wd wp Пошук:

Станіслаў Шантыр

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Шантыр. Станіслаў Шантыр (7 верасня 1764, в. Горспля Полацкае ваяводства, цяпер Расонскі раён, Віцебская вобласць — 23 лютага 1847) — прэлат, член Санкт-Пецярбургскай духоўнай рыма-каталіцкай калегіі, празаік , мемуарыст, гісторык рэлігіі[2].

Біяграфія

Нарадзіўся ў в. Горсплі Полацкага павета, дзе бацька яго быў земскім суддзёй.

Калі ў 1779 годзе Станіслаў Чарневіч, тагачасны рэктар Полацкага езуіцкага калегіума, выклапатаў у імператрыцы Кацярыны II і мітрапаліта Станіслава Богуш-Сестранцэвіча дазвол на адкрыццё навіцыяту езуітаў у Полацку, сюды ў шматлікіх шэрагах здольнай моладзі 28 студзеня 1780 года паступіў і Шантыр. Ужо ў той час ён вызначаўся красамоўствам, жывым розумам, моцнай воляй, нязломным характарам[3].

Шантыр і сам уступіў у ордэн езуітаў і, дзякуючы сваім рэдкім здольнасцям і старанню, у хуткім часе вылучыўся з асяроддзя таварышаў[2].

У 1787 годзе Шантыр пачаў вывучаць тэалогію ў Полацкім езуіцкім калегіуме, але ўжо 8 чэрвеня 1788 года выйшаў з ордэна езуітаў. Гэта было выклікана, верагодна, тагачасным становішчам ордэна[3].

Таксама вучыўся Аршанскім езуіцкім калегіуме. Працаваў у Магілёве настаўнікам.

Стаўшы свецкім ксяндзом, Станіслаў Шантыр паспяхова ўздымаўся па іерархічных прыступках[3].

Скончыў Віленскі ўніверсітэт у 1805 годзе. Дабіўшыся вучонай ступені доктара багаслоўя(руск.) бел. і «абодвух праў(руск.) бел.», Шантыр быў. прызначаны канонікам смаленскім і магілёўскім[3].

Неўзабаве Шантыра наблізіў да сябе мітрапаліт Богуш-Сестранцэвіч, зрабіўшы яго кіраўніком сваёй канцылярыі [2]. Шантыр, які меў тады значны ўплыў сярод беларускіх іерархаў, атрымаў ступень прэлата і ўвайшоў у склад Рыма-каталіцкай духоўнай калегіі ў Пецярбургу, стаў яе асэсарам. Гэта быў кульмінацыйны момант у яго кар’еры і сяброўстве з Сестранцэвічам, бо з гэтага часу і ажно да смерці яны заставаліся заклятымі ворагамі[3].

У 1802 годзе, часова кіруючы, за адсутнасцю мітрапаліта, Магілёўскай архідыяцэзіяй, Шантыр стараўся зводзіць уніятаў у каталіцтва, запэўніваючы, што імператар Павел забараніў існаванне уніі і дазволіў усім уніятам перайсці ў каталіцтва. Як дбайны прыхільнік вучэння езуітаў, Шантыр не сышоўся з беларускім мітрапалітам Богушам-Сестранцэвічам, які не хіліўся да езуітаў, і стаў будаваць супраць яго падкопы[2].

Калі у 1805 годзе Сестранцэвіч прадставіў імператару Аляксандру I запіску аб стане царкоўнага лацінскага кіравання ў Расіі і праект пераўтварэння яго згодна з інтарэсамі дзяржавы, Шантыр, які быў на той час ужо прэлатам і старэйшым асэсарам Пецярбургскай рымска-каталіцкай духоўнай калегіі, дастаў подкупам копію гэтага праекта, напісаў на яго пярэчанні і здолеў так размясціць у сваю карысць обер-пракурора(руск.) бел. Свяцейшага сінода(руск.) бел. князя А. М. Галіцына(руск.) бел., што той перадаў гэтыя пярэчанні ўладару разам з прашэннем Шантыра[2]. З боку Шантыра гэта быў адважны крок, бо ўсе добра ведалі пра помслівасць Сестранцэвіча[3].

Усе меры, прапанаваныя Сестранцэвічам для ўтаймавання самавольства асобных прэлатаў і абмежавання злоўжыванняў каталіцкага духавенства, Шантыр ў сваім прашэнні патлумачыў адным славалюбствам мітрапаліта[2]. Шантыр расхвальваў дзейнасць Пецярбургскай духоўнай калегіі і запэўніваў, што каталіцтва ёсць самая надзейная апора самадзяржаўнага ураду, бо ён заснаваны на адзінаўладдзі; што Сестранцэвіч сваімі мерапрыемствамі хоча парушыць парадак, які спрадвеку склаўся, і што гэтая ломка можа вельмі неспрыяльна адбіцца на агульным ходзе дзяржаўнага жыцця. Довады Шантыра былі так умела падабраны і па-майстэрску замаскіраваны, што яму ўдалося цалкам пераканаць гасудара ў сваёй шчырасці, і несумненна карысны для ўнутранай палітыкі ўрада праект Сестранцэвіча было загадана пакінуць «да часу»[2].

Ужо ў наступным годзе Станіслава Шантыра выдалілі з Духоўнай калегіі і пазбавілі ўсіх бенефіцыяў. У 1808 годзе ён быў высланы ў Віленскую дыяцэзію, дзе атрымаў сціплую парафію ў Мілейчыцах. А калі ў 1811 годзе пасля смерці біскупа Цыпрыяна Адынца вызвалілася пасада кіраўніка Магілёўскай дыяцэзіі, Сестранцэвіч катэгарычна выступіў супраць прызначэння на яе Шантыра[3].

У 1815 годзе дзякуючы заступніцтву князя Адама Чартарыйскага[3], Шантыр быў прызначаны настаяцелем Слуцкага прыходу і актыўна ўзяўся прапаведаваць каталіцтва[2]. У русле сваіх езуіцкіх звычак, ён загадаў (у 1818 г.) пры выкладанні Закона Божага ў слуцкім вучылішчы выклікаць дзецям, большасць якіх не было каталікамі, што «ўсе веры, за выключэннем рымскай, праклятыя ад папы і, як гнілыя члены, адрынутыя ад грамадства верных», і сам з запалам даказваў з царкоўнай кафедры важнасць граху, у які ўпадаюць бацькі, якія даручаюць выхаванне сваіх дзяцей іншаверцам[2].

Памёр Станіслаў Шантыр 23 лютага 1847 ў Слуцку[4], дзе i быў пахаваны[5].

Літаратурная дзейнасць

Аўтар кніг на польскай мове «Казанне на пахаванні Ганны з Лускінаў Храпавіцкай…» і «Казанне ў дзень адкрыцця Магілёўскай губерні» (Полацк, 1802 г.). Ва «Успамінах пра маё жыццё і розныя ў ім здарэнні» (1846 г., рукапіс; зберагаюцца ў бібліятэцы імя Асалінскіх у Вроцлаве, Польшча) апісаны побыт і норавы сярэдніх слаёў насельніцтва Полаччыны 2-й паловы XVIII стагоддзя.

Напісаў мноства разваг, артыкулаў і прамоваў у віленскае выданне «Dzieje dobroczynności» за 1820—1822 гады, у тым ліку пра гісторыю Слуцка і каталіцкай царквы.

Надрукаваў важную даведачную па гісторыі каталіцкай царквы ў Расіі кнігу — «Zbior wiadomości o kościele і religji katolickiej w Cesarstwie Rossyjskiem od roku 1773 do 1826, zebrani z pism urzędowych, dokumentow i wlasnego widzenia» (т. 1—2, 1843 г., выдадзена пасля ў Познані ў 1843 годзе).

Захаваўся рукапіс, названы ім «Успаміны пра маё жыццё і розныя ў ім здарэнні…», датаваны 1846 годам[3].

Зноскі

  1. 1 2 Stanisław August Ursyn Szantyr // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Шантырь, Станислав // Русский биографический словарь : в 25-ти томах. — СПб.—М., 1896—1918.(руск.)
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 ПРАЛАТ СТАНІСЛАЎ ШАНТЫР
  4. STANISŁAW AUGUST URSYN SZANTYR

Літаратура

  • Шантыр Станіслаў // Асветнікі зямлі Беларускай X — пачатак XX ст. : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 2001. — С. 471.
  • Шантырь, Станислав // Русский биографический словарь : в 25-ти томах. — СПб.—М., 1896—1918.(руск.)
  • Шантырь, Станислав // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.
  • Estreicher, Bibliografja polska XIX stolecia
  • S. Orgelbrand(руск.) бел., «Enciklopedia Powszechna», выд. 1866 года, том 24; выд. 1903 г. т. 14
  • Spisek Lacinskiego Duchowienstwa Mohilewskiej Archi-Dyecezji, roku 1808, w Mohilevie
  • Lettres et opuscules inédits da comte Ioseph de Maistre. t. I, Paris, 1851, La Russie et Les Jésuites de 1772 à 1820 d’aprés des documents la plupart inédits par Henri Lutteroth, Paris 1854
  • Полное Собрание Законов Российской Империи. Собр. I, том XXVII, стр. 846—847; т. XXIX, стр. 1313
  • Морошкин М.(руск.) бел., «Иезуиты в России с царствования Имп. Екатерины II и до нашего времени», СПб., 1870, Часть II, стр. 246—253
  • гр. Д. А. Толстой, «Римский католицизм в России», СПб., 1876, т. II, стр. 164, 304, 358.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі XIX стагоддзя Катэгорыя·Пісьменнікі XVIII стагоддзя Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Пісьменнікі Расійскай імперыі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be