wd wp Пошук:

Рыгор Мікітавіч Хацкевіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Хацкевіч. Рыгор Мікітавіч Хацкевіч (1 лютага 1911, вёска Ратуцічы, Барысаўскі раён, Мінская вобласць — 9 жніўня 1979, вёска Дакудава) — беларускі паэт, празаік, журналіст, педагог.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў Барысаўскі педагагічны тэхнікум (1930), потым завочна МВПІ. Настаўнічаў у Чэрвеньскім раёне. Працаваў у чэрвеньскай раённай газеце (1931—1933), настаўнічаў у Крупках (1933–1936).

Арыштаваны НКУС БССР 19 лістапада 1936 года. Паўтара года знаходзіўся ў Мінску пад следствам. 28 мая 1938 года беспадстаўна прыгавораны пазасудовым органам (Асобай нарадай пры НКУС) да 5 гадоў працоўна–папраўчых лагераў за «антысавецкую агітацыю». Этапаваны ў Цемнікоўскі канцлагер НКВД Мардоўскай АССР[1], потым адбываў пакаранне на Поўначы.

Вызваліўся ў 1946 годзе. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў школах Барысаўскага і Крупскага раёнаў (1947–1953). У 1953 годзе выехаў у Днепрапятроўск, працаваў настаўнікам (1953–1959).

10 чэрвеня 1957 года рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР.

Асабовая справа Хацкевіча № 10395-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Пасля рэабілітацыі вярнуўся ў родныя мясціны. Жыў на Барысаўшчыне, у Крупскім р-не; настаўнічаў. Апошнія гады пражыў у пляменніцы ў Мінску і сястры ў в. Дакудава (Крупскі раён).

Памёр 9 жніўня 1979 года, пахаваны ў в. Дакудава.

Творчасць

З вершамі ў друку выступіў у 1930 г. (газета «Піянер Беларусі»). Аўтар зборніка паэзіі «Налівайся, колас» (1932), кніжак вершаў для дзяцей «Наш пяты клас» (1962), «Бяроза на ўзлеску» (1977). Асобнымі выданнямі выйшлі аповесці «На золку» (1972) і «Хмары над лесам» (1980).

Зноскі

  1. ХАЦКЕВІЧ Рыгор Мікітавіч // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі з рускай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з украінскай мовы
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be