Міхал Крыспін Паўлікоўскі
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Паўлікоўскі. Міхал Крыспін Паўлікоўскі (1893 — 1972) — польскі празаік , журналіст і мемуарыст. Адносіўся да палітычнай групоўкі «віленскіх кансерватараў». Атрымаў празванне «храніст Вялікага Княства Літоўскага».
Біяграфія
Паходзіў з каталіцкага сярэднезаможнага шляхецкага роду Паўлікоўскіх, які ў XVIII ст. меў маёнткі ў Менскім ваяводстве. Яго бацька Казімір быў адвакатам, старшынёй Крэдытнага таварыства ў Мінску. Стрыечны брат Юзафа Мацкевіча[1].
Скончыў Мінскую гімназію (1913). У 1913—1917 гадах вучыўся на юрыста ў Пецярбургу.
Пасля заняцця Мінска польскімі войскамі ў 1919 годзе некаторы час быў сакратаром у камендатуры горада і супрацоўнікам Грамадзянскага ўпраўленне Усходніх зямель. У 1920 годзе служыў у якасці добраахвотніка ў 19-й лётнай зскадры, адкуль быў звольнены па хваробе. Вярнуўся да чыноўніцкай працы, на гэты раз у Брэсце. У 1923 годзе скончыў юрыдычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта.
Восенню 1924 года перабраўся ў Вільню, дзе працаваў у ваяводскім урадзе.
Карэспандэнт віленскай газеты «Słowo» — галоўнай газеты «віленскіх кансерватараў».
Быў заўзятым паляўнічым, доўгі час быў сакратаром, а потым віцэ-прэзідэнтам Паляўнічага таварыства Усходніх зямель і Паляўнічага таварыства Віленскага ваяводства, а ў 1934 увайшоў у склад кіраўніцтва Польскага саюза паляўнічых таварыстваў.
З 1938 года працаваў у Торуні, дзе кіраваў адным з аддзелаў у ваяводскім урадзе. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны разам з іншымі супрацоўнікамі быў эвакуіраваны да Дубна. На кароткі час быў арыштаваны савецкімі ўладамі. Пасля вызвалення накіраваўся ў Вільню і там супрацоўнічаў з «Gazeta Codzienna» Юзафа Мацкевіча. У маі 1940 года перабраўся ў Швецыю, дзе чакаў на французскую візу, але быў змушаны застацца, паколькі Францыя была акупіравана нацысцкімі войскамі. У Швецыі пачаў выдаваць «Wiadomości Polskie». У 1943 годзе ўжо ў Лондане, як супрацоўнік Міністэрства адбудовы і публічнай адміністрацыі.
У 1949 годзе пераязджае ў ЗША, дзе выкладае польскую і рускую мову ва Універсітэце Берклі. У 1962 годзе выходзіць на пенсію.
У 1966 годзе адзначаны за сваю літаратурную актыўнасць узнагародай Саюза польскіх пісьменнікаў на чужыне.
Памёр у 1972 годзе падчас адпачынку на Гавайскіх астравах, дзе і быў пахаваны.
Аўтар кніг «Sumienie Polski: rzecz o Wilnie i kraju wileńskim» (Лондан, 1946), «Dwa światy» (Лондан, 1952), «Dzieciństwo i młodość Tadeusza Irteńskiego» (Лондан, 1959)[2].
У сваіх успамінах Паўлікоўскі піша: «Маёнтак быў, як правіла, прыхільны да беларушчыны. З селянінам размаўлялі па-беларуску. Правільная і беглая беларуская гаворка была як бы своеасаблівым стылем. Заахвочванне беларускай мовы, фальклору і звычаю і клопат пра іх лічыліся адзіным плённым, і прытым легальным, спосабам змагання з русіфікацыяй»[3]. Успаміны Паўлікоўскага былі не толькі заўважаны, але і неадназначна ацэнены беларускай эміграцыяй. Так, Вітаўт Тумаш пісаў Юрку Віцьбічу, што там «народу беларускага, сялянства наагул няма, ён [Паўлікоўскі] яго быццам і ня бачыў… апісвае толькі польскія маёнткі ды менскія публічныя дамы»[4].
Зноскі
- ↑ Юрэвіч Л. Мэмуары… С. 22.
- ↑ Юрэвіч Л. Мэмуары… С. 87.
- ↑ Pawlikowski, M.K. Mińszczyzna… С. 301.
- ↑ Юрэвіч Л. Мэмуары… С. 24—25.
Літаратура
- Pawlikowski, M.K. Mińszczyzna, Pamiętnik Wileński / M.K. Pawlikowski; Polska Fundacja Kulturalna. — Londyn, 1972.
- Mackiewicz, J. Michał K. Pawlikowski // Wiadomości. № 34 (1377), 1972.
- Юрэвіч, Л. Мэмуары на эміграцыі: крыніцазнаўчае дасьледаваньне. ― Мінск, 2005.