Патрык Мадыяно
Патры́к Мадыяно́ (фр.: Patrick Modiano; нар. 30 ліпеня 1945, Булонь-Біянкур) — французскі пісьменнік і сцэнарыст. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (2014).
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і французскага камерсанта яўрэйскага паходжання Альбера Мадыяно, са старога роду саланікійскіх сефардаў[5][6], і фламандскай камічнай актрысы Луізы Калпейн[fr]. Бацькі пазнаёміліся восенню 1942 года ў акупаваным немцамі Парыжы, у лютым 1944 года яны ажаніліся. Пад акупацыяй бацька займаўся нелегальным гандлем, жыў з фальшывымі дакументамі; маці выступала перад акупацыйнымі войскамі[7]. Брат Патрыка — Рудзі, памёр дзесяцігадовым у 1957 годзе, да 1982 года пісьменнік прысвячаў яму ўсе свае раманы[8]. Бацькі разышліся на пачатку 1960-х гадоў.
Вучыўся ў парыжскім Ліцэі Генрыха IV, дзе адным з выкладчыкаў быў сябра яго маці Раймон Кено, які далучыў Мадыяно да літаратурнага кола выдавецтва «Галімар», працягваў адукацыю ў ансійскіх ліцэі і каледжы.
У 1970 годзе ажаніўся з Дамінік Зерфюс, дачкой вядомага архітэктара Бернара Зерфюса; мае дзвюх дачок — Зіну (1974 г.н.), кінарэжысёра, і Мары[fr] (1978 г.н.), літаратара і спявачку[9].
Быў членам журы Канскага кінафестывалю (2000).
Творчасць
Яшчэ падчас вучобы ў Ліцэі Генрыха IV далучыўся да літаратурнага кола выдавецтва «Галімар». Першы раман «Плошча Зоркі» (1968) адразу прынёс Мадыяно вядомасць.
Да найбольш вядомых раманаў П. Мадыяно належаць «Плошча Зоркі» (1968), «Віла Журба» (1975), «Вуліца Цёмных Крамак» (1978), «Зніклы квартал» (1985), «З глыбіні забыцця» (1996), «Дора Брудэр» (1997), «Далягляд» (2010).
Практычна ўсе творы пісьменніка аўтабіяграфічныя і/або звязаныя з тэмай акупацыі Францыі часоў 2-й сусветнай вайны. У сваім інтэрв’ю ў кастрычніку 1975 года П. Мадыяно кажа, што «апантаны перадгісторыяй, мінулым», а «мінулае — гэта смутная і ганебная эпоха акупацыі». «Мой сюжэт — час», — дадаў ён у інтэрв’ю газеце «Монд» (ад 24 мая 1973 года).
Пры гэтым Мадыяно заяўляе: «Акупацыя ў маіх раманах мае мала агульнага з сапраўднымі 40-мі гадамі. Я ствараю атмасферу, якая нагадвае акупацыю, але ўрэшце не так ужо і да яе і падобна… У маіх першых трох раманах я апісваў не гістарычныя падзеі, а нявернае святло маіх вытокаў»[10]. Французскі крытык Ж. Брэнер піша, што «вядомая памяць Мадыяно — на праўдзе прадукт яго ўяўлення»[11].
Героі Мадыяно заняты пошукамі вытокаў, каранёў, вывучэннем мінулага для самапазнання. Гэта пакаленне непрыкаяных, «лішніх» людзей[12]. З творчасцю Мадыяно звязваюць распаўсюджванне моды на стыль «рэтра» і адмову ад палітычнай актуальнасці[13].
У раманах Мадыяна ствараецца пачуццё ірэальнасці, хуткацечнасці, двухсэнсавасці і таямнічасці бягучых падзей. Ён любіць выводзіць герояў, які ўспамінаюць, вывучаюць і расследуюць свае мінулае[14].
Пісьменнік звычайна не клапоціцца праўдападобнасцю і матывацыяй дзеянняў персанажаў[15], затое апантаны даследаваннем часу і ролі мастацтва, прызнаецца ў любові да Парыжу і сілы класічнай мовы, якая дысцыплінуе.
Мадыяно карыстаецца і парадуе ў сваёй творчасці стыль і прыёмы шмат якіх французскіх пісьменнікаў (Шатабрыян, Рэмбо, Русо, «новы раман» і рэгіяналісцкая літаратура), але найперш — Пруста і Селіна[16].
У 2014 годзе стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры. У заяве Нобелеўскага камітэту адзначана, што прэмія прысуджана «за мастацтва памяці, дзякуючы якому ён выявіў самы неспасціжны лёс людзей і раскрыў жыццёвы свет чалавека часоў акупацыі»[17].
Творы Мадыяно пераклалі на шмат якія мовы свету, іх ілюстравалі вядомыя мастакі (Семпэ, Жэрар Гаруст і інш.), не раз экранізавалі.
Бібліяграфія
П. Мадыяно аўтар 30 раманаў і сцэнарыяў, 9 твораў было экранізавана. Сам Мадыяно адзін раз зняўся ў другапланавай ролі ў фільме «Генеалогія злачынства» (Généalogies d’un crime).[18]
- 1968 «Плошча Зоркі» (La Place de l’Étoile). У тым жа годзе раман атрымаў прэмію імя Ражэ Нім’е (Prix Roger Nimier), у наступным — прэмію Фенеёна (Prix Fénéon)
- 1969 «Начны дазор» (La Ronde de nuit).
- 1972 «Бульварнае кольца» (Les Boulevards de ceinture). Вялікая прэмія Французскай Акадэміі (Grand Prix du roman de l’Académie française) у тым жа годзе.
- 1974 «Лакомб Люсьен» (Lacombe Lucien). Сцэнарый да фільма ў сааўтарстве з Луі Маль (Louis Malle). У наступным годзе фільм атрымаў прэмію BAFTA ў намінацыі лепшы замежны фільм.[18]
- 1975 «Віла Журба» (Villa triste). У наступным годзе прыз кнігагандляроў (Prix des libraires). У 1994 годзе экранізаваны Патрысам Лекантам, «Парфум Івоны» (Le Parfum d’Yvonne).[18] Раман перакладзены беларускай.
- 1977 «Сямейная хроніка» (Livret de famille).
- 1978 «Вуліца цёмных крамак» (Rue des boutiques obscures). Ганкураўская прэмія ў тым жа годзе.
- 1978 «Мадам суддзя» (Madame le juge), сцэнарый адной серыі з тэлесерыялу.[18]
- 1981 «Маладосць» (Une jeunesse). Раман — экранізаваны сцэнарый.[18]
- 1981 «Сцежкамі памяці» (Memory Lane).
- 1982 «Такія слаўныя хлопцы» (De si braves garçons). Раман экранізаваны ў сааўтарстве Міхаэлем Герсем (Mikhael Hers) у 2006 годзе пад назвай «Чарэль» (Charell).[18]
- 1985 «Зніклы квартал» (Quartier perdu).
- 1986 «Нядзеля ў жніўні» (Dimanches d’août). Экранізаваны ў 2001 годзе Мануэлем Пуайрэ (Manuel Poirier) у фільме «Я цябе кахаю» (ісп. «Te Quiero»).[18]
- 1988 «Катрын Серціцюд» (фр. Catherine Certitude).
- 1988 «Змякчэнне выраку» (Remise de peine).
- 1989 «Гардэроб дзяцінства» (Vestiaire de l’enfance).
- 1990 «Вясельнае падарожжа» (Voyage de noces).
- 1991 «Кветкі на руінах» (Fleurs de ruine).
- 1992 «Вандроўны цырк» (Un cirque passe). Раман экранізаваны ў тэлевізійную версію ў 2009 годзе, паводле сцэнарыя Жака Сантамарыя (Jacques Santamaria) пад назвай «Людзі, што праходзяць» (Des gens qui passent).[18]
- 1993 «Недарэчная вясна» (Chien de printemps).
- 1995 «Сын Гасконя» (Le fils de Gascogne). Экранізаваны сцэнарый.[18]
- 1996 «З даліны забыцця» (Du plus loin de l’oubli).
- 1997 «Дора Брудэр» (Dora Bruder).
- 1999 «Незнаёмкі» (Des inconnues).
- 2001 «Маленькая пярліна» (La Petite Bijou).
- 2003 «Начная прыгода» (Accident nocturne).
- 2003 «Добрай дарогі» (Bon voyage). Экранізаваны сцэнарый у сааўтарстве з Жан-Полем Рапено.
- 2005 «Радавод» (Un pedigree). Аўтабіяграфія.
- 2007 «Кавярня непрыкаянай маладосці» (Dans le café de la jeunesse perdue).
- 2010 «Гарызонт» (L’Horizon).
- 2012 «Начная трава» (L’Herbe des nuits).
- 2014 : “Каб бы ты не згубіўся ў квартале” (Pour que tu ne te perdes pas dans le quartier)
- 2017 : “Спячыя ўспаміны” (Souvenirs dormants)
Беларускія пераклады
- Віла Журба : Раман / Пер. з франц. Я. Максімюка // «Правінцыя» № 1-2, 2000.
- Прызнаньне ў каханьні
- Прыпаўзкам
Прызнанне
- Прэмія Фенеёна (1968) за раман «Плошча Зоркі»
- Прэмія Ражэ Нім’е (1968) за раман «Плошча Зоркі»
- Вялікая прэмія Французскай Акадэміі (1972) за раман «Бульварнае кольца»
- Ганкураўская прэмія (1978) за раман «Вуліца Цёмных Крамак»
- Літаратурная прэмія князя Манакскага (1984) за сукупнасць творчасці
- Міжнародная прэмія Чына дэль Дука (2010)
- Нобелеўская прэмія па літаратуры (2014)
Зноскі
- ↑ Patrick Modiano // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Patrick Modiano // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118784382 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 11 снежня 2014.
- ↑ LIBRIS — 2017. Праверана 24 жніўня 2018.
- ↑ Генеалогія сям’і Мадыяно
- ↑ The Genealogical Story of the Modiano Family: from 1570 to our days: Сям’я бабулі, Генрыеты Леві, паходзіла з Франкфурта.
- ↑ Ржевская, 1995, с. 654
- ↑ Ржевская, 1995, с. 654—655
- ↑ The Genealogical Story of the Modiano Family: from 1570 to our days
- ↑ Ржевская, 1995, с. 658
- ↑ Бреннер Ж. Моя история современной французской литературы. — М.: Высшая школа, 1994. — ISBN 5-06-003195-0 — С. 313.
- ↑ Андреев Л. Г. Литература Франции // Зарубежная литература XX века. — М., 2000. — С. 412—413.
- ↑ Ржевская, 1995, с. 663
- ↑ Бреннер Ж. Моя история современной французской литературы. — М.: Высшая школа, 1994. — С. 312—313.
- ↑ Ржевская, 1995, с. 664
- ↑ Ржевская, 1995, с. 655—656
- ↑ Нобелевскую премию по литературе получил Патрик Модиано // РБК
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Patrick Modiano (англ.). фільмаграфія. на сайце IMDb. Праверана 12 кастрычніка 2014.
Літаратура
- Lectures de Modiano // Textes réunis et présentés par Roger-Yves Roche. — Nantes: Defaut, 2009;
- Ржевская Н. Ф. Патрик Модиано // Французская литература 1945—1990. — М.: Наследие, 1995. — С. 654—665.
- Модиано П. Улица Тёмных лавок. Роман. (Пер. с фр. Марии Зониной. Предисловие Мориса Ваксмахера). — М.: Известия, 1987. С. 160. – (Библиотека журнала «Иностранная литература»).