Міхал Борх
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Борх. Міхал Борх (польск.: Michał Borch; 11 студзеня 1806, Інфлянты — 6 лістапада 1881, Прэйлі) — пісьменнік, гісторык, бібліяфіл.
Біяграфія
Паходзіў са шляхецкага роду Борхаў герба «Тры каўкі». Борхі адносяцца да аднаго з самых старых шляхецкіх родаў з Інфлянтаў, куды яны перасяліліся з Вестфаліі, а туды з Паўднёвай Італіі. Быў сынам маршалка шляхты Віцебскай губерні Юзафа Генрыка Борха i Ганны з Багамольцаў. Нарадзіўся і жыў у спадчынным маёнтку Прэлі Дынабургскага павета (цяпер — Латвія)[4].
Як і бацька, выбіраўся маршалкам шляхты Віцебскай губерні[4]. У 1850 годзе гэта прывяло да вострага канфлікту з віцебскім генерал-губернатарам князем Андрэем Галіцыным[ru], які для «пользы Отечеству» пажадаў перамясціць Борха падалей у глыбінку. Праўда, ссылка доўжылася нядоўга, праз два месяцы яго «царскім загадам» вярнулі назад. За Міхала ўступіўся яго дваюрадны брат Аляксандр Борх[ru], дырэктар царскіх тэатраў[5].
Захапляўся бібліяфільствам. У сваім маёнтку сабраў вялікую бібліятэку, дзе знаходзілася шмат старадрукаў і каштоўных рукапісаў. Вышукваў бібліяграфічныя рэдкасці, матэрыялы па гісторыі ВКЛ, Польшчы, усёй славяншчыны. Перакладаў на французскую мову творы Адама Міцкевіча. Супрацоўнічаў з часопісам літаратараў Падзвіння «Рубон», які выдаваў краязнавец і літаратар Казімір Буйніцкі ў 1842—1849 гг. y Вільні[4]. У часопісе змясціў працы па гісторыі Падзвіння «Два словы пра Дзвіну», «Паведамленне пра былыя каталіцкія касцёлы ў Інфлянтах»[6]. У «Двух словах пра Дзвіну» («Dwa słowa o Dwinie», 1843), у якой расказаў пра свае пошукі назвы старадаўняй Дзвіны і змясціў верш, прысвечаны маршалку шляхты Віцебскай губерніі Марціну Карніцкаму. М. Борх уславіў у вершы старажытнасць Дзвіны. Паводле Борха, Дзвіна — рака, якая яднае людзей[7].
Апублікаваў там паэму «Герцыке» пра старажытную полацкую крэпасць. У 1843 г. закончыў вялікі — на 50-60 друкаваных аркушаў — твор пра жыццё святой Ефрасінні Полацкай, які так і назваў «Жыццё Ефрасінні»[4]. На жаль, не быў апублікаваны. Гэты твор Рамуальд Падбярэзскі ацаніў як «дзіўнае спалучэнне гістарычных поглядаў з рэлігійнымі», як «эрудыцыйна-аскетычную аповесць»[7].
Не дайшоў да нас і другі гістарычны твор Міхала Борха — «Рагнеда», жанр якога аўтар вызначыў як «нарманская аповесць»[4].
Падтрымліваў Міхал Борх жывую сувязь з паэтам з Віцебшчыны Тадэвушам Лада-Заблоцкім (1811—1847), які ў студэнцкія годы пісаў антыўрадавыя вершы, а пазней быў сасланы на Каўказ[5].
Сям’я
У шлюбе з Марыяй з Корсакаў (1807—1869), дачкой Яўсебія Корсака і Тэрэзы з Багамольцаў. Жонка даводзілася яму стрыечнай сястрой, бо Тэрэза і Ганна з Багамольцаў былі роднымі сёстрамі. Дзеці:
- Марыя (нар. 1836), у шлюбе з графам Янам Мышка-Халанеўскім (нар. 1836).
- Яўсебій (нар. каля 1840).
- Тэкля (каля 1840—1892), у шлюбе са Станіславам Янам Лапацінскім (1851—1933).
- Стэфанія (1847—1888), у першым шлюбе з Чайкоўскім, у другім з Уладзіславам Шадурскім.
Зноскі
- 1 2 Michał Borch // NUKAT — 2002.
- 1 2 Michał Borch // CERL Thesaurus — Consortium of European Research Libraries.
- 1 2 Michał Borch // MAK
- 1 2 3 4 5 Міхал Борх // Літаратура Беларусі XIX стагоддзя: анталогія / укладальнікі: К. А. Цвірка, І. С. Шпакоўскі, К. У. Антановіч. — Мінск: Беларуская навука, 2013. — 862 с.
- 1 2 Пакліканы гісторыяй — Яўзебі Лапацінскі № 5 (1497) 30.01.2021 — 06.02.2021 г
- ↑ Валерый Пазднякоў. Борхі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — 616 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
- 1 2 В. Ю. Бароўка. ЛІТАРАТУРНЫЯ СУВЯЗІ ВІЦЕБШЧЫНЫ І ЛАТГАЛІІ Ў ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ ХІХ СТАГОДДЗЯ
Літаратура
- Валерый Пазднякоў. Борхі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — 616 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
Спасылкі
- Міхал Борх // Літаратура Беларусі XIX стагоддзя: анталогія / укладальнікі: К. А. Цвірка, І. С. Шпакоўскі, К. У. Антановіч. — Мінск: Беларуская навука, 2013. — 862 с.