Міхась Васілёк
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Касцевіч.
Міхась Васілёк, сапр. Міхаіл Восіпавіч Касцевіч (14 лістапада 1905, в. Баброўня, цяпер Гродзенскі раён — 3 верасня 1960; Псеўданімы: Язэп Гром) — беларускі паэт[1].
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і лесніка, пляменнік Макара Касцевіча (Краўцова). Сярэднюю адукацыю атрымаў у 1921 у Казлове (Мічурынску), дзе разам з бацькамі быў у бежанстве. У 1922 вярнуўся на радзіму.
Уступіў у Беларускую сялянска-рабочую грамаду. Арганізоўваў гурткі Таварыства беларускай школы. За ўдзел у рэвалюцыйным руху польскія ўлады неаднаразова арыштоўвалі і саджалі ў турму[1]. У 1939 быў мабілізаваны ў польскае войска, у час баёў трапіў у нямецкі палон[1]. У жніўні 1941 уцёк з палону, дабраўся да родных мясцін і ўключыўся ў падпольную барацьбу[1]. Кіраваў Скідальскім падпольным антыфашысцкім камітэтам, пад псеўданімам Язэп Гром выступаў у партызанскім друку.
Пасля вызвалення працаваў у скідальскай раённай газеце «Чырвоны сцяг» (1944—1946), пазней — у абласной газеце «Гродзенская праўда». Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1945).
Памер у Гродне, пахаваны на праваслаўных гродзенскіх могілках.
Творчасць
У друку выступаў з 1926[1] у віленскіх выданнях.
Першы зборнік лірыкі «Шум баравы» выйшаў у Вільні ў 1929 годзе. У 1937 годзе адміністрацыйная ўлада наклала на яго канфіскацыю[2]. Рукапіс другога зборніка быў канфіскаваны дэфензівай і знішчаны (1934). У 1937 годзе ў Вільні выйшаў зборнік «З сялянскіх ніў».
У савецкі час выдадзены кнігі паэзіі «Выбраныя вершы» (1950), «Выбраныя творы» (1955), «Зоры над Нёманам» (1963), «Вершы» (1973).
Ушанаванне памяці
У Горадні імем паэт названа вуліца, на якой стаяў дом паэта.
Зноскі
- 1 2 3 4 5 Василёк Михась // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 103. — 737 с.
- ↑ Chryścijanskaja Dumka, №5, 05.03.1937.
Літаратура
- Васілёк Міхась // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X.
- Міхась Васілёк // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Міхась Васілёк
- Віктар Ладзіч. Паэт небяспечны кожнаму рэжыму //www.euramost.org
- Вячаслаў Кот. Вуліца Васілька ў Гродна раней называлася Пясочная// «Гродзенская праўда», 16.04.09 Архівавана 22 сакавіка 2016.