляеў адмаўляў меркаванні аб вылучэнні яго кандыдатуры да верасня 2010 года.

19 ліпеня на сустрэчы з беларускімі прадпрымальнікамі У. Някляеў абвясціў, што плануе стаць дэлегатам 4-га Усебеларускага народнага сходу, які меркавана адбудзецца ўвосень 2010 года. Гэты крок меў азначаць пераход кампаніі да дзейнасці ў палітычным полі. Паводле яго ўласнага сцвярджэння, сабраў 25 тысяч подпісаў за сваё вылучэнне, але на сход ён дапушчаны не быў.

2 верасня 2010 года Уладзімір Някляеў абвясціў пра свой намер вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта Беларусі на выбарах, што маюць адбыцца ў снежні 2010 года. 27 верасня 2010 года Цэнтральная выбарчая камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў зарэгістравала ініцыятыўную групу па вылучэнні Уладзіміра Някляева кандыдатам у прэзідэнты. Колькасць ініцыятыўнай групы склала 3 275 чалавек, было сабрана 193 829 подпісаў.

Увечары 19 снежня 2010 года ў раёне Нямігі па дарозе на Кастрычніцкую плошчу адбыўся ўзброены напад сілавікоў у масках на групу кандыдата ў прэзідэнты У. Някляева. Былі выкарыстаны света-шумавыя гранаты, канфіскавана гукаўзмацняльная апаратура. Сам кандыдат быў моцна збіты, пасля чаго дастаўлены ў шпіталь хуткай дапамогі з дыягназам чэрапна-мазгавая траўма сярэдняй ступені цяжкасці[7].

Ноччу з 19 на 20 снежня са шпітальнага ложка быў гвалтоўна забраны і вывезены супрацоўнікамі праваахоўных органаў[8]. Апынуўся ў СІЗА КДБ, быў абвінавачаны па артыкуле «Масавыя беспарадкі». З моманту збіцця 19 снежня 2010 года да свайго пераводу пад хатні арышт 29 студзеня 2011 года перанёс чатыры гіпертанічныя крызы, не меў магчымасці сустрэцца з адвакатам[9]. 11 студзеня 2011 года Amnesty International прызнала Някляева вязнем сумлення[10].

30 сакавіка 2011 года абвінавачванне было перафармуляванае на ч. 1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць гарамадскі парадак, ці ўдзел у іх). 20 мая 2011 года ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады.

23 ліпеня 2013 года рашэннем суда Ленінскага раёна Мінска вызвалены ад далейшага адбыцця пакарання. Суд адбыўся без удзелу ў ім і Някляева, і ягонага адваката, якіх запрасілі на дадзены працэс на 2 дні пазней, 25 ліпеня[9].

8 красавіка 2015 года Уладзімір Някляеў заявіў пра свой выхад з усіх апазіцыйных структур. Ён патлумачыў гэта «няздольнасцю апазіцыі»[11].

Пасля вызвалення

У маі 2015 года заснаваў рух «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі»[12].

Уладзімір Някляеў быў у складзе дэлегацыі беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў Варшаве, сустракаўся з польскімі палітыкамі, 23 сакавіка 2017 года была праведзеная дыскусія ў Сейме Польшчы[13]. Тым часам ён уваходзіў у склад Беларускага нацыянальнага кангрэсу, які ўзяў на сябе адказнасць за правядзенне Дня Волі 25 сакавіка ў Мінску[14]. У ноч з 24 на 25 сакавіка 2017 года па дарозе з Варшавы ў Мінск Уладзімір Някляеў быў затрыманы супрацоўнікамі АМАП на чыгуначным вакзале ў Брэсце і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС. Там у яго здарыўся гіпертанічны крыз, і хуткая дапамога даставіла хворага ў бальніцу[15].

У 2019 годзе знаходзіўся ў Швецыі, дзе атрымаў стыпендыю, а таксама бясплатнае пражыванне ў горадзе Лунд у рамках праграмы, накіраванай на пісьменнікаў, якія падвяргаюцца цэнзуры ці пераследу ў сваёй краіне[16].

Творчасць

Падчас прэзентацыі зборніка паэзіі «Знічы кахання» (2019 г.)

Дэбютаваў вершамі ў 1970 годзе. Аўтар кніг паэзіі «Адкрыццё» (Мн., 1976), «Вынаходцы вятроў» (Мн., 1979), «Знак аховы» (Мн., 1983), «Местное время» (М., 1983), «Наскрозь» (вершы і паэмы, 1985), «Дерево боли» (М., 1986), «Галубіная пошта» (Мн., 1987), «Вежа» (Мн., 1989), «Прошча» (Мн., 1996), «Выбранае» (Мн., 1998), «Так» (Мн., 2004), «Окно» (М., 2010), «Лісты да Волі» (Вільня, 2011), «Толькі вершы» (Мн., 2016), «Знічы кахання» (Варшава, 2019)[17].

Апошнім часам выступае пераважна як празаік (апавяданні «Хайбах», «Чмель і вандроўнік», «Залатая Арда», аповесці «Прага», «Няхай жыве 1 Мая» і інш.). Паводле аповесці «Вежа», часопіс «Полымя», 1988, А. Дударавым была напісана фантасмагарычная камедыя «Вавілон», пастаўленая Мікалаем Мацкевічам (1990).

Аўтар рамана «Лабух» (Мн., 2003), кнігі прозы «Цэнтр Еўропы» (Мн., 2008), рамана «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» (Мн., 2012), кнігі літаратурных эсэ «Знакі прыпынку» (Мн., 2013). Аўтар драмы «Армагедон» (часопіс «Полымя», 2010). Выступае як эсэіст.

У 2011 годзе Уладзімір Някляеў выдаў новую кнігу «Лісты да Волі»[18], у яе ўвайшлі творы, напісаныя падчас зняволення ў СІЗА КДБ — вершы і паэма «Турма». Кніга таксама ўтрымлівае прадмову аўтара і апошняе слова палітыка на судовым працэсе[19].

Раман «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» напісаны ў 2012 годзе. Яго непаўналетні герой прыязджае з правінцыі ў сталічны Мінск часоў хрушчоўскай адлігі. Ён вучыцца ў радыётэхнічным тэхнікуме, збліжаецца з дысідэнтамі — дакладней, звычайнымі стылягамі, якіх саветы трактавалі як ворагаў сістэмы, — закохваецца, сутыкаецца са злом, якое ўвасоблена ў КДБ[20]. За свой раман Уладзімір Някляеў стаў лаўрэатам першай прэміі імя Ежы Гедройца[21].

Яго творчасць адметная публіцыстычнасцю, дынамічнасцю паэтычнай думкі, канкрэтна-пачуццёвай вобразнасцю[22].

У перакладзе на замежныя мовы выйшлі кнігі «Галубіная пошта» (Польшча), «Паланэз» (Літва), «Чырвоны захад» (Фінляндыя), «Лісты да свабоды» (Швецыя) ды інш.

Водгукі

Філосаф і культуролаг Валянцін Акудовіч лічыць, што Някляеў разбурыў стэрэатып, што найлепшыя вершы паэт піша ў маладосці, паколькі эмоцыі ў чалавека больш моцныя ў маладыя гады. Акудовіч мяркуе, што напісаная Някляевым у сталым узросце паэма «Ложак для пчалы» — «найлепшае, што ён калі-небудзь напісаў, і адна з самых лепшых ува ўсёй беларускай літаратуры. Калі не найлепшая».

Адкрыццё творчасці Уладзіміра Някляева — гэта і праца, якая патрабуе натхнення, і палёт у захмар’е думкі і пачуцця. Бо аўтар акрылена працавіты, плён яго відзён.

Узнагароды

Зноскі

  1. Некляев празднует 65-летие // Naviny.by — 2011. — ISSN 2616-8715
  2. У. Някляеў. Кон. Вершы двух стагоддзяў. Мінск, 2010.
  3. 1 2 https://naviny.by/rubrics/society/2011/07/09/ic_news_116_371888 Архівавана 13 мая 2019.
  4. Белорусский ПЕН-центр выдвинет Некляева на соискание Нобелевской премии(руск.)  (недаступная спасылка). TUT.BY (17 лютага 2011). Архівавана з першакрыніцы 20 ліпеня 2019. Праверана 15 жніўня 2020.
  5. Шапран, Сяргей (2018). Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія. Смаленск: Інбелкульт. pp. 425. ISBN 978-5-00076-045-1. https://www.worldcat.org/oclc/1084628573.
  6. Уладзімір Някляеў. Вячэра(бел.) . Наша Ніва. Праверана 15 жніўня 2020.
  7. Менск 2011 Праваабарончы цэнтр «Вясна» Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2010 годзе
  8. Владимира Некляева из больницы забрали в милицию, заявила его жена
  9. 1 2 Уладзімер Някляеў
  10. ПРЕСС-РЕЛИЗ Архівавана 18 красавіка 2017.
  11. Владимир Некляев заявил о выходе из оппозиционных структур Архівавана 9 красавіка 2015. // TUT.by (руск.)
  12. Някляеў Уладзімір Пракопавіч
  13. Някляеў: Усе дактары глядзелі на смартфонах навіны з Мінска
  14. Спецслужбы знялі Уладзіміра Някляева ноччу з цягніка
  15. Някляеў удзячны брэсцкiм медыкам Архівавана 30 сакавіка 2017.
  16. nashaniva.by
  17. Грушэцкі, А. Знічы кахання на Каляды(нявызн.). Новы Час (30 снежня 2019). Праверана 11 студзеня 2020.
  18. Напярэдадні Дня Волі ў Мінску адбылася прэзентацыя кнігі Уладзімера Някляева «Лісты да Волі»
  19. Някляеў Уладзімір. Лісты да Волі
  20. nn.by
  21. Прэміяй імя Ежы Гедройца ўганараваныя Уладзімір Някляеў, Альгерд Бахарэвіч і Адам Глобус(нявызн.). Саюз беларускіх пісьменнікаў. Праверана 2 сакавіка 2013.
  22. БЭ ў 18 т. Т. 11. С. 407
  23. Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Драматургі Беларусі Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя·Паэты Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be