Пётр Бластус Кміта
Пётр Бластусовіч (Бластус) Кміта (? — 1629/1632) — выдавец і паэт 1-й паловы XVII ст.
Біяграфія
Працаваў друкаром у Вільні ў друкарні Яна Карцана, свайго цесця. У 1611—1612 гадах Пётр Кміта трымаў у Вільні ўласную друкарню, дзе выдаў 5 кніг, у асноўным панегірыкі, пад імем па-бацьку — Бластусовіч або Бластус. Быў звязаны з арыянамі. У 1612 годзе перавёз друкарню ў Любчу і да канца 1620-х гадоў узначальваў Любчанскую друкарню, з 1614 года падпісваў выданні як Бластусовіч (Бластус) Кміта. Пераехаць з Вільнi ў Любчу, пад пратэкцыю апекуна кальвінізму гетмана польнага літоўскага Крыштафа Радзівіла, Пятра Кміту вымусіла нарастанне контррэфармацыйнага ціску. 3 1632 годзе выдаўцом Любчанскай друкарні быў сын Пятра Кміты — Ян Даніэль Кміта.
Дзейнасць Пятра Кміты мела выразны рэнесансавы характар, спрыяла папулярызацыі свецкай літаратуры. Да канца 1620-х гадоў Пётр Кміта выдаў у Любчы больш за 50 кніг на польскай i лацінскай мовах, некаторыя за ўласны кошт, у т.л. антычныя i гістарычныя творы, «Гісторыя іудзейскай вайны» І. Флавія (1617), першае ў ВКЛ выданне М. Стрыйкоўскага («Генеалогія, альбо Кароткае апісанне вялікіх князёў літоўскіх», 1626), творы па геаграфіі, медыцыне i ветэрынарыі, паэтычныя зборнікі («Жыццё сельскае i гарадское», 1620; «Прытчы Саламона» ў паэтычным выкладзе Язэпа Даманеўскага, 1623), «Прыказкі польскія» (1618) парэміёлага i паэта Саламона Рысінскага. Таксама выходзілі выданні рэфармацыйнага кірунку, у т.л. Статут кальвінісцкай гімназіі ў Слуцку (1628), творы дзеячаў рэфармацыйнага руху — сеньёра навагрудскага дыстрыкту Яна Зыгровіюса, рэктара віленскай школы Пятра Сестранцэвіча.
Сам Пётр Кміта супрацоўнічаў з Адамам Уладзіславіюшам з Кракава, прадстаўніком гэтак званай мяшчанскай літаратуры. Выдаў з уласнымі дапаўненнямі адну з найпапулярнейшых тым часам у ВКЛ кніг — «Апафегматы» Б. Буднага (1614). Вершы і прысвячэнні Пятра Кміты змешчаны ў палемічным творы Яна Ліцынія Намыслоўскага «Katalysis» («Каталісіс», Вільня, 1598), «Прыказках польскіх» С. Рысінскага, у творы М. Рэя «Люстэрка» (Вільня, 1606) і іншых.
Зноскі
Літаратура
- Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII wieku. Zeszyt 5. Wielkie Księstwo Litewskie // Opracowali A. Kawecka-Gryczowa, K. Korotajowa i W. Krajewski. — Wrocław-Kraków, 1959.