wd wp Пошук:

Ян Ліцыній Намыслоўскі

Ян Ліцыній Намыслоўскі (пач. 1560-х, Намыслаў, Сілезія — паміж 1633 і 1636) — вялікалітоўскі пратэстанцкі дзеяч, пісьменнік-палеміст і педагог.

Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі. У 1585 годзе стаў рэктарам арыянскай школы ў Іўі, заснаванай Лаўрэнціем Крышкоўскім. Распрацаваў вучэбную праграму школы, увёў у адукацыйны працэс некалькі новых прадметаў. Пасля смерці мецэната-арыяніна Яна Кішкі перабраўся ў Наваградак, дзе ў 1593 годзе ўзначаліў мясцовую арыянскую суполку. Зблізіўся з лідарамі сацыніянскага руху Сымонам Будным і Фаўстам Соцынам, сам прапаведаваў сацыніянства. Вёў палеміку з езуітам Марцінам Сміглецкім і кальвіністам Андрэем Воланам[1], удзельнічаў у дыспутах[2].

У 1586 годзе ў Лоскай друкарні выйшаў яго падручнік логікі «Дапаможнік для авалодвання вучэннем Арыстоцеля», у якім ён не прымаў боскасць Ісуса Хрыста, у 1589 годзе — зборнік вершаваных выказванняў павучальнага характару ўласнага сачынення «Сентэнцыі, неабходныя ў грамадскім жыцці». У 1592 годзе на польскай мове выдаў працу «Анатомія і гарманічнасць хрысціянскага чалавека» (не захавалася, у 1636 годзе перакладзена на нямецкую мову). У 1597 годзе выйшла яго «Зварот да братоў-евангелістаў», у якім Намыслоўскі заклікаў кальвіністаў да саюзу з арыянамі ў процідзеянні каталіцкай рэакцыі. У 1598 годзе выдаў палемічную працу «Каталісіс», скіраваную супраць шляхцічаў-кальвіністаў[1].

Грамадска-палітычныя і рэлігійныя погляды Намыслоўскага на працягу яго жыцця зведалі значныя змены, дайшло да таго, што ў 1615 годзе ён быў выключаны з сацыянскай абшчыны за атэізм[1]. Паводле поглядаў быў рацыяналістам, дэістам, выступаў за свецкае выхаванне, у якім асноўным лічыў гуманізм і вучэнне пра натуральную мараль[2]. У 1596 годзе погляды Намыслоўскага падвергліся адмысловай крытыцы ў кнізе галандскага тэолага Юніюса[2].

Зноскі

  1. 1 2 3 Казуля С. Намыслоўскі…
  2. 1 2 3 Лициний Намысловский, Ян…

Літаратура

  • Szczucki L. Jan Licyniusz Namyslowski // Studia nad arianizmem. Praca zbiorowa. — Warszawa, 1959. — S. 131—157;
  • Казуля С. Намыслоўскі Ян Ліцыній // Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя у 3 т. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 344—345. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0;
  • Лициний Намысловский, Ян // Новейший философский словарь / Под ред. А. А. Грицанова. — Мн., 2009;
  • Подокшин С. А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: Вторая половина XVI—нач. XVII в. — Мн., 1970;
  • Парэцкі Я. І. Іўеўскі педагог Ян Ліцыній Намыслоўскі // Беларуская літаратура. — 1983. — Вып. 11;
  • Парэцкі Я. І. Сентэнцыі іўеўскага пе­дагога // Полымя. — 1988. — № 8;
  • Парэцкі Я. І. Іўеўскі Ларошфуко // Культура. − 1992. — № 17, май.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Вялікага Княства Літоўскага
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be