wd wp Пошук:

Станіслаў Іванавіч Богуш-Сестранцэвіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Богуш-Сестранцэвіч. Яго Высокапраасвяшчэнства Станісла́ў Іванавіч Бо́гуш-Сестранцэ́віч (3 верасня 1731, маёнт. Занкі Ваўкавыскага павета, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, цяпер Свіслацкі раён[2] — 1 снежня 1826, Санкт-Пецярбург) — беларускі[2] рэлігійны дзеяч, літаратар, навуковец[3]. Дзядзька В. Дунін-Марцінкевіча.

Біяграфічныя звесткі

Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і Богуш-Сестранцэвічаў уласнага герба. Яго бацька — міхнеўскі староста і старадубскі стражнік Ян Богуш-Сестранцэвіч (1678—1771), быў па веравызнанні кальвіністам. Маці — Карнелія Адзінец (1698—1773) — каталічкай. Па патрабаванні маці дзіцё было ахрышчана 5 верасня 1731 паводле рымска-каталіцкага абраду ў Заблудаве. Неўзабаве сям’я пераехала з Занкаў у Рале (30 км ад Кальварыі, цяпер тэрыторыя Літоўскай Рэспублікі). Там і прайшло дзяцінства будучага мітрапаліта[4].

Калі Станіславу было 7 гадоў, бацька наняў яму вандроўнага настаўніка П. Касарына, які ў суседнім фальварку Бурняны вучыў дзяцей мазырскага стольніка Яна Канарскага. Неўзабаве падраслі сёстры, і Касарын пачаў пераязджаць з аднаго фальварка ў другі разам са сваімі вучнямі. Адну чвэрць яны вучыліся ў Бурнянах, а на астатні час перабіраліся да Богушаў-Сестранцэвічаў. У 12 гадоў хлопчык пакінуў бацькоўскі дом, каб працягваць адукацыю. У 1743—1745 гадах Богуш-Сестранцэвіч вучыўся ў Кейданскім кальвінісцкім калегіуме і Слуцкай гімназіі. У чэрвені 1745 на пахаванні старадубскага харужага Воўка 13-гадовы вучань сказаў прачулую памінальную прамову, яна так уразіла кальвіністаў, што яны вырашылі накіраваць юнака на нямецкія землі для далейшай адукацыі[4].

У жніўні 1745 года Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч выехаў вучыцца ў Берлін. У дарозе быў абакрадзены ў адным з гатэляў Штатгарта Шчэцінскага. Не маючы сродкаў на існаванне, быў вымушаны пайсці на службу ў прускую армію. У Еўропе ў той час ішла вайна за «аўстрыйскую спадчыну». Богуш-Сестранцэвіч служыў афіцэрам у гусарскім палку. 15 снежня 1745 года ў бітве пад Касельдорфам быў цяжка паранены карцеччу ў правую руку. Яго даставілі ў берлінскі шпіталь, а 26 снежня 1745 года, крыху падлячыўшы рану, выпісалі і звольнілі з войска[4].

У Берліне Станіслаў пазнаёміўся з дамініканінам айцом Армандам, які ўладкаваў яго вучыцца ў гімназію Св. Іахіма. Вучыўся ва ўніверсітэтах Кёнігсберга, Франкфурта, Амстэрдама, Лондана. Служыў афіцэрам у гвардыі ВКЛ. Пасля выхаду ў адстаўку (1761) у чыне капітана, працаваў хатнім настаўнікам у Радзівілаў.

Магчыма, няўдалае каханне павярнула яго да царкоўнай кар’еры[2]. Скончыў Варшаўскую галоўную школу піяраў (1762) і ў 1763 годзе пасвечаны ў духоўнае званне, быў настаяцелем у Гомелі і Бабруйску, канонікам і епіскапам-суфраганам у Вільні.

Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай, 3 снежня 1773 года біскуп Богуш-Сестранцэвіч па ініцыятыве Кацярыны II стаў біскупам у «Беларускай дыяцэзіі», якая існавала з 1773 года, але не была зацверджана Ватыканам[3]. З кастрычніка 1773 года быў тытулярным біскупам Малінскім (Маляціцкім?) (Mallus). Жыў у гэты час у Абольцах, каля Оршы.

У 1780 годзе Кацярына II звярнулася да папы Пія VI па дазвол на стварэнне каталіцкага архібіскупства з цэнтрам у Магілёве. З 1780 года С. Богуш-Сестранцэвіч жыў у Магілёве. З 28 студзеня 1782 года стаў архібіскупам Магілёўскім[3]. Архібіскупства складалася з касцёлаў цэнтральнай частцы Расійскай імперыі, а таксама Магілёўскай, Віцебскай і Кіеўскай губерняў. Кацярына II абапіраючыся на С. Богуш-Сестранцэвіча, для якога дамаглася ад Папы права на знак кардынала, процідзейнічала пашырэнню ўплыву Ватыкана на Усходзе[3].

Спачуваў паўстанню 1794 года.

Мармуровы бюст С. Богуш-Сестранцэвіча ў Пецярбургу.

З 1798 года і да канца жыцця жыў у Санкт-Пецярбургу. З 1798 года — мітрапаліт усіх рымска-каталіцкіх касцёлаў у Расійскай імперыі, з 1801 — старшыня Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі.

Памёр на 96 годзе жыцця. Пахаваны ў Пецярбургу ў пабудаваным ім касцёле Св. Станіслава[2]. Да канца жыцця заставаўся архібіскупам Магілёўскім, мітрапалітам рымска-каталіцкіх цэркваў Расіі, адміністратарам Віленскай вакантнай епархіі, старшынёй рымска-каталіцкай духоўнай калегіі.

Уласную маёмасць завяшчаў сваякам. Бібліятэку (3 тысяч тамоў), грашовыя сродкі (20 тысяч рублёў), навуковыя рэчы і прылады — касцёлу Св. Станіслава ў Пецярбургу. Дом у Магілёве — Магілёўскай рымска-каталіцкай кансісторыі. Слуг архібіскупа спадкаемцы мусілі вызваліць з прыгону.

Кавалер ордэнаў Андрэя Першазванага, Аляксандра Неўскага, крыжоў Уладзіміра Вялікага і Ганны першай ступені, Белага арла, Святога Станіслава і Іаана Іерусалімскага.

Дзейнасць і творчасць

Касцёл Святога Станіслава ў вёсцы Маляцічы ў Крычаўскім раёне Магілёўскай вобласці, пабудаваны С. Богуш-Сестранцэвічам.

Быў прыхільнікам ідэй гуманізму і асветніцтва, спрыяў адкрыццю школ, развіццю кнігавыдавецкай справы.

Заснаваў Магілёўскую друкарню (1774), дзе выдавалася духоўная і свецкая літаратура, урадавыя пастановы. У 1783 годзе ў Магілёве адкрыўся заснаваны архібіскупам тэатр, кіраўніком якога быў А. Жукоўскі, мастаком — А. Главацкі. Паспяховая вёў гаспадарчую дзейнасць, заснаваў бровар і суконную фабрыку, у яго працавалі дывановыя майстры, меў аранжарэю ў Буйнічах.

Аўтар вершаў, казанняў і іншых дыдактычных твораў. Напісаў, паставіў і выдаў у Магілёве вершаваную трагедыю «Гіцыя ў Таўрыдзе» (1783), а таксама трагедыю ў пяці дзеях «Ора» (1788). У рукапісах засталіся паэмы «Выратаваны кароль» і «Аб узяцці Ачакава».

Апекаваў навуцы, сам працаваў у галіне гісторыі, філалогіі, медыцыны і інш. Выбіраўся членам Імператарскай Акадэміі навук, Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. У 1813—1823 гадах старшыня Вольнага эканамічнага таварыства[3]. У 1813 годзе часова быў прэзідэнтам Імператарскай Акадэміі навук.

Трымаўся «заходнерускіх» поглядаў[2]. У 1793 годзе выдаў у Магілёве сваю гістарычна-краязнаўчую працу «O Rosji zachodniej» (польск.) , якая стала першай «ластаўкай», абвясціўшай аб з’яўленні «западно-русизма», ён разгледзеў праблему паходжання беларусаў, украінцаў і рускіх. У гэтай невялікай кніжцы сфармуляваны асноўныя пастулаты ідэалогіі «западно-русизма»: беларускія землі са старажытных часоў былі складанай часткай адзінай рускай зямлі, беларусы — частка адзінага «рускага племені», якая мае толькі некаторыя адметнасці ў сувязі з яе гістарычным лёсам; падзелы Рэчы Паспалітай аднавілі страчанае адзінства рускіх земляў. Абгрунтаванне для свайго гістарычнага міфа С. Богуш-Сестранцэвіч чэрпаў з тагачаснай расійскай гістарычнай думкі, не прэтэндуючы на распрацоўку ўласнай гістарычнай канцэпцыі.

Аўтар «Гісторыі Таўрыды» (т. 1-2. Брауншвейг, 1800, руск. перакл. СПб., 1806), «Гісторыі сарматаў і славян» (т. 1-4. СПб., 1812).

Таксама, магчыма, С. Богуш-Сестранцэвіч быў аўтарам «Граматыкі літоўскай» са слоўнікам[2]. Праца не публікавалася, а рукапіс не знойдзены. А. Мальдзіс, а за ім Г. Каханоўскі, выказвалі думку, што пад «літоўскай мовай», мусіць, мелася на ўвазе беларуская, аднак С. Запрудскі паказаў, што ў раздзеле пра літоўскую мову сваёй «Гісторыі сарматаў і славян» С. Богуш-Сестранцэвіч дае словы ugnis, akis, wodas, bailus, bruwis, то-бок пад «літоўскай мовай» разумее менавіта літоўскую[5].

Захапляўся помнікамі старажытнасці, збіраў манускрыпты.

Галерэя

  • Іканаграфія Станіслава Богуш-Сестранцэвіча
  • Даўняя мініяцюраДаўняя мініяцюра
  • Ян Дамель, 1820Ян Дамель, 1820
  • Ю. Хрышчановіч, 1827Ю. Хрышчановіч, 1827
  • Ю. Хрышчановіч, 1849Ю. Хрышчановіч, 1849

Зноскі

  1. 1 2 3 4 Храневич К. И. Сестренцевич-Богуш, Станислав // Русский биографический словарь / под ред. А. А. Половцов — СПб.: 1904. — Т. 18. — С. 388–392.
  2. 1 2 3 4 5 6 Каханоўскі Г. Богуш-Сестранцэвіч… ЭГБ. Т.2. — С. 52.
  3. 1 2 3 4 5 Биографический справочник, 1982
  4. 1 2 3 М. Папоў (2007)
  5. Назвы беларускай мовы ў працах даследчыкаў пачатку ХІХ ст. // Беларуская мова і мовазнаўства: ХІХ стагоддзе. — Мн.: БДУ, 2013. — С. 97.

Літаратура

  • Богуш-Сестренцевич Станислав Иванович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 67. — 737 с.
  • Каханоўскі Г. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў 16—19 стст. — Мн., 1984. — С. 11—22;
  • Каханоўскі Г. Богуш-Сестранцэвіч Станіслаў Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 52;
  • Папоў М. Мітрапаліт Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч (1731—1826): Нарыс жыцця і царкоўнай дзейнасці // Веснік ГрДУ. Сер. І. — 2007. № 2. — С. 3—10;
  • Філіповіч І. Міфы і праўда аб Магілёве. — Магілёў, 1993. — С. 77—79;
  • Хаўратовіч I. Богуш-Сестранцэвіч Станіслаў Іванавіч. (3.9.1731 — 1.12.1826) // Мысліцелі і асветнікі. Энц.давед. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 185;
  • Яцкевіч З. Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч // «Веснік Магілёва», 11 снежня 1992.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be