wd wp Пошук:

Нарцыза Жмыхоўская

Нарцыза Жмыхоўская (польск.: Narcyza Żmichowska, поўнае імя: Narcyza Kazimiera Józefa Żmichowska; 4 сакавіка 1819, Варшава — 25 снежня 1876, Варшава) ― польская пісьменніца, паэтэса, грамадская дзяячка, адна з піянерак польскага фемінізму. Аўтарка фемінісцкага рамана «Паганка»[6].

Біяграфія

Нарадзілася ў Варшаве, куды прывезлі нараджаць ейную маці, якая памерла праз тры дні пасля родаў. Нарадзілася ў беднай памешчыцкай сям’і, якая страціла маёмасць з-за пазбаўлення спадчыны яе бабулі. Бацька Ян Жмыхоўскі быў пісарам на саляной капальні ў Новым Мясце над Піліцай. Выхоўвалася ў сваякоў на Падляшшы. Навучалася ў пансіянаце Зузаны Вільчынскай, а потым у Інстытуце гувернантак у Варшаве, дзе яе настаўніцай была Клеманціна Танска-Гофман. У 1838 годзе стала гувернанткай у сям’і графаў Замойскіх[7].

У Парыжы, куды яна паехала з сям’ёй Замойскіх, Жмыхоўская сустрэла свайго брата Эразма, эмігранта пасля Лістападаўскага паўстання. Значны ўплыў на Жмыхоўскую зрабілі яго левыя погляды і знаходжанне ў сям’і Замойскіх, у тым ліку крытычнае стаўленне да арыстакратыі[8].

На заклік і пад кіраўніцтвам брата яна пачала грунтоўную вучобу ў Парыжскай нацыянальнай бібліятэцы ў Францыі, вывучаючы творы Готфрыда Лейбніца, Ягана Фіхтэ, Аўгуста Шлегеля, Імануіла Канта, Фрыдрыха фон Шэлінга і Адама Міцкевіча. Яна была адной з першых жанчын, якая прысутнічала на пасяджэннях Французскай акадэміі [9].

Важнае месца ў яе інтарэсах займала барацьба за польскую незалежнасць. Знаходжанне ў Францыі цалкам змяніла яе: яна стала эксцэнтрычнай, смела выказвала свае погляды і паліла цыгары на публіцы. Выдатнае веданне французскай мовы і ўсебаковая адукацыя дазволілі ёй лёгка знайсці працу хатняй настаўніцай для чатырох дзяцей Станіслава Кісялецкага ў маёнтку пад Ломжай. Яна часта ездзіла ў Варшаву, дзе кантактавала з мясцовай інтэлігенцыяй[10].

З 1842 па 1845 год Жмыхоўская жыла ў Жэчыцы, дзе вяла нелегальную вясковую школу і напісала свой самы вялікі твор «Паганка»[6].

Пасля выяўлення г.зв. «змовы рамеснікаў» у 1849 годзе яна трапіла ў турму, а потым пад хатні арышт[6].

З 1844 па 1845 г. заставалася ў Вялікай Польшчы, дзе прадавала нелегальны друк па загадзе Польскага дэмакратычнага таварыства. У 1846 г. пераехала назад у Варшаву і ўстанавіла стыпендыі дзяўчатам[6].

Пасля смерці брата Жмыхоўская стварыла групу энтузіястак, у якую ўвайшлі эмансыпаваныя жанчыны з Варшавы, якія таксама ўдзельнічалі ў падполлі ў 1842–1849 гадах. На працягу многіх гадоў яна вяла інтымнае і асабістае ліставанне з сваёй вучаніцай Вандай Жэленьскай, а таксама з паплечніцай Бібіянай Марачэўскай. Гэтыя лісты і даследаванні яе твораў вельмі яскрава паказваюць лесбійскую арыентацыю аўтаркі[11].

Пасля Студзеньскага паўстання Жмыхоўская зноў паехала ў Парыж, дзе навучалася ў Сарбоне[6].

Яна памерла пасля вяртання на радзіму з-за цяжкай хваробы. Пахаваная на Паванзкоўскіх могілках у Варшаве[12].

Творчасць

Нарцыза Жмыхоўская планавала дэбютаваць у Парыжы ў прозе на французскай мове, але пачала літаратурную дзейнасць у Каралеўстве Польскім з паэзіі; і менавіта дзякуючы вершам набыла першапачатковую адносную папулярнасць. Паэзіяй займалася таксама, праўда, радзей і пасля выхаду рамана «Паганкі»[13]. У яе творчасці ўсё ж пераважала проза. Галоўная тэма яе самых ранніх твораў, датаваных першай паловай 1840-х гадоў, — пазіцыя творцы ў адносінах да мастацкіх і грамадскіх абавязкаў, паміж мастацтвам і справай[6].

Раманы Н. Жмыхоўскай закраналі сацыяльныя праблемы і паказвалі герояў, якія настойліва дамагаюцца сваёй мэты. Пісьменніца была прыхільніцай змены мэтаў нацыі: на змену рамантычным імкненням да незалежнасці, хутчэй асуджаным на правал, павінна было прыйсці задавальненне патрэбаў асобы як умовы грамадскага дабрабыту[14].

Адзіны завершаны раман Н. Жмыхоўскай — «Паганка» (у поўнай версіі выйшаў у 1846 годзе). Напісаны складанай для сённяшняга чытача мовай, ён, аднак, цалкам сучасны — яго структура амаль нагадвае постмадэрнісцкія эксперыменты XX стагоддзя. У пэўным сэнсе, гэта раман-шкатулка — чытаючы яго, вы адкрываеце для сябе новыя гісторыі і альтэрнатыўныя сэнсы[6].

Піянерка польскага фемінізму

Жмыхоўская была настаўніцай і выхавацелькай; яе погляды сфарміраваліся ў апазіцыі да поглядаў сваёй настаўніцы Клеманціны Танскай-Гофман, якую яна абвінаваціла ў «мужчынскім пункту гледжання», кансерватызме і адсутнасці патрыятызму. Жмыхоўская распрацавала праграму для навучання дзяўчынак. Яна лічыла, што жанчынам патрэбныя веды ў першую чаргу для таго, каб яны маглі прымаць свядомыя рашэнньі ў жыцці і выбіраць іншыя формы грамадскай дзейнасці, акрамя звычайных функцый жонкі і маці[14].

Жмыхоўская заахвочвала жанчын ствараць паміж сабой «сястрынскія сувязі», бо іх падзяляе агульны лёс (яна нават увяла назву такой сувязі: «posiestrzenie» (пасястэрства))[14].

Дзейнасць Жмыхоўскай звяртала ўвагу на ролю і значэнне адукацыі жанчын у грамадстве[14].

Творы

  • Poganka (рамантычны раман, 1846)
  • Książka pamiątek (раман на сутычцы рамантызму і пазітывізму, 1847-48 [часткі I-XII] i 1885 [часткі XIII-XIV], кніжнае выданне 1861)
  • Dwoiste życie
  • Czy to powieść?
  • Ścieżki przez życie
  • Biała róża (раман)
  • Wolne chwile Gabryelli tom 1
  • Wykład nauk przeznaczonych do pomocy w domowym wychowaniu panien
  • Pewność (вершы)
  • O Pawle Edmundzie Strzeleckim.

Зноскі

  1. 1 2 Czech National Authority Database Праверана 30 жніўня 2020.
  2. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  3. Narcyza Żmichowska // International Music Score Library Project — 2006. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. Narcyza Żmichowska // Brockhaus Enzyklopädie / Hrsg.: Bibliographisches Institut & F. A. Brockhaus, Wissen Media Verlag
  5. Narcyza Żmichowska // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  6. 1 2 3 4 5 6 7 Natalia Mętrak, Narcyza Żmichowska - Życie i twórczość, Culture.pl, grudzień 2016, https://culture.pl/pl/tworca/narcyza-zmichowska
  7. Anna Dziadzio, Była jedną z największych polskich feministek. Dlaczego nigdy o niej nie słyszałeś?, „opinie.wp.pl”, 26 października 2017, https://opinie.wp.pl/byla-jedna-z-najwiekszych-polskich-feministek-dlaczego-nigdy-o-niej-nie-slyszales-6179850923243137a
  8. T. Żeleński — Boy, Wstęp do: N. Żmichowska (Gabriella), Poganka, Wrocław 1950.
  9. Maria Woźniakiewicz-Dziadosz, Dzieje przyjaźni entuzjastek w świetle listów Narcyzy Żmichowskiej do Bibianny Moraczewskiej, https://web.archive.org/web/20050523132959/http://www.annales.umcs.lublin.pl/FF/2002_2003/31.pdf.
  10. Maria Woźniakiewicz-Dziadosz, Dzieje przyjaźni entuzjastek w świetle listów Narcyzy Żmichowskiej do Bibianny Moraczewskiej, https://web.archive.org/web/20050523132959/http://www.annales.umcs.lublin.pl/FF/2002_2003/31.pdf
  11. Barbara Winklowa, Narcyza Żmichowska i Wanda Żeleńska. Kraków 2004, s.11,12.
  12. Cmentarz Stare Powązki: NARCYZA ŻMICHOWSKA, [w:] Warszawskie Zabytkowe Pomniki Nagrobne, http://mbc.cyfrowemazowsze.pl/dlibra/docmetadata?id=52586&from=publication(недаступная+спасылка)
  13. “Poganka” Narcyzy Żmichowskiej.Geneza, źródła, artyzm i idea utworu; M. Mann, Warszawa, 1916, str.12-13.
  14. 1 2 3 4 Anna Dziadzio, Była jedną z największych polskich feministek. Dlaczego nigdy o niej nie słyszałeś?, https://opinie.wp.pl/byla-jedna-z-najwiekszych-polskich-feministek-dlaczego-nigdy-o-niej-nie-slyszales-6179850923243137a

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменніцы Польшчы Катэгорыя·Паэтэсы
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be