Раман Карпавіч Сабаленка
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сабаленка.
Раман Карпавіч Сабаленка (15 кастрычніка 1907, в. Сабалі, Рэчыцкі павет, Мінская губерня, цяпер Брагінскі раён, Гомельская вобласць — 13 мая 1975, Мінск; Псеўданімы: Раман Заравы; Ромусь Заравы; Крыптанімы: Р. С.; С. Р.) — беларускі празаік, паэт, публіцыст.
Біяграфія
Першы верш апублікаваў у 1927 у газ. «Звязда». Пісаў нататкі ў гомельскую сялянскую газ. «Новая деревня». У 1929 скончыў Гомельскі педтэхнікум. У 1929—1931 служыў у Чырвонай Арміі. Пасля дэмабілізацыі працаваў стыльрэдактарам у газ. «Палеская праўда». У 1933—1935 вучыўся на вячэрнім аддзяленні Гомельскага педагагічнага інстытута. Арыштаваны ў снежні 1933, але справу закрылі. Другі раз арыштаваны 28.9.1937, але Сабаленка зноў быў выпушчаны. Член СП Беларусі з 1939. З пачаткам вайны мабілізаваны ў армію, ваяваў на Калінінскім фронце; намеснік камандзіра роты. Зноў арыштаваны і 13.07.1942 прыгавораны ваенным трыбуналам 39-й арміі да 10 гадоў пазбаўлення волі. Але 31.07.1942 прысуд быў адменены з-за адсутнасці складу злачынства. Накіраваны ў армію, ваяваў на 2-м Прыбалтыйскім фронце. У 1945—1953 працаваў загадчыкам аддзела культуры, намеснік галоўнага рэдактара баранавіцкай абл. газ. «Чырвоная звязда».
З 1953 у Мінску. Працаваў у газеце «Калгасная праўда», часопісе «Маладосць». У 1957—1966 намеснік галоўнага рэдактара штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва».
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі і медалямі.
Пахаваны на могілках у Заслаўі.
Творчасць
Дэбютаваў вершам у 1927 г. (газета «Звязда»). У 1935 г. апублікаваў паэму «Брагінь» (часопіс «Полымя»). Выдаў зборнікі вершаў «З родных крыніц» (1950) і «Мая эстафета» (1954).
Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Жменя зярнят» (апавяданні і нарысы, 1957), “Сустрэчы (1958), «Юнацтва ў дарозе» (1958), «Блакітнае ззянне» (1959), «Каралінцы» (1960), «Іду ў жыццё» (1961), «З пройдзеных дарог» (1962), «Паляўнічыя боты» (гумарыстычныя апавяданні, 1962). «Незамужняя ўдава. Былое застаецца ў сэрцы» (1905). «Пад дажджом і сонцам» (апавяданні, партрэты, 1966), «Спатканне пасля разлукі» (1971), «Роздум у дарозе» (1973), кнігі нарысаў аб дзеячах беларускай літаратуры і культуры «Колерамі вясёлкі» (1975).
Аповесці «Юнацтва ў дарозе», «Выпрабаванне сталасці» («Іду ў жыццё») і «Былое застаецца ў сэрцы» склалі трылогію «Іду ў жыццё». Выйшлі «Выбраныя творы» у 2 тамах (1967—1968), «Выбранае» (1977), «Творы» (1983).
Зноскі
- ↑ (unspecified title) Праверана 18 снежня 2021.
Літаратура
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
- Карпаў У. Раман Сабаленка: Літаратурны партрэт // Полымя. 1963, № 7
- Герцовіч Я. Заўжды ў дарозе // ЛіМ. 1967, 13 кастр.
- Шушкевіч С. Лета пісьменніка // Шушкевіч С. Выбр. тв: У 2 т. Мн., 1978. Т. 2
- Сабаленка Раман // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.