Раіса Андрэеўна Баравікова
Раіса Андрэеўна Баравікова (нар. 11 мая 1947, в. Пешкі, Бярозаўскі раён, Брэсцкая вобласць) — беларуская пісьменніца, перакладчыца.
Біяграфія
Нарадзілася ў сям’і служачага. Працавала літсупрацоўнікам у Быхаўскай раённай газеце «Маяк Прыдняпроўя». Скончыла аддзяленне мастацкага перакладу Літаратурнага інстытута ў Маскве (1971). Працавала рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм» (1971—1972). У 1972—77 — карэспандэнт газеты «Літаратура і мастацтва», у 1983—88 — літкансультант рэдакцыі газеты «Чырвоная змена». У 1996—2000 гадах намеснік, у 2000—2002 гадах галоўны рэдактар часопіса «Алеся». Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» (2002—2011). Супрацоўніца газеты «Літаратура і мастацтва» (2011—2012).
Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1977).
Творчасць
Дэбютавала ў друку ў 1960 годзе. У зборніках паэзіі «Рамонкавы бераг» (1974), «Слухаю сэрца» (1978), «Такое кароткае лета» (1981), «Адгукнуся голасам жалейкі» (1984), «Каханне» (1987), «Пад небам першага спаткання» (1990), «Люстэрка для самотнай» (1992) дамінуе тэма кахання, прага высокага духоўнага ідэалу, роздум пра час, абавязак перад сваім народам, долю жанчыны, пошук чалавечага шчасця. Эпізоды беларускай гісторыі адлюстраваны ў вострасюжэтнай драматычнай паэме «Барбара Радзівіл» (1992).
Самая істотная рыса паэтычнай творчасці — гранічная адкрытасць душы, прачулая музыка слова. Вершы і паэмы надзвычай эмацыянальныя, напоўненыя экспрэсіяй, вызначаюцца вытанчанасцю лірычных пачуццяў. Падсумаваннем яе творчай працы можна лічыць кнігі выбранай паэзіі «Сад на капялюшыку каханай» (1998), «Дрэва для райскай птушкі» (2007).
Аўтар аповесці «Кватарантка» (1980) пра моладзь, пошукі свайго месца ў жыцці. Выдала кніжку казак і апавяданняў для дзяцей «Галенчыны „Я“, альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў» (1990), зборнік апавяданняў «Вячэра манекенаў» (2002). Аўтар п’ес «Барбара Радзівіл» (паст. 1994), «Пятля часу» (1996).
Перакладае з рускай, украінскай і польскай моў.
Прэміі і ўзнагароды
- Літаратурная прэмія СП БССР імя А. Куляшова (1988) за кнігу лірыкі «Каханне».
- Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1994) — за кнігу паэзіі «Люстэрка для самотнай».
Літаратура
- Баравікова Раіса // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X.
- Раіса Баравікова // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
- Баравікова Раіса Андрэеўна // Бел.энцыкл. : у 18 т. Мінск, 1996. — Т.2. — С. 287.
- Куртаніч В. Што поспехі, што адчуванне ўлады супраць гарачай волі пачуцця?! // Вольга Куртаніч // Крыніца. Славянскі свет. — 2003. — № 2. — С. 202—214.
- Падліпская З. Яно і нараканне, і сонца, і пякучай цемры сплаў : духоўны свет лірычнай гераіні Р. Баравіковай / Зоя Падліпская // Роднае слова. — 2006. — № 3. — С. 11-13.
- Смаль В. А на душы і светла, і шчымліва: паэтычная сцяжына Р.Баравіковай / Вячаслаў Смаль // Полымя. — 2005. — № 11. — С. 188—194.
- Шынкарэнка В. Слухаць сэрцам / Вольга Шынкарэнка // Полымя. — 2002. — № 3/4. — С. 239—258.